«BELPOL»: Экс-начальнік Наваполацкай міліцыі не падпарадкоўваўся ДАІ. Адпусцілі, бо ён дэпутат


Адно з аб’яднанняў былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» расказала 25 жніўня аб затрыманні і вызваленні былога начальніка Наваполацкага ГАУС Уладзіміра Дуброўскага. Па звестках супольнасці, Дуброўскі спрабуе «замяць» сітуацыю і пазбегчы адказнасці.

Уладзімір Дуброўскі
Уладзімір Дуброўскі.
Фота: Вольга Баншчыкава / Vitvesti.by

Як сцвярджае «BELPOL», у ноч з 4 на 5 жніўня Уладзімір Дуброўскі ехаў п’яным з полацкай рэстарацыі «Гранд Пад», не справіўся з кіраваннем і ледзь не ўрэзаўся ў прыдарожную агароджу. На месца прыбыў нарад Дзяржаўнай аўтаінспекцыі, але Дуброўскі не падпарадкоўваўся сілавікам і адмовіўся сядаць у іхную машыну, а падчас спрэчкі парваў кашулю супрацоўніку ДАІ. У выніку яго затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

«BELPOL» адзначае, што за «Гвалт або пагрозу гвалтам адносна супрацоўніка органаў унутраных справаў» звычайнага чалавека пераследавалі б паводле арт. 364 КК РБ і маглі пакараць зняволеннем на тэрмін да 7 гадоў. Гэты артыкул неаднаразова ўжывалі супраць палітвязняў – нават за спробу вырвацца з рук сілавікоў або «людзей у цывільным».

Аднак Дуброўскага адпусцілі, сцвярджае «BELPOL», праз асаблівы парадак пераследу дэпутатаў – а ён з’яўляецца дэпутатам Наваполацкага гарадскога савету. Паводле аб’яднання былых сілавікоў, Дуброўскі цяпер «задзейнічаў свае сувязі, каб замяць справу і пазбегчы адказнасці».

У час выбараў-2020 Дуброўскі ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях: паводле «BELPOL», ён быў адным з арганізатараў рэпрэсіяў у Наваполацку, а супольнасць «Каратели Беларуси» сцвярджае, што ён асабіста аддаў каманду на гвалтоўнае здушэнне пратэстаў у Наваполацку. Ды пазней ён пакінуў службу, стаў спецыялістам па інфармацыі ТАА «ЭддзіТэк».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў