«Стаўка ніжэйшая за інфляцыю». «Беларусбанк» раздае грошы на айчынныя лядоўні і тэлевізары


Дзяржаўны «Беларусбанк» заклікае беларусаў скарыстацца ягоным спажывецкім крэдытам пад 4 % гадавыя, які аформіць можна толькі ў яго. Праўда, выбар тавараў, якія можна набыць з дапамогаю гэтага крэдыту, істотна абмежаваны – выдаткаваць грошы можна толькі «На родныя тавары», як і называецца прапанова.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле звестак «Беларусбанку», за сем тыдняў 2024 года банк заключыў каля 12 тыс. такіх крэдытных дамоваў на суму 61 млн рублёў. Крэдыт афармляецца на тры гады паводле фіксаванай стаўкі ў 4 % гадавыя. Максімальная сума – 12 000 рублёў. На рукі іх атрымаць нельга, толькі «шляхам безнаяўнага пералічэння грошай на рахункі прадаўцоў на падставе рахунак-фактуры або дамовы».

Купіць з дапамогаю гэтага крэдыту можна беларускія ровары, мапеды, матацыклы, тэлевізары, матаблокі, міні-трактары, мэблю, лядоўні і маразільнікі, пральныя, кухонныя і пасудамыйныя машыны, мікрахвалёвыя печы, газавыя і электрычныя пліты, а таксама кафлю і сантэхніку. Канкрэтны спіс айчынных прадпрыемстваў, прадукцыю якіх можна набыць, таксама прыводзіцца.

Змаганне з імпартам і падтрыманне вытворцаў

У каментары «Белсату» Анастасія Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, адзначыла, што стаўка ў гэтым крэдыце вельмі нізкая – ніжэйшая за афіцыйную інфляцыю.

«Таму людзі, якія, дапусцім, хацелі набыць лядоўню, тэлевізар ці мэблевы гарнітур, разглядаюць такую магчымасць. Таму мы бачым, што гэты прадукт “Беларусбанку” карыстаецца папулярнасцю сярод грамадзянаў», – сказала эканамістка.

Тым не менш, доля гэтага крэдыту, калі параўноўваць з першымі месяцамі 2023 года, не такая і вялікая. Сярод крэдытаў, якія выдаюцца на два-тры гады, доля гэтага прадукту «Беларусбанку» складае 11–12 %.

«Але трэба разумець, што ўсё роўна гэта не асноўная частка, бо калі мы возьмем у цэлым, колькі было выдадзена крэдытаў за пару месяцаў мінулага года, і параўнаем з 61 мільёнам, то гэта недзе 2 % з невялікім. Нельга сказаць, што гэта мікраскапічны аб’ём крэдытавання, ён уплывае на рынак, але, безумоўна, гэта не ўвесь абʼём і нават не палова», – заявіла Лузгіна.

Паводле эканамісткі, звычайна спажывецкія крэдыты «правакуюць людзей на закупы», у выніку чаго расце попыт. І калі попыт завялікі, а прапанова з гэтым не дае рады, то можа ўзнікнуць або рост імпарту, або недахоп тавараў. Аднак, падкрэсліла экспертка, гэты крэдыт «Беларусбанку» накіраваны менавіта на падтрыманне беларускіх вытворцаў, так што росту інфляцыі ці імпарту можа і не адбыцца.

«Тут закранаюцца пытанні імпартазамяшчэння, пра якое дзяржава ўвесь час гаворыць», – сказала Лузгіна.

Яна адзначыла, што ў Беларусі вельмі высокая доля імпарту менавіта тэхнікі, лядоўняў, тэлевізараў, беларускія аналагі якіх і прапануе купляць «Беларусбанк».

«Мы можам разглядаць гэты крэдыт з пункту гледжання змагання з гэтым імпартам. І ён накіраваны, на мой погляд, па-першае, на павышэнне долі таго, каб беларусы куплялі тавары беларускіх вытворцаў, а па-другое, на падтрыманне тых жа беларускіх вытворцаў», – падкрэсліла эканамістка.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў