Карэя забараняе экспарт у Беларусь і Расею больш як 740 тавараў


Паўднёвая Карэя робіць больш жорсткім кантроль экспарту некаторых тавараў у Расею і Беларусь. У спіс дадалі 741 новую пазіцыю.

Завод Hyundai у Санкт-Пецярбургу, Расея. Крыніца: autostat.ru

Адпаведнае рашэнне ўступіць у сілу ў пятніцу, 28 красавіка 2023 года.

Паводле паўднёвакарэйскага Міністэрства гандлю, агульны лік тавараў, на якія неабходна атрымліваць спецыяльны дазвол ва ўрадзе, вырас з 57 да 798 пазіцыяў.

Сярод тавараў, экспарт якіх забаронены, – дэталі аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч долараў, паўправаднікі, будаўнічае абсталяванне, каштоўныя камяні, а таксама тавары, звязаныя з хімікатамі, сталлю, машынабудаваннем, квантавымі камп’ютарамі і іншыя.

Згодна з заяваю міністэрства, такі крок быў зроблены ў сувязі з высокай верагоднасцю выкарыстання гэтых тавараў краінамі-імпарцёрамі ў ваенных мэтах і для вытворчасці зброі.

Нагадаем, што Паўднёвая Карэя ўвяла санкцыі супраць Расеі пасля пачатку яе поўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны. Яны датычаць банкаўскай сферы: у прыватнасці, прыпыненыя разлікі з расейскімі банкамі, пастаўка мікрапрацэсараў і мікракантролераў, а таксама закранаюць аўтамабільную вытворчасць.

19 красавіка прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль не выключыў магчымасці паставак узбраенняў Украіне. На гэтую заяву паследавала рэзкая рэакцыя Міністэрства замежных справаў Расеі аб тым, што пастаўкі зброі негатыўна адаб’юцца на стасунках Расейскай Федэрацыі і Паўднёвай Карэі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў