«Каб усе людзі, якія абслугоўваюць рэжым, адчувалі сябе здраднікамі». Як адзначылі Дзень Волі ў Варшаве


У польскай сталіцы на акцыю з нагоды беларускага Дня волі 25 сакавіка сабраліся некалькі тысяч  чалавек.

Збор на Замкавай плошчы каля помніку Жыгімонту ІІІ Вазе быў прызначаны на 13-ю гадзіну, але яшчэ задоўга да гэтага сюды сталі сцякацца людзі, разгортваючы па дарозе нацыянальныя беларускія сцягі.

А 13-й гадзіне з вітальным словам да прысутных звярнуўся патрыярх беларускага дэмакратычнага руху Зянон Пазняк, пасля чаго ў выкананні калектыву «Музычны рух» прагучаў нацыянальны гімн Беларусі «Пагоня».

Асаблівасцю гэтага свята было тое, што да яго арганізацыі былі датычныя шматлікія беларускія ініцыятывы: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Каардынацыйная рада, Нацыянальна-вызвольны рух «Вольная Беларусь», Паспалітае рушэнне, Полк Каліноўскага, Музей вольнай Беларусі, Беларускі моладзевы хаб і многія іншыя. Генеральным партнёрам свята выступіў тэлеканал «Белсат», які вёў адмысловую трансляцыю з месца падзей.

Святкаванне Дня волі у Варшаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пасля выканання гімна пачалося выстройванне калоны. Наперадзе сталі ўдзельнікі з вялікімі беларускім, украінскім і польскім сцягамі, банерамамі з надпісам «105 гадоў адраджэння нацыі» і «Нацыянальна-вызвольны рух «Вольная Беларусь». Зянон Пазняк персанальна кіраваў працэсам вышыхтоўвання калоны праз гукаўзмацняльнік. Марш пачаўся пад гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які адмыслова трансляваўся з пераносных калонак, што сапраўды прыдавала ўрачыстасці ўсяму шэсцю.

На чале калоны ішлі Зянон Пазняк, Павел Усаў, прадстаўнікі Палка Каліноўскага. Сярод удзельнікаў мы адзначылі таксама палітыкаў Паўла Латушку, Валера Сахашчыка, Аляксандра Азарава, Алену Жываглод, Дзмітрыя Шчыгельскага, блогераў Яна Рудзіка, Сцяпана Пуцілу і многіх іншых.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Цёплае вясновае надвор’е рабіла святочную атмасферу асабліва ўзнёслай – было бачна, што для ўсіх гэта яскравая падзея, адзначаць якую прыйшлі цэлымі сем’ямі – нават з маленькімі дзецьмі на плячах і ў калясках. Мы звярнуліся да ўдзельнікаў маршу з простым пытаннем аб тым, што для іх значыць гэтае свята. Бо сапраўды для кожнага яно важнае па-свойму.

Бацька двух хлопчыкаў трох і пяці гадоў Сяргей распавёў, што наўмысна бярэ з сабой сваіх сыноў, каб у іх з маленства фармавалася ўспрыняцце гэтай падзеі як пэўнай традыцыі. На вялікі жаль, адзначае Сяргей, прыходзіцца адзначаць Дзень Волі ў замежжы, але ён упэўнены, што «ў хуткім часе мы такімі ж шчыльнымі радамі пройдзем па нашаму любаму Менску і так жа зможам гучна пракрычаць «Жыве Беларусь!».

Прадстаўнік Палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі адзначыў, што гэтае свята для яго найперш «гісторыя і надзея». «Я адношуся да гэтага свята з надзеяй, з чаканнем і спадзяваннем на тое, што хутка мы будзем адзначаць так жа вольна ў Менску, Бабруйску, Горадні і іншых гарадах і вёсках у Беларусі».

Адказваючы на пытанне, што трэба рабіць кожнаму беларусу, каб мы хутка маглі так жа шырока адзначаць Дзень Волі і ў нашай краіне, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валер Сахашчык падкрэсліў, што «трэба, каб кожны чалавек як можа, як гэта дапушчальна ў яго становішчы, рабіў так, каб усе людзі адчувалі, што наша воля – гэта самае каштоўнае ў нас, і каб усе людзі, якія абслугоўваюць рэжым, адчувалі сябе здраднікамі».

Але, як гэта часта бывае ў жыцці беларусаў, вельмі хутка вясновае надвор’е змянілася непагаддзю. А 14-й гадзіне пачалася неверагодная залева з градам. Але і тут беларусы прадэманстравалі сваю ўпартасць і яднанне, сустракаючы кожнае ўзмацненне разгулу стыхіі гучнымі воклічамі. «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне!», «Niech żyje Polska!» голасна разляталася па ўсіх ваколіцах. Польскія кіроўцы ў адказ гучна сігналілі дэманстрантам.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Канцэрт на галоўнай сцэне Дня Волі пачаўся роўна а 15-й гадзіне. Вядоўцы Вітаўт Сіўчык і Крысціна Дробыш сустрэлі ўсіх удзельнікаў і заклікалі іх павітаць воклічамі «Жыве Беларусь» тых, хто не змог далучыцца да сённяшняга свята, але «мае волю ў сэрцы».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна павіншавала беларусаў са святам і адзначыла, што сёння «беларусы павінны словам і справамі дэманстраваць свету, што яны на баку сілаў дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ… Цяперашні час шмат у чым лёсавызначальны як для Украіны, так і для ўсяго свету. Але разам мы не дамо ворагу разбіць нашай еднасці, разам мы перанясём усе выпрабаванні і дасягнем нашае мэты – жыць на сваёй роднай зямлі і ў сваёй незалежнай дзяржаве. Дык памажы нам, Божа!» – завершыла спадарыня Івонка свой выступ.

З вітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася таксама Святлана Ціханоўская: «Сёння мы адзначаем Дзень Волі. Калісьці я сама не да канца разумела значэнне гэтага свята, але выпрабаванні апошніх гадоў паказалі, наколькі нашае мінулае пераплецена з сучаснасцю і з будучыняй. Гэта свята нашай з вамі, шаноўныя беларусы, волі да свабоды і незалежнасці. Беларусь магла знікнуць у вірах гісторыі… Але пакаленне за пакаленнем, раз за разам нашыя папярэднікі знаходзілі сілы адрадзіць сваю культуру, мову і дзяржаву. І зараз прыйшла наша чарга абараніць сябе».

У сваёй прамове намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў, што першае, што ён зробіць, калі вернецца ў Беларусь, гэта стане на калені і абдыме «сваю малую радзіму і вялікую радзіму… нашую родную, любую Беларусь». Так жа, адзначыў ён, любілі Беларусь і тыя, хто 105 гадоў таму абвесціў нашу краіну незалежнай дзяржавай. «Мы, – адзначыў палітык, – таксама павінны зрабіць сваю справу і захаваць гэтую дзяржаву».

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Спявае Ketevan.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат
Святкаванне Дня волі ў Варшаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Але, вядома ж, сцэна была не толькі ў распараджэнні палітыкаў. Аб святочным настроі ўдзельнікаў Дня Волі як след клапаціліся беларускія музыкі. Сяргей Доўгушаў выканаў шчымлівую песню на верш Анатоля Сыса пад назваю «Колькі». Пётр Клюеў зарадзіў усіх электронным вайбам, Shuma зачаравала сваім аксамітным голасам. Удзельнікі гурта Lity Taler працягнулі зараджаць усіх прысутных гукамі старажытнай дуды, як гэта рабілі і падчас усяго маршу. Выступілі перад удзельнікамі таксама Ketevan, Atesta, 23.34, «Дом сувязі». І нарэшце Dzieciuki і NRM.BY літаральна скаланулі пляцоўку, выканаўшы свае самыя забойныя хіты. Скончыўся канцэрт пад гімн беларускай моладзі «Тры чарапахі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў