Уладзімір Макей на Генеральнай асамблеі ААН сустрэўся з дыпламатамі розных краін, сярод якіх апынуліся міністры замежных спраў з краінаў Еўразвязу – Вугоршчыны, Фінляндыі і Эстоніі.
У 2020 годзе Еўразвяз не прызнаў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі і справядлівымі, а таксама заявіў, што яны былі сфальсіфікаванымі. Пасля гэтага міжнародныя кантакты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з еўрапейскімі краінамі рэзка звузіліся.
Якія ж тэмы маглі абмяркоўваць з Уладзімірам Макеям міністры трох краін ЕЗ?
Міністэрства замежных справаў Эстоніі апублікавала прэс-рэліз тэмы двухбаковых міжнародных кантактаў падчас Генасамблеі ААН. Усяго, згодна з прэс-рэлізам, кіраўнічка ўстановы Ева-Марыя Ліймец за тыдзень мела 17 кантактаў з прадстаўнікамі розных краінаў.
У прыватнасці паведамляецца, што Ева-Марыя Ліймец абмяркоўвала з Макеям «двухбаковыя пытанні, адносіны Беларусі і Еўразвяза, а таксама рэгіянальную напружанасць у сферы бяспекі».
Відавочна, размова была як мінімум пра міграцыйны крызіс, які Лукашэнка стварыў на межах Беларусі і Еўразвязу. У апошнія дні сітуацыя яшчэ больш абвастрылася ў сувязі з тым, што на межах сталі зʼяўляцца целы памерлых мігрантаў з Азіі.
Фінскае вонкавапалітычнае ведамства нічога не пісала пра кантакты з Макеям, аднак міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста даў каментар на гэтую тэму фінскай газеце Helsingin Sanomat.
Па ягоных словах, Пека Хаавіста абмеркаваў з Макеям пытанне правоў чалавека, парушэнне якіх рэжымам Лукашэнкі стала прычынай санкцый Еўразвяза. Хаавіста згадаў больш чым 600 беларускіх палітычных зняволеных і падкрэсліў жаданне Фінляндыі, каб Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) згуляла ролю ў вырашэнні крызісу ў Беларусі.
Таксама ён звярнуў увагу на праблему мігрантаў і на тое, што беларуская апазіцыя даўно прапануе рэжыму Лукашэнкі дыялог.
Нічога не атрымалася знайсці пра размову вугорскага міністра замежных спраў і гандлю Петэра Сіярты з Уладзімірам Макеям на сайце МЗС Вугоршчыны. Верагодна, аднак, адным з важнейшых у размове было таксама пытанне мігрантаў.
Беларусь згадвалася на сайце МЗС Вугоршчыны апошні раз 15 верасня гэтага году. Тады міністр Сіярта заявіў, што «Еўропа зʼяўляецца ахвярай нападу з некалькіх кірункаў… У дадатак да звычайных [пагрозаў] з поўдня і паўднёвага ўсходу, падвышаецца міграцыйны ціск з усходу». Ён адзначыў, што Літва і Польшча адчуваюць пагрозу з Беларусі, і гэта мае непасрэдны ўплыў на ўсю Паўночную Еўропу.
Вугоршчыну раней рэзка асуджалі за антыіміграцыйную палітыку падчас крызісу 2015 года, а цяпер, заявіў міністр, «сітуацыя змянілася, і стала звычайнай справай у Еўразвязе будаваць памежныя перашкоды».
РЛ belsat.eu