Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову, якая падвышае так званыя сутачныя – выплаты за камандзіроўку ў межах Беларусі. Пастанову афіцыйна апублікавалі 26 сакавіка. Яна ўносіць змены ў парадак кампенсацыі выдаткаў на камандзіроўкі, прыняты ў 2019 годзе. Кансалідаванай версіі правілаў яшчэ не публікавалі.
Пастанова не толькі падняла памер сутачных з 9 да 12 рублёў. Цяпер Міністэрства працы і Міністэрства фінансаў маюць штогод да 1 сакавіка пераглядаць памер гэтых выплатаў. Таксама ўнеслі змены ў некаторыя правілы камандзіровак.
У загадзе аб накіраванні ў камандзіроўку маюць пазначаць месца, мэту, тэрмін паездкі і іншыя звесткі. Месца пражывання можа быць не ў тым жа населеным пункце, куды адкамандзіравалі працаўніка, і тады працаўнік можа атрымаць кампенсацыю за праезд да месца працы, калі дасць наймальніку пацвярджальныя дакументы. За праезд маюць кампенсаваць выдаткі за рэгулярныя рэйсы і толькі за фактычную цану квітка, калі ж квіткоў няма, то кампенсуюць 0,1 базавай велічыні (4 рублі) за праезд у кожны бок за кожны дзень камандзіроўкі.
Калі працаўнік жыве не ў гатэлі, то таксама можа атрымаць кампенсацыю, але не вышэй за цану нумара першай катэгорыі ў гатэлі адпаведнага населенага пункту або бліжэйшага, калі ў тым самым населеным пункце няма гатэлю.
Пры праездзе за мяжу Беларусі будуць кампенсоўваць сплату збору і аплату за рэгістрацыю ў электроннай чарзе, кампенсаваць выдаткі на абмен валюты.
Алесь Наваборскі belsat.eu