Зніклы беларускі самалёт «Іл-76» знайшоўся ў Стамбуле – у Малі разбіўся не ён


Транспартны самалёт «Іл-76» разбіўся 23 верасня блізу Гао, што ў Малі. Выказваліся здагадкі, што гэта быў самалёт беларускай авіякампаніі «Rubystar Airways», нават што ён перавозіў баевікоў групы Вагнэра. Аднак беларускі самалёт знайшоўся цэлым у звестках сэрвісу «Flight Radar».

На гісторыю звярнула ўвагу выданне Reform.by. Беларускі самалёт з нумарам EW-412TH вылецеў з Менску ноччу 22 верасня, паляцеў у бок Астаны і знік з радараў на мяжы з Казахстанам. Пэўны час меркавалася, што менавіта ён разбіўся ў Малі.

Аднак спачатку малійскі журналіст пісаў, што разбіўся самалёт з іншым нумарам, а затым знайшоўся і беларускі самалёт: ранкам 23 верасня з’явіўся на радарах над Расеяй, ляцеў з боку Казахстану і прыляцеў у Стамбул, а вечарам 24 верасня паляцеў са Стамбулу кудысьці на захад.

Застаецца невядомым, што рабіў беларускі самалёт над Казахстанам і куды ляцеў далей, што рабіў у Турэччыне і куды паляцеў цяпер. Таксама невядома, што за самалёт разбіўся ў Малі.

Беларуская кампанія «Rubystar» даўно вядзе загадкавую дзейнасць: займаецца чартарнымі перавозамі ў кірунку Турэччыны, Грузіі ды Азербайджану, а самалёты перыядычна знікаюць з радараў. У 2020 годзе выказваліся здагадкі, што праз гэтую авіякампанію рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа ўзбройваць Азербайджан і лівійскіх баевікоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў