БРЦ даведаўся, як Беларусь з дапамогай фоташопу абыходзіць санкцыі Еўразвязу


Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) выявіў новы спосаб абыходу санкцыяў, якія забараняюць увоз беларускай драўніны ў Еўрапейскі Звяз. Як высветлілася, для гэтага трэба ўмець мінімальна карыстацца графічнымі рэдактарамі.

Абмежаванні на беларускую драўніну дзейнічаюць з чэрвеня 2022-га. Але пасля гэтага ў разы вырас імпарту ў ЕЗ драўніны з Казахстану (у 74 разы) і з Кыргызстану (амаль у 18 тыс. разоў). Як выявіў БРЦ раней, часткова гэта быў беларускі лес, які вывозілі ў Еўразвяз з дапамогай схемаў ускоснага рээкспарту. Пасля мінулага расследавання БРЦ ЕЗ узмацніў мытны кантроль і часткова закрыў кантрабандны канал паставак. Але як выявілася, мяжа Еўразвяза ўсё яшчэ адкрытая для беларускіх падсанкцыйных тавараў.

Імпарт драўніны з Казахстану ў ЕЗ за 2022 і 2023 гады паказаў выбухны рост да рэкордных амаль €126 млн. Да ўвядзення санкцый супраць беларускага лесу Казахстан амаль не займаўся такімі пастаўкамі, Беларусь жа штогод экспартавала драўніны на суму каля мільярда еўраў. Найбольшая частка паставак ідзе ў ЕЗ праз Польшчу. Імпарт у гэтую краіну летась вырас амаль у пяць разоў у параўнанні з 2022-м: з €14 млн да амаль €68 млн.

Hавiны
У Літве дзевяць кампаніяў падазраюць у дапамозе Беларусі і Расеі абыходзіць санкцыі
2023.05.30 16:51

Значны рост імпарту драўніны за апошнія два гады з Казахстану можа сведчыць аб абыходзе санкцый з боку Расеі і Беларусі, заявіў Пётр Гарстка з Польскай гандлёва-прамысловай палаты дрэваапрацоўчай прамысловасці:

«З моманту ўвядзення санкцыяў мы атрымлівалі сігналы ад нашых кампаніяў-чальцоў пра прапановы прадукцыі з драўніны паводле анамальна нізкіх коштаў. Або пароды, якая паказвае на расейскае паходжанне, напрыклад, лістоўніцы сібірскай. І калі мы даведаліся пра паспяховыя тэндары на пастаўку піламатэрыялаў дзяржкампаніям, дзе канчатковыя кошты былі анамальна нізкімі (нават ніжэйшыя за сабекошт сыравіны!), мы звярнуліся ў Міністэрства дзяржаўных актываў для прыняцця адпаведных захадаў для выпраўлення становішча, але пакуль не атрымалі адказу».

У Латвію Казахстан за 2023 год імпартаваў драўніны на суму ўтрая большую, чым годам раней: €11 млн супраць €3,5 млн. У Літву за 2022 год – на €10 млн, а за 2023-ы – на €5,5 млн. І гэта пры тым, што Казахстан сам вымушаны імпартаваць лес, больш за ўсё – з Беларусі і Расеі.

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі расследавальнікам дакументы, згода з якімі ў лютым 2023 года казахстанская кампанія «Nurr-electro» паставіла палісад польскай кампаніі «PLRBL». Але юрыст «Nurr-electro» сказаў, што такой здзелкі не было. Гэта ж заявіў і выканаўчы дырэктар польскай кампаніі-атрымальніка «PLRBL» Віталь Лешык, подпіс якога стаіць у дакументах. Пры гэтым незалежныя эксперты ў графічным дызайне адзначылі падробку пячатак і подпісаў, указаных у дакументах, у тым ліку пячаткі Камітэту дзяржаўных даходаў Міністэрства фінансаў Казахстану ў накладной.

Падробленыя пячаткі на дакументах.
Фота: investigatebel.org

Падробка дакументаў, заяўляюць у БРЦ, пацвярджае тое, што прынамсі частка паставак Казахстану ў ЕЗ – гэта кантрабанда беларускай падсанкцыйнай драўніны. На думку расследавальнікаў, драўніну маглі нават не вывозіць з Казахстану. Тым больш, што такой пастаўкі няма ў базе экспарту.

Перавознікам у дакументах пазначаная беларуская кампанія ТАА «Галарда». Там прызналі, што драўніну ім загрузілі ў Беларусі. У БРЦ мяркуюць адгрузка драўніны адбывалася са складу гэтага беларускага прадпрыемства ТАА «СА РБЛ», якое таксама згадаў працаўнік ТАА «Галарда». «СА РБЛ» спецыялізуецца на распілоўцы, габлёўцы і насычэнню драўніны. Адзіны ўласнік кампаніі – Алег Яновіч. Ён жа – старшыня праўлення польскай «PLRBL», якая павінна была атрымаць нібыта казахстанскі палісад. Аднак сам Яновіч на пытанні журналістаў адказваць адмовіўся, сказаўшы, што ў іх пра яго «памылковыя звесткі».

Hавiны
Улады паскардзіліся на балючы пошук новых рынкаў для дрэваапрацоўкі праз санкцыі
2023.03.01 16:45

Тая ж польская кампанія «PLRBL» у 2023-м заключала дамовы на пастаўку ў ЕЗ верагодна беларускай драўніны пад выглядам тавараў кіргізскага паходжання. У наяўных у журналістаў дакументаў за мінулы год не пазначана, што канкрэтна з’яўляецца прадметам здзелкі. Але ў падобных дамовах і інвойсах да іх за 2022-і, значыцца драўніна. Прыкладная сума здзелак – каля € 15 млн.

Геаграфія паставак паводле гэтых дамоваў за 2022-2023 гады шырокая: Польшча, Літва, Латвія, Славенія, Венгрыя, Францыя, Германія, Бельгія, Чэхія, Эстонія. У пагадненнях, якія выглядаюць як схемы абыходу санкцыяў для пастаўкі беларускай драўніны, маглі быць задзейнічаныя фірмы-пасярэднікі, кажуць у БРЦ. Гэтак, у снежні 2022-га «PLRBL» заключыла дамову з кіргізскай ТАА «Дезис», а праз месяц прадала тавар літоўскай «JSC Etoris».

У лютым і сакавіку 2023-га «PLRBL» купляла тавар у польскай фірмы «Pelina Pavel Bisliuk», якая рабіла закупы ў той жа кіргізскай «Дезис». У літоўскай «JSC Etoris» і польскай «Pelina Pavel Bisliuk» адзін і той жа дырэктар – Павел Біслюк. Амаль ва ўсіх інвойсах паставак дрэва польскай «PLRBL» іншым еўрапейскім кампаніям паходжанне дрэва паказвалася як кіргізскае. Пры гэтым і тут не абышлося без падробкі дакументаў, адзначаюць у БРЦ.

Падробленыя пячаткі на дакументах.
Фота: investigatebel.org

Таксама расследавальнікі выявілі, што польская «Pelina Pavel Bisliuk» у 2023 годзе парушала санкцыйнае заканадаўства, пастаўляючы фанеру з Расеі на даручэнне казахстанскай кампаніі «Kazfanera» у Польшчу. Кіраўніком «Kazfanera» і згаданай вышэй «Nurr-electro» з’яўляецца адзін і той жа чалавек – Есет Айтжанаў. Таксама сярод іншых партнёраў «PLRBL» знайшлася кампанія ТАА «ЧРК-Бишкек», якая ўжо трапляла ў поле зроку БРЦ як магчымы пастаўшчык падсанкцыйнай драўніны ў ЕЗ. Валодае гэтай кіргізскай кампаніяй былы беларускі вайсковец Усевалад Лябецкі.

У БРЦ высветлілі, што пастаўляе, верагодна, беларускую драўніну пад выглядам казахстанскай і кіргізскай польская кампанія «PLRBL». Прынамсі ў адной са здзелак першай краінай Еўразвязу, у якую гэты тавар выгружаецца, зʼяўляецца Польшча.

У Мытнай службе Польшчы паведамілі, што не маюць фізічнай магчымасці кантраляваць усе мытныя дэкларацыі і ўсе рахункі-фактуры.

Намесніца старшыні Камітэту аховы навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў і лясной гаспадарцы Польшчы Дарʼі Госэк-Папёлэк паведаміла, што разам з дэпутатам Сейму Мацеем Канечным звернецца ў МУС і Адміністрацыю для праверкі працэдураў, звязаных з санкцыямі.

МУС і Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў Літвы таксама паведамілі БРЦ, што распачалі правяранне.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з польскім выданнем Gazeta Wyborcza, праектам украінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» «Схемы», пры падтрымцы «Кіберпартызан».

Аб’ектыў
Міністр прагаварыўся: круглы лес актыўна прадаюць за мяжу
2023.11.28 21:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў