Генеральная пракуратура Беларусі рыхтуецца да судоў над яшчэ 5 памерлымі. Іх абвінавачваюць у генацыдзе беларускага народу падчас Другой сусветнай вайны. Пра гэта распавёў генпракурор Андрэй Швед на выставе, прысвечанай генацыду беларускага народу ў адукацыйным цэнтры МНС.
Андрэй Швед нагадаў пра суд над памерлым Уладзімірам Катруком, які памёр у Канадзе ў 2015 годзе. У Беларусі яго прызналі вінаватым у генацыдзе. У Канадзе Катрука таксама падазравалі ў ваенных злачынствах, але доказаў не знайшлі. Падобныя суды будуць працягвацца, заявіў Швед.
«Сёння мы рыхтуем матэрыялы ў дачыненні да яшчэ не менш за пяць карнікаў, у тым ліку нашых калабарантаў, у тым ліку Серафімовіч быў такі садыст, які з 41-га па 44-ы год знішчаў мірнае насельніцтва, сваіх жа суграмадзян, і іншых карнікаў. І прысуды гэтых судоў будуць апублікаваныя», – сказаў ён.
Швед таксама абвінавачваў заходнія краіны ў нацызме.
«Фашызм – самае горшае зло, якое было ў гісторыі чалавецтва. Нічога не змянілася. Тыя ж лозунгі, іншыя словы. Зноў ля нашай мяжы, зноў узброеныя да зубоў [заходнія вайскоўцы. – Рэд.]», – кажа Швед. Аднак генпракурор не згадвае, што самая буйная вайна ў Еўропе пасля завяршэння Другой сусветнай вайны пачалася 24 лютага 2022 года ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі і пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Далей Швед увязвае нібыта нацызм на Захадзе з адсутнасцю «традыцыйных каштоўнасцяў».
«Хто б мог падумаць нават гадоў 10 таму ў самым страшным сне, што нам прыйдзецца ў нашу Канстытуцыю ўносіць норму, што сям’я – гэта мужчына і жанчына. Што мы павінны шанаваць гісторыю, берагчы яе. Важна змагацца за гістарычную праўду кожны дзень, змагацца ў розумах і сэрцах кожнага дзіцяці. Гэта наша агульная задача. Наша праца працягваецца і мы не спынімся, пакуль не завершым расследаванне ў поўным абʼёме», – працягвае Швед.
Тэму «генацыду беларускага народу» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі сталі актыўна падымаць неўзабаве пасля выбараў 2020 года. Самым заўзятым змагаром з «нацызмам» стаў менавіта Андрэй Швед. Ён нават выпусціў кнігу «генацыд беларускага народу». У ёй ён параўноўвае беларусаў, якія выйшлі на пратэсты з нацыянальнай сімволікай з фашыстамі.
Арсен Рудэнка belsat.eu