У Лондане скралі новую працу мастака Бэнксі


Меней за гадзіну правісела новая праца мастака Бэнксі пасля таго, як стала вядома, каму належыць яе аўтарства, піша «The Guardian».

Скрадзеная праца мастака Бэнксі.
Фота: здымак з відэа «The Guardian»

Праца ў выглядзе дарожнага знака з надпісам «Stop», на якім былі выяўленыя тры беспілотнікі, з’явілася на поўдні Лондану.

Але неўзабаве пасля таго, як стала вядома, што аўтар арт-аб’екту – мастак Бэнксі, на месца прыехалі выкрадальнікі. Двое мужчынаў падышлі да знака і скруцілі яго. У сеціве нават з’явілася відэа з момантам выкрадання.

Паводле «The Guardian», арт-аб’ект мастака нагадвае ягоную іншую працу 2017 года «Удар цывільнага беспілотніка», на якім тры амерыканскія дроны ляцяць над дзіцячым малюнкам узарванага дому. Гэтую працу прадалі за 205 тысяч фунтаў (каля 260 тысяч долараў) на дабрачынным аўкцыёне.

Працы мастака Бэнксі скрадвалі і раней. Гэтак, у Гастомэлі мужчына спрабаваў скрасці графіці мастака з выяўленаю жанчынаю ў супрацьгазе і з вогнетушыльнікам у руках. Ён зрэзаў малюнак са сцяны разам з тынкоўкай, але мужчыну затрымалі, яму выставілі абвінавачанне ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры ва ўмовах ваеннага становішча.

Графіці мастака Бэнксі, скрадзенае ў Гастомэлі.
Фота: Нацпаліцыя Украіны

У 2019 годзе знікла графіці Бэнксі на дзвярах парыжскага клубу «Bataclan», дзе падчас тэракту 2015 года загінулі 90 чалавек.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў