«Горадня Азот» спыніў працу цэху праз «тэхналагічныя прычыны»


Раніцай 24 лютага на дзяржаўным прадпрыемстве «Горадня Азот» спынілі цэх «Карбамід-3», паведамляе прэс-служба заводу. Нібыта, па тэхналагічных прычынах.

«Горадня Азот».
Фота: Сяргей Шэлест

«Прычынай стала няспраўнасць датчыка ў сістэме кантролю абароны электрарухавіка кацельнай ўстаноўкі, якая была аператыўна і ў штатным рэжыме ліквідаваная», – паведамляецца на сайце прадпрыемства.

Аднавіць працу абацяюць цягам содняў. Таксама паведамляецца, што пагрозы гораду, жыхарам і экалогіі няма.

У канцы кастрычніка 2022 года цэх «Карбамід-3» і «Аміяк-3» ужо спынялі працу, таксама па «тэхналагічным прычынам».

Яшчэ ў чэрвені 2022 года на прадпрыемстве «Горадня Азот» праводзілі планавы капітальны рамонт, тады спынялі працу цэхі «Аміяк-4» і «Карбамід-4».

На пачатку верасня 2022 года на заводзе здарыліся два надзвычайныя выпадкі. 2 верасня пры выкананні рамонтных працаў у цэху «Аміяк-3» пацярпеў 40-гадовы рабочы адной з будаўнічых арганізацыяў Горадні. «Мужчына выконваў работы без атрымання неабходнага на іх правядзенне допуску», – паведамляла прэс-служба заводу. Яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся ўначы 4 верасня. Паводле следства, 48-гадовы рабочы гарадзенскага «Азоту» пры выкананні дэфектаскапіі ў спускавым кошыку на вышыні каля 19 метраў упаў разам з ім на дно калоны. Ад цяжкіх траўмаў мужчына памёр на месцы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў