«Выкінуць са свайго жыцця ціхароў». «BY teatr» паказаў на Дзень Волі свой першы спектакль – «Жнівень»


Праект «BY teatr» прэзентаваў у Варшаве на Дзень Волі спектакль «Жнівень» («August»). Тэатральнае дзеянне адбываецца ў Менску ў жніўні 2020-га. Гэта пункт адліку новага часу і новага календара для герояў п’есы, паводле якога 25 сакавіка 2023 года насамрэч – 966 жніўня. Бо жнівень для нас не скончыўся. Спектакль стаўся квінтэсенцыяй болю і адчаю, зафіксаваных непрыкметным ціхаром на камеру. «Белсат» пабываў на прэм’еры.

Спектакль «Жнівень» («August»). Варшава, Польшча, 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Усё абнуляецца

Прэмʼера «Жніўня» адбылася 25 сакавіка ў невялікай зале Тэатральнага інстытуту імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве. Гэта гісторыя звычайнай менскай сямʼі. Стаіць жнівень 2020-га. Косця і Алена прыглушана размаўляюць пра тое, што адбываецца за вокнамі. З вуснаў сужэнцаў гучаць мацюкі, шмат мацюкоў. Бо для таго, каб апісаць рэальнасць («Пекла проста, Лена»), якая разгортваецца вонкі, нейтральных словаў ужо бракуе. Усё абнуляецца.

«Абнуленне, абнуленне, абнуленне. Зараз хіба паняцці, словы, думкі – усё гэта нічога не вартае. Зараз нічога не вартае…» – кажа Алена.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

За вокнамі гучаць выбухі, а недзе ў спальні глядзяць свае нявінныя сны дзеці герояў, старэйшы з якіх у верасні мае пайсці ў першы клас у тую самую гімназію, у якой бацькі былі назіральнікамі на нядаўніх выбарах.

«Яны пайшлі ўжо і па назіральніках. Што рабіць будзем?..» – пытаецца Косця.

Усё, што адбываецца на сцэне, здымае на камеру непрыкметны чалавек у чорным адзенні і масцы, на якога глядач спачатку хіба не звяртае ніякай увагі. Толькі потым разумееш, наколькі дʼябальскую ролю адыгрывае гэты персанаж, які не знікае са сцэны аж да самага фіналу. Больш за тое, напрыканцы пʼесы займае ў ёй цэнтральнай месца.

Ціхар, без якога беларускую палітычную і сацыяльную (а ўжо і тэатральную) сцэну ўявіць сабе ўжо складана.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Жнівень – сонечны ўдар для кожнага»

Чалавек у масцы фікусе ўсё – і буйнымі планамі перадае на экран (пад ім – букет крывава-чырвоных ружаў). Менавіта праз відашукальнік ягонай камеры мы бачым, як трасуцца рукі ў Косці, можам нават прачытаць, як называюцца цыгарэты, якія ён курыць («Мінск»). Увогуле, усю гісторыю Косці і Алены можам бачыць праз камеру ціхара.

Калі гэта разумееш, адчуваеш вусціш. І гэта сапраўды вяртае цябе ў Беларусь.

У Косці заканчваюцца цыгарэты, ён вырашае выйсці ў краму. Па дарозе дадому робіць фотаздымкі на тэлефон. І ўжо ў наступнай сцэне сядзіць на зялёным фоне, а на экране ў цэнтры сцэны дэманструецца выява дзвярэй з шыльдачкай «Правильное положение дверей – закрытое». Дзверы, якія беспамылкова адсылаюць беларускага гледача ў пакой ГУБАЗіКа (палякі, для якіх вядзецца пераклад цітрамі, могуць не зразумець).

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На зялёны фон «пакаянных відэа» сядуць цягам пʼесы амаль усе дзейныя асобы. Сядзе суседка Алены, якая ўгаварыла яе не ісці другі раз у СК, а разам з дзецьмі зʼязджаць з Беларусі. Сядзе свякруха Алены, якая не верыць спачатку, што сына могуць пасадзіць толькі за слова («Вам улада ўсё дала, а вы тут надумалі…»). Сядзе і адвакатка Косціка, якая расказвае, як забіралі сына адной яе сяброўкі, а потым «чорнае цела вынеслі і ў падваротню закінулі…»

На тым драўляным «пакаянным» крэсле не будзе сядзець толькі Алена, якая разам з дзецьмі пакіне радзіму. Яе апошні маналог – самы пранізлівы. Яна распавядае, як на наступны дзень, пасля таго як затрымалі Косцю, яна выйшла на вуліцу і пабачыла людзей, «якія млява цягнуліся на працу, быццам нічога не адбылося», якія стаялі на прыпынку «Дом міласэрнасці», «панурыя і недаверлівыя адзін да аднаго».

«Здавалася, яны ўсе жадалі міласэрнасці і перамен ды – чакалі, чакалі, чакалі. Чакалі верасня. Не ведалі, не думалі, здагадацца не маглі, што жнівень працягнецца. Для кожнага. Што не скончыцца ў выпадку ані перамогі, ані паразы, ані зацішша.

Усё, жнівень застаецца з намі назаўжды. Жнівень – сонечны ўдар для кожнага. Але нам трэба шукаць дах ад гэтага пякучага жнівеньскага сонцу на гэтым прыпынку «Дом міласэрнасці» і думаць, як мы там усе змесцімся…» – кажа гераіня.

Спектакль заканчваецца словамі Косці (зноў на зялёным фоне) пра тое, што беларускае слова «жнівень» – ад слова «жаць», «ціснуць».

«І вось пакуль жнівень не скончыўся – будзем ціснуць», – гаворыць ён.

Пасля гэтай фразы дзесьці ў глыбіні цёмнай залы і за спінай ціхара пачынае гучаць «Жыве Беларусь!». Жнівень не скончыўся. На адным з экранаў загараецца надпіс «966 жніўня». Гучаць воплескі.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Трэба закрыць гештальт»

Ні прозвішча рэжысёра спектакля, ні прозвішча аўтара пʼесы і задзейнічаных у пастаноўцы актораў (хоць яны пазнавальныя і некаторыя з іх былі гатовыя раскрыцца) называць мы не маем права. Па-першае, з меркаванняў бяспекі (бо жнівень працягваецца). Па-другое, з самой канцэпцыі пастаноўкі – бо дзеі «Жніўня» выходзяць па-за тэатральную сцэну і становяцца жыццём.

Актор А., які граў у «Жніўні» Косцю, прызнаецца пасля прэмʼеры, што, як і ягоны персанаж, прайшоў у жыцці праз падобную сітуацыю – трапіў за краты.

«Але мне пашчасціла: гэта былі толькі суткі і не было працягу. Граць Косцю, які ўвасабляе тысячы беларусаў, – гэта для мяне своеасаблівая сублімацыя, чарговае перажыванне тых падзеяў. Быццам бы прайшло два з паловай года са жніўня 2020-га, але тыя падзеі не да канца перажытыя, а неперажытыя, яны спараджаюць боль і праблемы. Трэба закрыць гештальт», – гаворыць актор.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Акторка М. сыграла ў пʼесе суседку Лены. У перапынку паміж паказамі жанчына распавядае, чаму ніводны актор цягам усяго спектаклю не заплакаў («Хоць хацелася, і было з чаго») і якую задачу перад артыстамі ставіў ананімны, але вельмі таленавіты рэжысёр.

«Ведаеце, усе гэтыя ціхары пасля 2020 года ўсё роўна жывуць разам з намі. Мы паспрабавалі іх выкінуць са свайго жыцця. Праўда, яны пакуль не выкідваюцца. Але калісьці атрымаецца. Вось дзеля таго і гэты спектакль», – тлумачыць акторка.

На яе погляд, жнівень для беларусаў сапраўды не скончыўся. Чаму мы яшчэ там, у тым часе?

«Таму што мы ўсе з галоўных герояў ператварыліся ў непрыкметныя постаці за гэтым экранам. І мы не можам адтуль выйсці», – кажа артыстка.

«Жнівень» – першы спектакль незалежнага тэатральнага праекту «BY teatr». Пасля двух паказаў у Варшаве, пастаноўка 26 сакавіка будзе прадстаўленая ў Лодзі. Гэта будзе ўжо 967 жніўня.

Паводле сваёй канцэпцыі «BY teatr», які называе сябе «тэатральным бюро», мае гуртаваць вакол сябе драматургаў, рэжысёраў, актораў, мастакоў і харэографаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. «BY teatr» будуецца на прынцыпах культурнай супрацы і мультыкультуралізму. Ён мае быць не толькі інструментам стварэння спектакляў, але і прасторай эксперыментаў. Усе праекты будуць стварацца на аснове сучаснай беларускай драматургіі і на беларускай мове з польскімі субцітрамі. Чакаем новых пастановак.

Рэпартаж
«Каб усе людзі, якія абслугоўваюць рэжым, адчувалі сябе здраднікамі». Як адзначылі Дзень Волі ў Варшаве
2023.03.25 16:07

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў