«Безадказны каментар». Дзярждэпартамент ЗША – пра заявы Лукашэнкі аб паходзе вагнэраўцаў на Польшчу


ЗША будуць абараняць тэрыторыю NATO, а словы Аляксандра Лукашэнкі пра паход байцоў ПВК Вагнэра на Жэшаў і Варшаву лічаць безадказнымі, заявіў кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Мэт’ю Мілер, кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартаменту ЗША. Скрыншот: Forbes Breaking News / YouTube

На брыфінгу для журналістаў 24 ліпеня Мэт’ю Мілеру задалі пытанне адносна заяваў Лукашэнкі, якія ён зрабіў надоечы, нібыта вагнэраўцы пойдуць на Жэшаў і Варшаву.

«Гэта яшчэ адзін з серыі безадказных каментароў Лукашэнкі. І адзінае, што я паўтару, як я ўжо казаў з іншай нагоды раней на гэтым брыфінгу, Злучаныя Штаты будуць абараняць кожны дзюйм тэрыторыі NATO».

У нядзелю 23 ліпеня падчас перамоваў з Пуціным у Санкт-Пецярбурзе Лукашэнка заявіў, што байцы ПВК Вагнэра пачалі яго «напружваць», бо хочуць «схадзіць на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў», але Беларусі не хацелася б іх перадыслакаваць, бо «ў іх кепскія настроі».

«Ёсць толькі адна краіна ў рэгіёне, якая прадэманстравала не толькі намер, але і гатовасць уварвацца да сваіх суседзяў, і гэта Расея, а не Польшча, ні якая-небудзь іншая краіна ў рэгіёне. Хацеў быў паўтарыць, што наш альянс з Польшчай моцны. Польшча, вядома, сябра NATO, і мы будзем абараняць, калі спатрэбіцца, кожны сантыметр тэрыторыі NATO», – рэзюмаваў Мілер.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў