«Карціна свету Такаева разнастайней, чым у Лукашэнкі». Куды ідзе Казахстан пасля пратэстаў


Мінулы 2022 год для постсавецкай прасторы пачаўся з масавых пратэстаў у Казахстане, падчас якіх другі прэзідэнт здолеў канчаткова адхіліць ад улады першага. Але куды цяпер, праз год, рухаецца Астана, якая яшчэ нядаўна была Нурсултанам? І чаму яна адмовілася падтрымаць Расею ў яе вайне супраць Украіны?

Пратэсты на вуліцах Алматы, Казахстан. 7 студзеня 2022 года.
Фота: AP Photo / Vasily Krestyaninov / East News

У гутарцы з «Белсатам» Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка, стажорка-даследчыца Універсітэта Юстуса-Лібіха ў Нямеччыне, назвала 2022 год вельмі сур’ёзным для Казахстана. Яна нагадала, што студзеньскія пратэсты ўпершыню за постсавецкую гісторыю краіны ахапілі ўсе яе часткі. Але «часовая ўнутрыпалітычная стабілізацыя ўсё ж адбылася». А дзякуючы таму, што ўдалося пазбегнуць грамадзянскай вайны і вырашыць пытанне ваеннага ўмяшання АДКБ, другі прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў нават атрымаў пэўны мандат даверу ад грамадства.

«Калі б яны [АДКБ. – Рэд. Belsat.eu] засталіся на нявызначаны тэрмін, невядома, чым бы гэта скончылася. Гэта быў дрэнны знак. Добра, што Такаеву ўдалося ў кароткі вельмі тэрмін пераканаць іх, што яны не патрэбныя, і нейкім чынам стабілізаваць унутраную сітуацыю. Прайсці па тонкім лёдзе», – лічыць эксперт.

Таксама па Казахстану ўдарыла мабілізацыя ў Расеі, паколькі менавіта сюды ад яе збеглі каля 500 тысяч чалавек. Зараз Казахстан жыве ў чаканні другой хвалі мабілізацыі, адзначыла экспертка.

Што датычыць палітыкі, то за мінулы год у краіне сярод іншага была зменена Канстытуцыя, якая абмежавала прэзідэнцкія тэрміны і вярнула Канстытуцыйны суд. Праўда, Турарбекова лічыць такія змены «касметычнымі». Ды і сам Такаеў на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе 2022 года атрымаў перамогу з «ярмошынскімі» 81,31%.

««Не варта ў дадзеным выпадку чакаць большага. Але маецца палітычная і сацыяльная замова на лібералізацыю. Чаканні ў дачыненні да другога прэзідэнта», – адзначыла экспертка, якая па-ранейшаму лічыць Казахстан аўтарытарнай сістэмай.

Ліквідацыя двоеўладдзя

Галоўным вынікам 2022 года для Казахстана Турарбекава лічыць пазбаўленне ўсіх пасад Нурсултана Назарбаева, супраць якога і былі накіраваныя студзеньскія пратэсты, і ліквідацыю ў выніку гэтага двоеўладдзя, калі «пры жывым другім прэзідэнце першы прэзідэнт працягваў заставацца на чале сілавых структур». Ужо ў гэтым студзені Назарбаеў афіцыйна пазбавіўся статусу елбасы – «Лідара Нацыі».

Акрамя таго, «цяпер адсоўваецца на задні план і адхіляецца ад улады назарбаеўскі сямейны клан і тыя, хто да іх залічыўся», уключна з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, якія праявілі «дзіўную пазіцыю падчас масавых беспарадкаў, сабатаж».

««На вуліцах Алма-Аты не было відаць паліцэйскіх, горад быў аддадзены на разбурэнне. Незразумела, хто захапіў зброю і страляў», – адзначыла гісторык.

І калі сам Такаеў атрымаў мандат даверу «прынамсі ў бюракратычным апараце і сярод часткі казахскага грамадства«, то дзіўныя паводзіны сілавікоў, а таксама смерць 238 чалавек у студзені 2022 года, у тым ліку ад катаванняў, «паставіла перад казахстанскім грамадствам пытанне даверу да ўлады і сілавых структураў», сказала Турарбекава. Сярод тых, да каго ёсць пытанні, былы кіраўнік спецслужбаў Карым Масімаў, якога цяпер судзяць пад грыфам «сакрэтна» за дзяржздраду.

Вайскоўцы выстройваюцца ў чаргу для галасавання побач з плакатам з выявай кандыдатаў у прэзідэнты на выбарчым участку, Алма-Ата, Казахстан. 20 лістапада 2022 года.
Фота: Vladimir Tretyakov / nur.kz / AP/ East News

«Цяпер ідуць складаныя судовыя працэсы, бачна, якія былі здзейсненыя злачынныя памылкі з боку сілавых структур. Уся недасканаласць савецкай судовай сістэмы выкрываецца ў самых брыдкіх формах. Але я спадзяюся, што цяпер ідзе яе трансфармацыя», – заявіла гісторык.

Аднак клану Назарбаева дагэтуль належыць вялікая доля актываў у Казахстане – ад нафты да чыгунак. Упіраецца іх пераразмеркаванне і вяртанне вывезеных за мяжу капіталаў, у тым ліку ў пытанне наяўнасці ў краіне прыватных армій.

««Сям’я вялікая – шмат людзей: шмат зяцёў, дзядзькаў, пляменнікаў, пляменніц, дачок, у якіх мог быць не адзін муж. І ў кожнага быў свой кавалак. Цяпер у кожнага трэба забраць гэта ўсё», – падкрэсліла Турарбекава.

Ды і сам Назарбаеў як першы прэзідэнт працягвае заставацца чалавекам-сімвалам у Казахстане, «праўда, пацьмянелым». Як мяркуе суразмоўца, яго імя застанецца ў гісторыі, падручніках і нават назвах вуліцах.

«Такаеў не зробіць так, каб зусім знішчыць яго і памяць пра яго. Па-першае, ён абавязаны Назарбаеву сваім узлётам. Па-другое, калі вы сёння будзеце судзіць першага прэзідэнта, то чакайце, што вас заўтра таксама будуць судзіць. Ён выдатна разумее, што гэта быў бы падрыў сучаснай казахскай дзяржаўнасці», – склала экспэрт.

Дыскрэдытацыя апазіцыі

19 студзеня, у гадавіну заканчэння пратэстаў, Такаеў распусціў парламент (мажыліс), абраны яшчэ да таго, як ён здолеў пазбавіцца ад надгляду Назарбаева. І хоць роля парламента ў Казахстане, нават нягледзячы на некаторае пашырэнне яго паўнамоцтваў у абноўленай Канстытуцыі, застаецца невысокай, Такаеву ў асобе дэпутатаў патрэбна дадатковая легітымацыя сваіх дзеянняў «бо «пакуль толькі яго аднаго недастаткова», заявіла Турарбекава.

««Краіна досыць вялікая, шмат розных суполак, і яму патрэбная пэўная апора», – адзначыла гісторык.

Сам роспуск парламента і правядзенне новых выбараў былі запланаваны яшчэ раней – у сувязі з абнаўленнем Канстытуцыі і не з’яўляецца вынікам канфлікту або палітычнага крызісу. Але на гэтым фоне, мяркуе Турарбекава, улады краіны імкнуцца паменшыць уплыў апазіцыйных партый, прадстаўнікі якіх прысутнічалі ў распушчаным мажылісе. Менавіта «з пэўнай інструкцыяй» ад кіраўніцтва краіны яна звязала скандал у партыі «Ак Жол», якая жорстка крытыкавала ў мажылісе дзеянні ўрада, а напярэдадні новых выбараў адзін з яе лідараў раптам выступіў у падтрымку расейскай вайны ва Украіне.

Былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў абменьваецца поціскам з прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым падчас з’езду кіруючай партыі «Нур Атан» у Нур-Султане (цяпер – Астана), Казахстан. 23 красавіка 2019 года.
Фота: Stanislav Filippov / AFP / East News

«Неспрактыкаваным грамадзянам незразумела, з чым гэта звязана. Але гэта пачатак палітычнага сезону. Ідзе самадыскрэдытацыя апазіцыйнай партыі. Тут настолькі ўсё шытае белымі ніткамі, што ўсё зразумела», – заявіла экспертка.

Паміж Сцылай і Харыбдай

Той факт, што Казахстан не падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і пагадзіўся выконваць заходнія санкцыі супраць Масквы і Менску, дапамог Такаеву захаваць спрыяльны міжнародны імідж краіны і пазбегнуць абмежаванняў ужо супраць Астаны, адзначыла Турарбекава. У выніку ў Казахстане раслі гандаль, інвестыцыі, сюды рэлакаваліся шматлікія кампаніі з Расеі і тут адкрывалі свае офісы заходнія фірмы. Праўда, экспертка не выключае, што гаворка ў гэтым выпадку можа ісці і аб абыходзе санкцый. Тым не менш, ВУП Казахстан за 2022 год вырас на 3,1% пры падзенні, напрыклад, беларускай эканомікі на 4,7%.

Аднак лавіраванне паміж Расеяй і Захадам не проста даецца Казахстану. У прыватнасці, краіна ўвесь час адчувае ціск з боку РФ «з любой нагоды, пачынаючы ад транспартыроўкі нафты і сканчаючы юртай непарушнасці ў Бучы». Пры гэтым, на думку гісторыка, у знешняй палітыцы Астаны ляжыць не ідэалагічная, а выключна прагматычная пазіцыя:

«Возможно, это не так плохо для государства, которое находится в Центральной Азии, а не в Центральной Европе».

Пры гэтым эксперт падкрэсліла, што « прагматызм прагматызму розніца».

«Лукашэнка таксама лічыць сябе прагматыкам, але як далёка ён зайшоў у сваім прагматызме, мы бачым: цынізм, рускі свет, савецкае мысленне, узмацненне дыктатуры, імкненне да пабудовы таталітарнага грамадства дзеля захавання сваёй улады. У Такаева карціна свету трохі разнастайней. І можа быць ледзь-ледзь больш ліберальная. Яго прагматызм заключаецца ў тым, што Казахстан павінен захоўваць сапраўдную шматвектарную знешнюю палітыку – не намінальную, як абвяшчаў Лукашэнка», – адзначыла гісторык.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў кладзе руку на сэрца, прымаючы прысягу падчас цырымоніі інаўгурацыі ў Нур-Султане (цяпер – Астана), Казахстан. 12 чэрвеня 2019 года.
Фота: AP Photo / Alexei Filippov / East News

Па яе словах, у сітуацыі, калі суседзямі Казахстана з’яўляюцца не Еўрапейскі Саюз, а Расея, Кітай і мусульманскі свет, «трэба быць вельмі дыпляматычным». Даводзіцца выключаць празмерна ідэалагічныя развагі і кіравацца прагматычнымі меркаваннямі: гандаль, business as usual, падтрыманне збалансаваных адносін паміж Расеяй, Кітаем і ЗША.

У гэтых умовах для Казахстана на першае месца выходзіць узмацненне супрацоўніцтва з суседзямі па Цэнтральнай Азіі і, перш за ўсё, з Узбекістанам. Турарбекава адзначыла, што нягледзячы на велізарную тэрыторыю, у Казахстане пражывае ўсяго 20 млн чалавек, якіх недастаткова, каб трымацца на роўным выдаленні ад вялікіх гульцоў.

«Вагі аднаго Узбекістана таксама б не хапіла, але разам яны складаюць ужо 50 млн. Ва Узбекістане выдатна пастаўленыя спецслужбы, узбекская армія прызнана самай моцнай у рэгіёне. Таму такі тандэм Казахстана і Узбекістана ў цэлым апраўданы», – падкрэсліла эксперт.

Праўда, у ахвяру такім адносінам прынесены ў тым ліку роднасны казахам народ каракалпакаў, прадстаўнікі якіх летам 2022 года ўдзельнічалі ў масавых пратэстах ва Узбекістане. Частка каракалпакскіх актывістаў, якіх затрымалі ў Казахстане, Астана затым перадала Ташкенту.

«Менавіта на такім узроўні ўсталёўваецца давер. То бок, гэта азначае, што сілавыя структуры знайшлі агульную мову», – заключыла Турарбекава.

Але для грамадзянскай супольнасці дзвюх краін, па яе словах, гэта не з’яўляецца добрай навіной.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў