Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут бліжэйшыя 6 месяцаў правядзе ў памяшканні камернага тыпу


Жонка палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута Аксана паведаміла ў Фэйсбуку, што наступныя паўгода ейны муж правядзе ў ПКТ – памяшканні камернага тыпу.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Пра пакаранне ПКТ Пачобут распавёў у лісце, прычым першы ліст, дзе ён пра гэта пісаў, да сям’і не дайшоў, зазначае Аксана Пачобут.

У ПКТ журналіста кінулі за адмову ад працы, якую яму нельга выконваць праз стан здароўя.

«Фельчар адмовілася падпісаць даведку, што ён паводле стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, паколькі пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140, – распавядае жонка палітвязня. – Але на наступны дзень прыйшоў больш дасведчаны медык – лекар-тэрапеўт і падпісаў даведку, адправіў яго ў ПКТ. Цяпер падчас вымярэння ціску Анджэю не паказваюць лічбаў».

Ліст ад Анджэя Пачобута з калоніі.
Фота: Аксана Пачобут/Facebook

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. 8 лютага Пачобута засудзілі на 8 гадоў калоніі. Прысуд агучыў суддзя Гарадзенскага суда Дзмітрый Бубенчык.21 чэрвеня стала вядома, што палітвязня перавялі ў наваполацкую калонію № 1.

Hавiны
Кіраўнік МУС Польшчы: на дадзены момант няма ніякіх умоваў, каб вызваліць Анджэя Пачобута з турмы
2023.07.27 23:36

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў