У Беларусі ні на дзень не спыняюцца палітычна матываваныя затрыманні, арышты, суды і прысуды. «Белсат» пераказвае, што адбылася толькі за адзін дзень 23 снежня.
Раніцай 23 снежня стала вядома, што журналіст-фрылансер радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык застанецца за кратамі: яго мусілі вызваліць пасля арышту яшчэ 15 снежня, але распачалі супраць яго крымінальную справу паводле неназванага артыкулу. Днём стала вядома, што інтэрнэт-рэсурсы «Свабоды» МУС назвала «экстрэмісцкім фармаваннем». Вечарам стала вядома пра затрыманне журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча.
Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі амаль пастаянна расце. За сёння – мінус адзін і плюс восем чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Адзін, Дзмітрый Янкоўскі, выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну пакарання за тое, што заступіўся за жанчыну, якую без прычыны ўдарыў міліцыянт.
Працягваюцца затрыманні супрацоўнікаў міжнародных высокатэхналагічных кампаніяў. 23 снежня праўладныя Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі і БТ, апублікавалі «пакаяннае відэа» затрыманай вядучай спецыялісткі ў працы з кліентамі тэлекам-аператара А1 Святланы Каленчыц. Цяпер адбывае арышт за дачыненні з блогерам Антонам Матолька прэс-сакратар А1 Мікалай Брэдзелеў. Тым часам Аляксандр Лукашэнка заклікаў «прыняць жорсткія меры» супраць А1, а праўладныя каналы заклікаюць нацыяналізаваць кампанію, якую купілі аўстрыйцы «A1Telekom Austia Group», якімі валодаюць мексіканцы «América Móvil».
За каментар «На кол» на два гады абмежавання волі («хіміі») у Рагачове асудзілі 33-гадовага кіроўцу Аляксандра Кандроўскага. Гэтымі словамі, піша «Вясна», ён абразіў сумнавядомага ДАІшніка Ігара Вольніча, які спачатку праславіўся тым, што трапіў на відэа, калі душыў каленам пратэстоўца, а потым быў «пацярпелым» у шэрагу крымінальных справаў за «абразу».
Дырэктара сельскага дома культуры ў аграмястэчку Ахова Аляксандра Дземчука арыштавалі на 15 дзён за «непадпарадкаванне», піша «Медиазона». Днём раней ён залез на дрэва, якое камунальнікі збіраліся спілаваць – мясцовыя жыхары тады ўсталі на абарону 200-300-гадовых дубоў на могілках. Раней Дзямчук збіраў подпісы за захаванне дрэваў.
АА belsat.eu