У Зембіне пачалі зносіць касцёл, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю


У мястэчку Зембін Барысаўскага раёну зносяць 400-гадовы касцёл. Будынак лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але быў прызнаны аварыйным – у красавіку адна са сцен касцёлe абвалілася. Яго пачалі разбіраць на гэтым тыдні, паведамляе «Sputnik Беларусь». 

Касцёл у Зембіне.
Фота: planetabelarus.by

У красавіку гэтага года адна са сцен касцёлу абвалілася праз моцны вецер. Як паведамляе выданне, мясцовыя жыхары самі папрасілі ўлады як мага хутчэй дэмантаваць помнік культуры, баючыся, што касцёл можа ўпасці на іх дамы.

Касцёл у Зембіне ў красавіку 2022 (злева) і зараз (справа).
Фота: sputnik.by

Пад час дэмантажу скульптуру Дзевы Марыі з касцёлу часова змясцілі ў музей.

«Так, крыж і фігуру ўдалося бяспечна зняць, ніхто не пацярпеў. Яны (работнікі) па меры магчымасцяў вельмі акуратна гэта рабілі, і на дадзены момант знаходзіцца скульптура ў музеі. Я напісаў просьбу ў гарвыканкам, каб разгледзелі варыянт перадаць яе прыхаджанам, за сродкі якіх яна будзе адрэстаўраваная», – распавёў мясцовы ксёндз Аляксей.

Касцёл у Зембіне.
Фота: sputnik.by

З часам, калі касцёл разбураць, на яго месцы ці побач плануецца пабудаваць маленькую капліцу і ўстанавіць фігуру Дзевы Марыі і крыж, дадаў ксёндз.

Касцёл у Зембіне са скульптурай Божай Маці – адзін з апошніх аб’ектаў барока, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі. Першапачаткова пабудова была драўлянай, і ў ёй жылі дамініканскія манахі, а ў пачатку XVIII стагоддзі храм згарэў, пасля чаго яго пабудавалі ўжо цагляным.

Касцёл працягваў дзейнічаць да 1932 года, пасля чаго яго закрылі савецкія ўлады. З таго часу будынак не выкарыстоўваўся. У 2010 годзе руіны касцёлу збіраліся знесці барысаўскія ўлады, аднак валанцёры прадухілілі знос. Праз 12 гадоў касцёл практычна абваліўся самастойна.

Аб’ектыў
Змаганне за Чырвоны Касцёл працягваецца
2022.11.24 20:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў