Як пачалі 2024 год беларусы ў афіцыйных турнірах?


Што рыхтуе нам спартовы год?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэнісісткі Арына Сабаленка з Беларусі і Барбара Крэйчыкава з Чэхіі падчас чвэрцьфінальнага матчу на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе ў Мельбурне, Аўстралія. 23 студзеня 2024 года.
Фота: Asanka Brendon Ratnayake / AP Photo / East News

Старт кожнага новага года ўжо дваццаць чатыры гады (з пачатку стагоддзя) распачынаецца вызначэннем пераможцаў у найбуйнейшых турнірах у трох відах спорту: першымі называюцца чэмпіёны заакіянскага моладзевага чэмпіянату свету ў хакеі з шайбай, які ладзіцца на мяжы старога і новага гадоў, а затым пераможцы Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі ў тэнісе і топ-турніры ў мужчын-гандбалістаў (альбо гэта чэмпіянат Еўропы, альбо чэмпіянат свету, яны чаргуюцца праз год).

У тэнісных бітвах на Зялёным кантыненце беларусы ўдзельнічаюць рэгулярна, у фінал хакейнага сусветнага першынства нашыя дваццацігодкі апошні раз траплялі шэсць гадоў таму, калі прагулялі ўсе матчы, занялі апошняе 10-е месца, і пакуль што яны застаюцца ў першым дывізіёне, дзе з-за санкцыяў не выступаюць з 2022 года.

Ну а гандбольная мужчынская зборная Беларусі таксама трапіла пад абмежаванні Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі і ў 2022 годзе была пазбаўленая магчымасці гуляць у топ-турнірах. А перад гэтым выступіла ў чэмпіянаце Еўропы, дзе заняла 17-е месца. Цяпер у Нямеччыне новы чэмпіянат кантыненту, дзе месцы Беларусі і Расеі не пустуюць. Адразу тры дэбютанты – зборныя Грэцыі, Грузіі і Фарэрскіх выспаў – глядзеліся вельмі годна.

Уступілі ў год і больш прагрэсіўныя беларускія спартоўцы, якія пракладаюць уласны шлях у вялікім спорце

А як пачалі 2024 год беларусы ў афіцыйных турнірах? На дадзены момант на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў асноўнай сетцы застаецца Арына Сабаленка, якая здолела прабіцца ў квартэт наймацнейшых – паўфінал індывідуальнага жаночага турніру. На другім тыдні «мэйджара» акрамя Сабаленкі ў Аўстраліі гуляла і беларуская юніёрка, дачка асістэнта галоўнага трэнера хакейнага клубу «Дынама» (Менск) Паўла Перапехіна – Юлія. 15-гадовая дзяўчынка ўпершыню дабралася да турніру такога ўзроўню і разам з 17-гадовай казашкай Асыльжан Арустамбекавай прабілася ў чвэрцьфінал парных спаборніцтваў. Асабіста Юлія выбыла з турніру яшчэ ў другім коле.

Уступілі ў год і больш прагрэсіўныя беларускія спартоўцы, якія адмовіліся падпарадкоўвацца рэжымнай наменклатуры і пракладаюць уласны шлях у вялікім спорце. Незвычайна рана распачала новы, ужо алімпійскі сезон Крысціна Ціманоўская. Спрынтарка яшчэ не мае магчымасці бегчы свае каронныя 200 метраў, бо трывае зімовы сезон, а на спаборніцтвах пад дахам фінішавала трэцяй у Люксембургу на дыстанцыі 60 метраў. Крысціна была шчаслівая:

«Пачала сезон з новым асабістым рэкордам – 7.21. Пяць дзён пасля хваробы, 12 трэнавальных заняткаў за чатыры тыдні, і такое дасягненне. Шчыра дзякую майму каханаму Аляксандру Салонскаму, камандзе маіх трэнераў, менеджараў і спонсараў», – напісала спартоўка на польскай мове ў сваім Іnstagram.

Нагадаю, щто ў адрозненне ад спартовак, якія трэнуюцца ў Беларусі, Крысціна можа стаць адзінай з нашай краіны лёгкаатлеткай, якая выступіць на Гульнях у Парыжы. Былы кідальнік молату, а цяпер старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан днямі заўважыў:

«Шасцёра беларускіх лёгкаатлетаў выканалі нарматыў для трапляння на Алімпіяду… Але сёння мы нікуды не выязджаем, нічога не робім, нашая асноўная задача – дамагчыся выступу на Гульнях. А потым будзем самі вырашаць: ехаць ці не. Бо на такіх умовах – гэта здзек!»

Але Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі ў асобе ейнага прэзідэнта, брытанца Сэбэст’яна Коў дала дакладна зразумець, што самім вырашаць, высоўваць нейкія ўмовы для ўдзелу ці няўдзелу ў Алімпіядзе ні расейскім, ні беларускім лёгкаатлетам ніхто не дазволіць.

«Вы зможаце пабачыць нейтральных спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў Парыжы, – заявіў Коў. – Але не ў лёгкай атлетыцы. Пазіцыя нашага спорту не змянілася, і мне няма чаго дадаць».

А Крысціна Ціманоўская да зімовага чэмпіянату Польшчы ў лёгкай атлетыцы, які традыцыйна адбудзецца ў горадзе Торунь на пачатку другой паловы лютага, плануе выступіць яшчэ на двух турнірах па-за межамі краіны.

Акрамя беларускай лёгкаатлеткі таксама пад сцягам Польшчы да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы рыхтуецца і нашая вершніца Вольга Сафронава, што пачынала свой шлях у спорт у Барані пад Воршай. Вось што дзяўчына днямі распавяла ў інтэрв’ю «Белсату»:

«Мінулы год быў дастаткова складаны, але насычаны і з цэлым спектрам эмоцыяў. Як і ўсе людзі ў эміграцыі, працягваем будаваць жыццё з чыстага аркуша, сутыкаючыся штодня з вялікай колькасцю задачаў, якія варта вырашаць. Але асабіста для мяне 2023-ці стаў годам пераломным, многія выпрабаванні пройдзеныя, і мне, нарэшце, адкрываецца шлях на Алімпіяду. Гэта вялікі выклік лёсу, і яго цяпер нельга ўпусціць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вершніца Вольга Сафронава і яе конь Сапфір. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Зборная Польшчы ў конным спорце заваявала камандавую ліцэнзію на Алімпіяду – 2024 у чэрвені мінулага года на кваліфікацыйных спаборніцтвах пад Будапэштам. Сама Вольга, як віцэ-чэмпіёнка краіны і найлепшая сярод жанчын, адразу ўвайшла ў пашыраны спіс каманды.

«Мы трапілі ў нацыянальную зборную – і гэта галоўнае. Першы сёлетні старт – у сакавіку ў Вроцлаве. На чэмпіянат Польшчы, які летась прайшоў для нас так удала, мы вырашылі не выстаўляцца. Бо занадта маленькі прамежак часу паміж гэтым нацыянальным стартам і міжнароднымі турнірамі. А другую палову кваліфікацыі, якой мне пакуль бракуе, можна выканаць толькі ў міжнароднай выездцы. Я была ў пашыраным складзе нацыянальнай каманды, але цяпер – у асноўным. Палову кваліфікацыі мы з Сандра зрабілі ў Чэхіі ў леташнім траўні, цяпер у Вроцлаве трэба канчаткова замацавацца ў шанцах на Алімпіяду».

Вырашальны турнір для Вольгі Сафронавай і яе партнёра Сандра пройдзе ў паўднёва-заходняй польскай сталіцы Сілезіі – Вроцлаве – ад 22 да 24 сакавіка. На сённяшні дзень найбольш імавернымі ўдзельніцамі Алімпіяды выглядаюць з беларусак Вольга Сафронава і Крысціна Ціманоўская (абедзве пад сцягам Польшчы), а таксама тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. На падставе рэйтынгу пуцёўкі атрымаюць 56 спартовак. Сабаленка цяпер займае другое месца ў табелі аб рангах WTA, Азаранка ўпала на 32-е, страціўшы 10 пазіцыяў у «жывым» рэйтынгу пасля вылету ў ⅛-й фіналу Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Ёсць, праўда, яшчэ адно патрабаванне (ITF) для ўдзелу ў Алімпіядзе. Гэта выступ у складзе сваіх нацыянальных камандаў на «Кубку Дэйвіса» (для мужчынаў) і жаночым «Кубку Білі Джын Кінг» (да 2020-га – Кубку федэрацыі). Паводле правілаў ITF, удзельнікам Алімпіядаў неабходна згуляць за свае нацыянальныя каманды ў двух папярэдніх сезонах. Але беларусы, як і расейцы, ад удзелу ў гэтых камандавых турнірах, як вядома, адхіленыя. Хоць ніхто не сумняецца, што ITF зробіць вымушаныя выключэнні.

Ліцэнзіі альбо ўжо маюць, альбо блізкія да іх атрымання некалькі беларускіх плыўцоў, акадэмічны весляр і барцы. На папярэдняй летняй Алімпіядзе ў Токіа разам са спартоўцамі, якія пакорліва прынялі тое, што вычвараў рэжым з людзьмі пасля прэзідэнцкіх выбараў, было і сямёра вольных атлетаў, якія не пагадзіліся з гвалтам і беззаконнем і падпісалі ліст з рэзкім асуджэннем тэрору.

«Спартоўцы былі падзеленыя на «нашых» і «не нашых»»

Раскол у грамадстве, канечне, быў і раней, лічыць кіраўнік міжнароднага Дэпартаменту Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў. Але канчаткова саспеў у 2020-м годзе, што ўрэшце сфармавала і агаліла наступствы гвалтоўнага ўтрымання ўлады Лукашэнкам, кажа Котаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Штаб-кватэра Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) у Лазане, Швейцарыя. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: Fabrice Coffrini / AFP / East News

«Спартоўцы былі падзеленыя на «нашых» і «не нашых». За тое, што яны выказалі нейкую асобную ад дзяржаўнай палітычную, а фактычна, звычайную, агульначалавечую пазіцыю, іх сталі адхіляць ад спаборніцтваў, пазбаўляць стыпендыяў, заробкаў, звальняць і розным чынам рэпрэсаваць. Шмат хто вымушана з’ехаў з краіны. І засталіся адзінкі з іх ліку, якія рознымі кампрамісамі вырашылі вярнуцца ў абойму тых атлетаў, якіх можна называць маўклівымі».

Тыя сямёра ў Токіа выступілі таксама няблага, зрабіўшы важкі ўнёсак у агульную скарбонку балаў зборнай Беларусі.

«Гэта было апошняе мерапрыемства, на якім пад міжнародным ціскам рэжым асадзіў назад. А вось пасля сёлетняй Алімпіяды будзе далейшае ўзмацненне палітыкі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў сэнсе больш жорсткага стаўлення да Расеі і Беларусі. Бо крытэрыям трэба адпавядаць не толькі да і ў час правядзення Алімпіяды, але і пасля», – сцвярджае Анатоль Котаў.

Акрамя Алімпіяды 2024 год адзначыцца і чэрвеньска-ліпеньскім чэмпіянатам Еўропы ў футболе. Ён будзе праходзіць цягам роўна месяца ў дзесяці нямецкіх гарадах.

Праўда, ад Беларусі міжнародныя старты ўсё далей. Міжнародныя ў разуменні «элітныя», а не Таджыкістан, Туркменістан, Афганістан, Ліван. На нацыянальным прававым партале надрукаваная Пастанова Савету Міністраў ад 20 снежня 2023 года, у якой зацверджаны пералік міжнародных спартовых мерапрыемстваў, якія адбудуцца на тэрыторыі краіны ў 2024 годзе. Іх плануецца каля 60. Пастановаю ад снежня 2022 года на мінулы год было запланавана 73 такіх спаборніцтвы, у пазамінулым годзе меркавалі прыняць 76 міжнародных стартаў, а ў 2021-м іх праводзілі нават 93. То бок, колькасць больш-менш прыстойных спартовых імпрэзаў на тэрыторыі Беларусі нязменна зніжаецца. Але аптымізму прапагандыстам, якія засталіся ў Беларусі і пагадзіліся на ўсе ўмовы працы, высунутыя дзяржавай, не пазычаць.

Так, пяць дзён таму ў штаб-кватэры Нацыянальнага Алімпійскага камітэту адбылося паседжанне камісіі ў камунікацыях. Былі абмеркаваныя пытанні «асвятлення ў дзяржаўных СМІ найбольш буйных спаборніцтваў у 2024 годзе з удзелам беларускіх атлетаў, удакладняліся ўмовы акрэдытацыі на старты за мяжою і ў Рэспубліцы Беларусь». Ці гэта было проста абмеркаванне, ці прыняты які дакумент – не паведамляецца. Як і пра тое, ці будзе хто з праўладных журналістаў асвятляць Алімпіяду ў Парыжы. У любым выпадку, ствараць вялікую дэлегацыю, як гэта было яшчэ перад Пекінам у 2022 годзе, ужо дакладна не давядзецца.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў