«Не атрымлівае лекаў, і мы не ведаем, як дапамагчы». Палітвязень Анджэй Пачобут застаецца ў ПКТ


У Беластоку адбылася чарговая акцыя салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. На ёй віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі паведаміў, што Анджэй Пачобут дагэтуль застаецца ў ізаляцыі і не атрымлівае неабходных штодня лекаў, перадае Беларуская служба Польскага радыё.

У Беластоку праходзіла выстава, прысвечаная старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс і журналісту Анджэю Пачобуту. Беласток, Польшча. 2 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Гэта чарговая акцыя салідарнасці. Вось ужо трэці год мы тут збіраемся, нягледзячы ні на што: надвор’е, пара года, дождж, снег, мароз», – сказаў на пікеце ў Беластоку віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі.

Ён паабяцаў збірацца і далей, каб «нагадваць пра Анджэя Пачобута, які сядзіць у Наваполацку, які пакутуе, які не атрымлівае лекаў для сэрца, у яго кожны дзень запаволены рытм, у яго падымаецца ціск. І мы проста не ведаем, чым яму дапамагчы, акрамя як прыйсці сюды і ўсім пра гэта гучна сказаць».

Інтэрв’ю
Чаму рэжым Лукашэнкі хавае інфармацыю пра палітвязняў
2023.08.02 09:51

Актывіст польскай меншасці ў Беларусі і журналіст Анджэй Пачобут застаецца за кратамі з 25 сакавіка 2021 года. Сёлета ў лютым яму прызначылі 8 гадоў зняволення, а ў жніўні ў наваполацкай калоніі яго на паўгода перавялі ў памяшканне камернага тыпу.

«Сям’я атрымлівае ад яго лісты, але ў вельмі абмежаванай колькасці. З іх мы ведаем, што яго ўсё яшчэ трымаюць у штрафным ізалятары, што ён па-ранейшаму не атрымлівае лекаў, неабходных яму штодня. Мы ўсялякімі спосабамі намагаемся даведацца больш і ўсяляк сачыць за сітуацыяй», – адзначыў Занеўскі.

Паводле яго, на акцыях салідарнасці ўспамінаюць усіх палітвязняў у Беларусі:

«Тое, што мы сюды прыязджаем, што мы тут, значыць, што мы памятаем пра гэта. І гэта значыць, што мы не абыякавыя да таго, што ў Беларусі цяпер адбываецца беззаконне і людзі пакутуюць».

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у нашай краіне 1472 палітвязні, паводле ініцыятывы «Dissidentby», – 1702.

Hавiны
«Усё вельмі проста». Польшча назвала Лукашэнку ўмовы паляпшэння стасункаў
2023.08.12 10:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў