«Чытаў гэта на нарах у СІЗА». На Міжнародным кніжным кірмашу ў Варшаве адкрыўся беларускі павільён


25 траўня ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве пачаў працаваць Міжнародны кніжны кірмаш. Свае выданні на форуме прэзентуюць каля 500 выдавецтваў з розных краінаў свету. Ганаровы госць – Украіна. Але цэнтрам прыцягнення для журналістаў «Белсату» стаўся павільён незалежных беларускіх выдаўцоў у Ратушнай зале. Наведваем яго літаральна праз гадзіну пасля адкрыцця.

Стэнд незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Слухай, ну я гэта яшчэ на нарах у віцебскім СІЗА чытаў», – смяецца адзін з наведнікаў беларускага павільёну на Варшаўскім міжнародным кніжным кірмашы, паказваючы сябру раман Мойшы Кульбака «Панядзелак», выдадзены ў 2019 (выдавецтва «Vesna»).

Павільён толькі адкрыўся. Знайсці яго ў манументальным Палацы навукі і культуры аказалася няцяжка. Хоць давялося троху паблукаць у гэтым кніжным лесе, дзе так ап’яняльна пахне свежымі выданнямі. Павільён №168, Ратушная зала (на галоўным уваходзе – направа, налева і прама). Ціснем руку Андрэю Янушкевічу – уладальніку незалежнага выдавецтва «Янушкевіч».

«Першы дзень – заўжды раскачка»

«Ух, толькі што адкрыліся – настрой чакання. Чакаем наведнікаў і маем найлепшыя спадзяванні, таму што ў Варшаве зараз шмат беларусаў. Першы дзень – гэта заўжды раскачка. Пятніца і субота нам пакажа, чаго вартая беларуская кніга», – пасміхаецца Андрэй Янушкевіч.

Андрэй Янушкевіч на стэндзе незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Выдавец дзякуе арганізатарам беларускага павільёну, які быў створаны Цэнтрам беларускай салідарнасці ў Варшаве ў партнёрстве з Цэнтрам навуковых даследаванняў Польскай акадэміі навук у Берліне і дафінансаваны Фондам польска-нямецкай супрацы.

Наведнікаў пакуль няшмат. Адзін з іх, беларус Ігар, гартае грунтоўнае выданне (ужо чацвёртае) раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Ігар прызнаецца, што меў аўдыякнігу раману, але не паспеў даслухаць – трэба было зʼязджаць з Беларусі і знішчаць усе падазроныя файлы ў тэлефоне. «Сабакі Еўропы» беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Гэта выдатна, што такі павільён тут ёсць і сюды могуць прыходзіць беларусы. Таму што беларускія кніжкі сталі проста недасяжныя. З Беларусі везці сваю бібліятэку складана і небяспечна. Таго і глядзі, «Дзікае паляванне караля Стаха» ці «Каласы пад сярпом тваім» прызнаюць экстрэмісцкімі. Падрыхтоўка ж да паўстання!», – жартуе (а можа, і не) Ігар ды ідзе разлічыцца за «Сабак Еўропы» (75 злотых).

Беларус Ігар каля стэнду незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі трымае раман Альгерда Бахарэвіча. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Андрэй Янушкевіч кажа, што ягонае выдавецтва адмыслова «пад кірмаш» выдала дзве новыя кнігі Альгерда Бахарэвіча – збор апавяданняў «Ператрус у музеі» і кнігу-аўтафікшн «Хлопчык і снег», якая два гады праляжала ў рукапісе («Але актуальнасці сваёй не згубіла», – кажа Янушкевіч). Папяровы варыянт раману «Плошча перамогі» Бахарэвіча прэзентуе пражскае выдавецтва «Vesna». Яшчэ – на палічцы кніга ягоных вершаў. На Варшаўскім кірмашу – аж 6 кніг Бахарэвіча, тры з якіх – навінкі.

«Такога яшчэ не было», – гаворыць Андрэй Янушкевіч.

«Прашу ўсіх смяяцца»

Янушкевіч раіць таксама звярнуць увагу на густоўнае выданне перакладу на беларускую мову «слыннага раману» Аляксандра Чарнухі «Свінні».

Звяртаем увагу, гартаем кнігу. Я нават пачынаю прыкідваць, што скажа жонка, калі патрачу на кнігі ўвесь дзённы ліміт сямʼі. Краем вока заўважаю аўтара «Свінняў» Аляксандра Чарнуху – уласнай персонай на выставе.

Аляксандр Чарнуха і Андрэй Янушкевіч каля стэнду незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Здароўкаюся і прызнаюся, што расейскамоўнага арыгіналу не чытаў. «Нічога, цяпер маеце выбар», – смяецца Аляксандр Чарнуха.

Тлумачыць, што «Свінні» першапачатковы меліся выйсці ў дзвюх версіях – расейска- і беларускамоўнай. Але пачалася вайна ва Украіне (раман пісаўся ў 2021 годзе) і стала не да перакладаў (перакладчык Алесь Плотка). Беларускамоўныя «Свінні» зʼявіліся толькі праз год пасля выхаду арыгіналу.

Аляксандр Чарнуха прызнаецца, што ягоныя фантазіі падчас напісання раману здаваліся яму вялікім перабольшваннем, але адбылося так, што ў беларускіх рэаліях яны пачалі спраўджвацца, «і яшчэ ў большай ступені».

«Калі вы чыталі маё апавяданне «Рука» – такое пасляслоўе да «Свіней», то там выкопваюць чыноўніка, фарбуюць яго і садзяць, каб сядзеў роўненька і ўсе думалі, што ён жывы. Мне гэта нагадала апошнія падзеі ў беларускай палітыцы. І цяпер падаецца, што фантазіі ў нашай рэчаіснасці ўжо ўвогуле немагчымыя. Самыя неверагодныя рэчы становяцца рэальнасцю», – гаворыць Чарнуха.

«Я заклікаю не баяцца, бо гэтыя людзі сілкуюцца нашым страхам. І іх забівае смех. Таму я прашу ўсіх смяяцца і ўсміхацца. Усмешка робіць гэтых людзей маленькімі і бездапаможнымі», – дадае аўтар «Свіней» і ставіць аўтограф («Жывіце з усмешкай») на маім экзэмпляры кнігі.

З кім можна сустрэцца ў беларускім павільёне

Назвы кніжак на беларускіх стэндах Варшаўскай выставы хочацца пералічваць бясконца. Бо гучыць як паэма. «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец, «Колеры Беларусі» Міхала Анемпадыстава, «Побач» Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч, «Дарога» Кормака Маккарці… Гартаем кнігу вершаў, перакладаў і ўспамінаў віцебскага пісьменніка Кастуся Севярынца, якога не стала ў кастрычніку 2021 года (бацька палітвязня Паўла Севярынца)…

Наведвальнік стэнда незалежных беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Наведнікаў прыбывае. На стэндах шмат дзіцячых кніжак па-беларуску. Адну з іх бярэ ў рукі полька («Пітэр Пэн»), разглядае і слухае тлумачэнні беларускай сяброўкі. Адыходзім убок і пагружаемся ў стыхію поліфаніі (польская, ангельская, украінская мовы).

Украінскі павільён, які знаходзіцца не так і далёка ад беларускага, нашмат большы (ці не ў разоў 10), да яго шмат увагі. Але ў ім не набудзеш пазлы «Аршанская бітва» ці кнігу Алега Латышонка «Нацыянальнасць беларус», ад водару якой пʼянееш. Варта прыйсці, надыхацца і набыць.

26-28 траўня каля стэнду беларускіх незалежных выдаўцоў Варшаўскага кніжнага кірмашу адбудзецца цэлы шэраг сустрэч і аўтограф-сесіяў з пісьменнікамі – Сяргеем Тарасавым, Уладзімірам Арловым, Андрэем Хадановічам, Аляксандрам Чарнухай, Святланай Курс, Алесем Аркушам ды іншымі. Можна будзе таксама сустрэцца з Палінай Скурко, якая будзе прэзентаваць дзіцячыя кнігі свайго мужа – журналіста і палітвязня Андрэя Скурко.

Кніжны кірмаш у Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Няўжо не набыў ніводнай кнігі?» – пытаюся ў калегі-фотакарэспандэнта, калі выходзім з Палацу культуры і навукі. «Не купіў, бо кнігі – для дому, а дому я зараз проста не маю…» – адказвае журналіст.

«Слухай, добрая беларуская кніга любую прастору можа ператварыць у дом», – кажу і прынюхваюся да новага зборнікаў аповедаў Бахарэвіча.

Міжнародны кніжны кірмаш у Варшаве працягнецца 26-28 траўня. Летась яго наведала больш за 90 тысяч чалавек.

Агляд
Кнігі па-беларуску за мяжою. Расказваем, дзе іх шукаць
2023.04.01 08:50

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў