Бізнесовец Аляксандр Мураўёў пра турму, заводы «Ялізава» і «Мотавела» ды ўзлом сейфаў


Першае інтэрв’ю бізнесоўца Аляксандра Мураўёва для «Austria Presse Agentur» запісанае ў студзені 2024 года ў Дубаі. У рыхтаванні ўдзельнічалі тэлеканал «Белсат» і Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Публікуем вытрымкі з размовы. Гэта толькі першая частка. Поўная версія – на відэа.

 

Даведка

На пачатку ліпеня 2015 года вядомага бізнесоўца Аляксандра Мураўёва затрымалі ў Менску. Суд прызначыў яму 11 гадоў калоніі. У жніўні 2022 года Мураўёва перавялі на «хімію», а 29 снежня 2022-га – вызвалілі. Гэта было не датэрміновае вызваленне – содні ў СІЗА залічылі паводле новага закону 1 да 1,5, а таксама двойчы на агульных падставах ужылі амністыю.

– Пра вашае затрыманне пісалі, што вас узялі проста ў аэрапорце, калі вы выляталі ў Вену. Гэта праўда?

– Я прыляцеў у Менск на перамовы, узяў удзел у нарадзе ў Менгарвыканкаме, [на якой. – Заўв. рэд.] былі прадстаўнікі Камітэту дзяржкантролю на чале з Анфімавым [Леанід Анфімаў быў кіраўніком КДК у 2015 годзе. – Заўв. рэд.], мэр Менску [Андрэй] Шорац са сваёй дэлегацыяй. Мне Анфімаў проста на гэтай нарадзе прапанаваў зрабіць так, каб кантрольны пакет быў у дзяржавы, а я працягну кіраваць «Мотавела».

– Як адбылося затрыманне? Жорстка?

– Не, званок у дзверы. Я адчыніў дзверы. Зайшлі. Нешта мне тлумачылі. Некуды тэлефанавалі. Потым пачалі ператрус. Выклікалі панятых. Скончылі ператрус. Падпісалі паперкі. І задалі мне пытанне, у кайданках я паеду або не ўцяку. Я сказаў, што не ўцяку. Пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў КДБ. Ніякага аэрапорту, ніякай пагоні не было.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Аляксандр Мураўёў у сваей кватэры. Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 25 студзеня 2004 года. Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

«Гэтае «П» доўжылася гадамі»

Даведка

У 2001 годзе Аляксандр Мураўёў упершыню ўбачыў шклозавод «Ялізава». Мэта зрабіць з таго, што было, сучаснае прадпрыемства, захапіла бізнесоўца.

– Я даведаўся, што KPMG як агент канадскай карпарацыі «Consumers Glass» абвясціла аб продажы гэтага актыву. Адпаведна, я як кіраўнік аўстрыйскай кампаніі падаў усе неабходныя дакументы і выканаў усе ўмовы конкурсу. Адною з умоваў было выплаціць адзін мільён долараў у якасці задатку, каб прайсці працэдуру далейшага разгляду. «ATEC Handelsgesellschaft GmbH» усе ўмовы выканаў. На той момант тры заводы з чатырох шклатарных ужо памерлі. «Ялізава», у прынцыпе, было за адзін крок ад таго, каб спыніць існаванне. Ніякага попыту на шклатару не было. А тая, што выраблялася, – гэта была ніша «трохлітровыя, маянэзныя, паўлітровыя слоікі», пры гэтым вельмі крывыя, з вялізнымі выдаткамі зробленымі. […] Не было прыватызацыі. Аўстрыйская кампанія набывала 65 % акцыяў шклозаводу «Ялізава» ў канадскай кампаніі.

Гэта значыць, мелася быць велізарная складаная праца для стварэння новых магутнасцяў, для ўкаранення гэтых магутнасцяў у рынак, бо ён не стаіць і не чакае. І мала таго, трэба было верыць у тое, што рынак зменіцца.

 І калі статыстыка продажаў новага шкла ў Беларусі была 12 кілаграмаў на чалавека, а ў Еўропе – 44, то ніхто не мог адказаць на пытанне «А калі ў Беларусі будуць 13-14?», ну, акрамя, можа, ведзьмакоў. Я ведзьмаком не быў. […] Праз тры дні пасля таго, як я прыехаў на прадпрыемства і прадставіўся, я даведаўся, што частку прадукцыі ў выходныя забірае мясцовая мафія… У прадпрыемства адсутнічала функцыя забеспячэння, бо ўсю сыравіну прывозілі нейкія пасярэдніцкія кампаніі, і яны ж забіралі і везлі некуды гэтую прадукцыю. Дык вось, роўна праз тры дні тэхнічныя спецыялісты заводу ўзрадавалі мяне тым, што адна з дзвюх печаў згарэла. А да запуску новых магутнасцяў мінімум два гады. І толькі ад адной думкі, што мне трэба будзе ўтрымліваць 850 чалавек, якія наогул нічога не робяць, мне блага рабілася. […] Гэта была не кан’юнктура, гэта была… Ёсць словы на літару «П», да прыкладу, яны вельмі добра адлюстроўваюць той стан. І гэтае «П» доўжылася гадамі.

«Аляксандр Саныч, пацярпіце»

– Пра шкляныя актывы. Яны збанкрутавалі, вы пачалі апавяшчаць аб банкруцтве. Што здарылася пасля?

– Не, яны не збанкрутавалі, іх абрабавалі. Банкруцтва – гэта фінансавая неплацежаздольнасць удзельнікаў рынку, якія ў больш-менш роўных умовах. І хтосьці з іх з нейкай прычыны ці то не ўмее кіраваць, ці то не ўмее прадаваць, ці то нешта яшчэ робіць не так.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

Канстытуцыйны абавязак любой дзяржавы – стварэнне ўмоваў. У тым ліку для суб’ектаў гаспадарання. У Расеі газ для шкляных заводаў каштаваў да 80 долараў, у Беларусі – 340 долараў. Адпаведна, дакладна такая ж прапорцыя ў цане электрычнасці. Калі такое ўзнікае, натуральна, ёсць матэматычны разлік страты здольнасці дыхаць, працаваць, забяспечвацца і гэтак далей, але прадпрыемства памірае нашмат раней. Бо канкурэнты, якія бачаць, што гэта адбудзецца, далучаюцца да гэтай палітыкі на знішчэнне прадпрыемства. Яны пачынаюць у тую зону тваіх інтарэсаў пастаўляць сваю прадукцыю за дэмпінгавыя цэны, каб ты і там не мог працаваць. Мала таго, што расейскія прадпрыемствы лёгка зайшлі на беларускі рынак, лёгка выціснулі беларускія прадпрыемствы з расейскага…

– Што ўрад Беларусі павінен быў рабіць?

– Адзінае, што яны маглі і абавязаныя былі рабіць, – гэта стварыць канкурэнтныя ўмовы. Спосабаў звычайна заўсёды два: або абмежаванні замежнага гандлю, у чым я быў катэгарычна не зацікаўлены.

Закрытая мяжа, якая нібыта абараняе беларускага вытворцу, адначасова не дае яму працаваць на іншых тэрыторыях. Гэта яшчэ горш. Для шклянога заводу, для шкляной галіны трэба прастора, якая істотна перавышае 10 мільёнаў насельніцтва. Таму адзінае, што трэба было рабіць, – купляць у Расеі газ за 127 долараў, як Беларусь купляла, і прадаваць з разумнай маржай, як хаця б для тых галінаў, якія газазалежныя. […] І я стаў на абарону не толькі «Ялізава» і іншых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у групу. Я аб’яднаў усе шклатарныя прадпрыемствы як адзіную групу і выходзіў з ініцыятывай толькі ў інтарэсах галіны.

Пісаў лісты, уносіў ініцыятывы. І чуў пастаянна адказ: «Аляксандр Саныч, пацярпіце, вось-вось будзе прынятае рашэнне – газ для шклатарнай галіны будзе ўсталяваны 127 долараў, можа, максімум 140-180 долараў, гэта часовая сітуацыя, пацярпіце, калі ласка». Ну, пацярпець можна месяц. Пацярпець тры гады?

Падман з боку Міністэрства прамысловасці

– Менш чым за год да продажу «Мотавела» дзяржава вам уліла туды каля 8 мільёнаў долараў. Вы заўважылі гэтыя 8 мільёнаў, калі прыйшлі на прадпрыемства?

– Мне было цікава ўбачыць баланс. І я яго ўбачыў. Натуральна, я глядзеў, што адбывалася да таго. Дык вось, «Мотавела» на момант угоды – гэта было прадпрыемства, на якім лічыліся, працавалі 2500 гараджанаў. «Мотавела» было прадпрыемствам, якое атрымала выручку, умоўна, каляндарны год, каля 20 мільёнаў долараў. Гэта азначае прыкладна 8000 долараў на чалавека. Адзін чалавек уносіць праз прахадную за месяц у Менску, станам на 2007 год, з падаткамі прыкладна столькі ж.

Мне было відавочна, што фінансавы стан прадпрыемства, паводле маіх ацэнак, мінус 6–10 мільёнаў долараў за год. Калі нічога не памяняць, то трэба пасля ўгоды адразу скасоўваць гэтае прадпрыемства, інакш яно пачне гніць.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

– Але ж гэтак і адбылося. Вы, як толькі прыйшлі, адразу ж пачулі, што трэба разлічыцца з дастаўнікамі.

– Абсалютна дакладна. Ёсць паняцце абавязання, якое ўзнікла пасля ўгоды, і я іх палічыў, і яны былі інтэграваныя ў фінансавую мадэль. Але я яшчэ ведаў, што ўзнікнуць абавязанні, якія былі ўчарашнімі. Даты плацяжоў схаваныя былі. Гэта значыць, у той фінансавай інфармацыі, што была пададзеная перад угодаю, гэтыя абавязанні або адсутнічалі, не былі пададзеныя, або дата выканання абавязанняў стаяла далей.

– Міністэрства прамысловасці вас падманула, хочаце сказаць?

– Так, вядома. І я тады разумеў, што калі я пачну на гэтым этапе падымаць, выстаўляць абвінавачанні, то гэта вельмі небяспечна з пункту гледжання ўзаемаадносінаў. Яны мне былі патрэбныя канструктыўныя, таму было знойдзенае іншае выйсце. «ATEC Holding» адразу пасля ўгоды выдаў «Мотавела» крэдыт на адзін год, на тое, каб выканаць самыя вострыя абавязанні. Гэта заробкі, падаткі, энергетыка і нейкая аплата камплектавальных, якія найбольш важныя на гэтым этапе. […] І я быў абсалютна ўпэўнены, што пасля таго як «ATEC Holding» набудзе гэтыя акцыі, я збалансую фінансавую мадэль прадпрыемства ў нулявую кропку за адзін-два гады.

Я змяню працу на рынку з прадукцыяй, прыбяру непатрэбныя выдаткі. Мне было вядома, што такая функцыя, як забеспячэнне, практычна была перададзеная з менеджарамі «Мотавела» расейскай кампаніі, якая яе раздзявала. Я ведаў, што на гэтай функцыі – як мінімум 20 %. Калі гэтую функцыю выканаць прафесійна, то на «Мотавела» сітуацыя палепшыцца на 3-4 мільёны долараў на год. Трохі больш прафесійная праца на рынку – яшчэ 3-4 мільёны долараў на год. […] Гэта была мая мэта. Адпаведна, тых 20 мільёнаў долараў, што планаваліся для інвестыцыяў, было цалкам дастаткова для дасягнення гэтай мэты, як, у прынцыпе, потым і адбылося. Адзінае, карты зблытаў фінансавы крызіс, 2007–2009 гады, ён вельмі моцна ўдарыў. Потым быў яшчэ ўдар у 2014 годзе, калі Украіна практычна перастала забіраць прадукцыю, што выраблялася для яе ў сезон.

«Чаму, паскуда, станкоў не купіў?»

– У абвінавачанні было: навошта амаль адразу пасля таго, як «ATEC Holding» купіў «Мотавела», адбыўся давыпуск 10 мільёнаў акцыяў на 10,5 мільёна долараў, і большасць грошай, пераведзеных за гэтыя акцыі на рахункі «Мотавела», тут жа вярнулася ў ATEC «на выкананне абавязанняў, не звязаных з інвестыцыйным бізнес-планам».

– Каб вярнуць крэдыты, іх трэба атрымаць. Гэта значыць, спачатку ATEC даў крэдыты. Пасля гэтага «Мотавела» разлічылася за крэдыты.

– Але вам гэта паставілі ў абвінавачанне.

– Я сёння стаўлюся да таго, што адбылося ў дачыненні мяне, як да злачынства супраць правасуддзя. Калі, дарэчы, Аношка [Сяргей Аношка працаваў на «Ялізаве». – Заўв. рэд.] быў на допыце, ён там тлумачыў, што «Мотавела» павінна было на атрыманыя грошы купіць станкі. Я яму проста ў залі суда кажу: «Аношка, ты чаго не купіў станкоў? Вось ты дырэктар, ты чаму іх не купіў?» Ён кажа: «Дык былі ж абавязанні ў такую-та дату вярнуць атрыманыя грошы». І чаму ты, калі грошы атрымаў, паскуда, станкоў-та не купіў? Ён кажа: «А таму, што калі я атрымаў крэдыт ад «ATEC Holding», я выпісаў заробак, я пагасіў пазыкі за падаткі». Я кажу: «Абавязанні вярнуць грошы ты ўзяў?» – «Так, узяў». – «А чаго не вярнуў?» Кажа: «А як жа я іх куплю? А потым «ATEC Holding» даў грошы ў інвестыцыі, але пры гэтым у мяне паводле графіку стаяць даты плацяжоў за раней атрыманыя пазыкі». Кажу: «Дык станкоў ты чаго не купіў?» – «Ну дык фінансавая ж мадэль, абавязанні, іх трэба выконваць». – «Не трэба выконваць абавязанняў, трэба станкі купіць!» Ведаеш, што ён сказаў? Кажа: «Саныч, а калі я куплю станкі, а крэдыторы дадуць наганяй, то, б****, электрычнасць адключаць, а заробку не выплачу – людзі не прыйдуць. А нах*р такія станкі?»

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

– Дарэчы, гэта адно з галоўных абвінавачанняў, што вы не закупілі на 13 мільёнаў долараў.

– Гэта нейкае глупства. Дамова куплі-продажу не ўтрымлівала ў сабе такія абавязанні.

– Бізнес-план утрымліваў.

– У момант падпісання дамовы куплі-продажу не было бізнес-плану, ён з’явіўся толькі праз год, можа, праз паўтара. І складаўся гэты бізнес-план такімі, як Аношка.

– Але чаму Міністэрства прамысловасці ўспрымала гэты бізнес-план як абавязковы для выканання вамі?

– Гэта добрае пытанне. Гэты бізнес-план з’явіўся праз год і чатыры месяцы, то бок праз нейкі час пасля падпісання дамовы куплі-продажу. Гэты бізнес-план рабілі работнікі «Мотавела» на падставе тых прагнозаў, якія яны ж і будавалі. Значыць, і ў гэты ж бізнес-план былі ўключаныя абавязанні разлічыцца перад «ATEC Holding» за пазыкі, атрыманыя ў верасні 2007 года. Яны ж таксама былі ў бізнес-плане.

– І станкоў купіць на $13 млн.

– Адпаведна, менеджары плануюць, што яны атрымаюць такую вось выручку, у гэтай выручкі будзе такая вось якасць, яны будуць мець такія вось выдаткі, яны купяць столькі вось станкоў і разлічацца па абавязанні, якія раней узніклі. Гэта ўсё бізнес-план. Усе лічбы бізнес-плана з’яўляюцца адзіным матэматычным комплексам. Калі з нейкай прычыны ў 2008 годзе ў свеце зʼявіўся фінансавы крызіс, натуральна, яны ўнеслі карэкцыю ў абʼём продажаў, яны ўнеслі карэкцыю ў структуру выдаткаў і склалі іншы бізнес-план.

Бізнес-план – гэта інструмент, які дазваляе скаардынаваць працу прадпрыемства. Але няма ніводнага бізнес-плану ў свеце, які ў абсалютнай дакладнасці спраўдзіўся з тым, як ён быў намечаны – ні ў [Ілана] Маска, ні ў Біла Гейтса такіх бізнес-планаў не існуе. А вось дамовы, яны існуюць. Дамова абавязвае бакі, бізнес-план не абавязвае.

Калі ў суд прыйшла эксперт у бізнес-планах, я задаў адно простае пытанне: «Скажыце, а ці вядомы вам хоць адзін бізнес-план, які б не змяняўся?» Кажа: «Не, не вядомы». – «Вам вядомы хоць адзін бізнес-план, які б быў выкананы ў тым сцэнары, які быў першасна напісаны?» Кажа: «Не, яго заўсёды мянялі». – «Ну дык у чым праблема?» – «Вось проста мы не знайшлі бізнес-план, яго чарговую рэдакцыю». Але я, седзячы ў камеры СІЗА, не магу шукаць бізнес-планы рэдакцыі 2010 ці 2009 года. Яны ёсць.

– Гэта значыць былі карэктывы бізнес-плана?

Дык кожны дзень карэктуюцца бізнес-планы. […] Кіраўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ў 2012-м разам з гарвыканкамам і Мінфінам ацаніла вынікі працы пяці гадоў. А раз на год яны падпісвалі прамежкавыя планы ў сувязі з дамовай, падпісвалі іх вельмі акуратна, адпраўлялі на «Мотавела» камісію, яны ведалі, куды і колькі накіравана сродкаў. Ім было ўсё гэта зразумела.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

– Чаму так адбылося? У 2013 годзе яны падпісваюць справаздачу, у іх няма да вас ніякіх прэтэнзіяў. А ў 2015-м яны прыходзяць і кажуць: не, было ўсё дрэнна.

– Калі гэты фінансавы крызіс быў […] мне Анфімаў (асабіста прыехаў на «Мотавела») казаў: «Хлопцы, я вас вельмі прашу, не кідайце прадпрыемства, не кідайце». І мы абмяркоўвалі ўсё, што, натуральна, першачарговай задачай для прадпрыемства – выкарыстоўваць сродкі на падаткі і заробкі. Таму што менавіта гэтыя два артыкулы запускаюць незваротны працэс разбурэння. Крыху менш вырабіў у 2009 годзе, прадаў у 2010-м больш, у 2011-м больш, і ты аднаўляешся. Але нявыплата зарплаты незваротная, таму што ты ніколі не зможаш утрымаць добра матываваную каманду і супрацоўнікаў, калі ты не выплаціў зарплату і падаткі.

Я лічу, існуе тэма, якая прывяла да вось гэтай напругі. Гэта тое, што я энергічна і прафесійна абараняў інтарэсы шклатарнай галіны ва ўмовах неканкурэнтных тарыфаў на газ і электрычнасць. І я не проста абараняў. […] Мяне турбавала, што паміраюць прадпрыемствы, якія з такой энергіяй былі створаныя. Разам з тым пасёлкам Ялізава, у якім сур’ёзна змянілася жыццё. Яно стала нармальным. Таму адтуль пайшоў канфлікт.

– Не таму, што вы ім пагражалі? Вы ім казалі, што вы проста закрыеце, і 1000 чалавек застанецца без працы.

– Не, я не сказаў, што закрыю. Я сказаў, што закрыццё непазбежна. […] Калі ў прадпрыемства грошы, што паступаюць, не адпавядаюць той суме, якую неабходна выдаткаваць, гэта не можа доўжыцца гадамі.

Як рыжскі банк узламаў кватэру

– Каб выканаць абавязанні па інвестыцыях $20 млн на «Мотавела» (гэта была частка дамовы), вы бралі крэдыт у латвійскім банку. У заклад вы ім пакінулі $30 млн акцый «Мотавела», якія ў іх засталіся. Вас арыштавалі, гэты крэдыт не быў пагашаны, акцыі засталіся як заклад у гэтага банка. Што з імі стала далей?

Банк атрыманыя акцыі, на мой погляд, павінен быў альбо прадаць і выкарыстаць сродкі на пагашэнне крэдыту, альбо прапанаваць іх мне… А ён проста іх аддаў уладам Беларусі. І гэта дазволіла дасягнуць мэтаў той крымінальнай справы, якая была сфабрыкаваная супраць мяне. Таму што галоўная мэта была – забраць увесь пакет акцый, $75 млн.забраць іх без добраахвотных альбо актыўных дзеянняў з боку банка было немагчыма.

– У вас у Маскве была Нерухомасць, Кватэра 320 квадратаў у прэстыжным жылым комплексе. У Аўстрыі наогул у так званай вёсцы мільянераў пад Венай быў дом. Не ведаю сумарны кошт гэтай нерухомасці сёння – $6-7 млн? Замест таго каб разбірацца з акцыямі, Латвійскі банк папросту забраў у вас гэта ўсё.

Ну, калі ты сядзіш у турме і калі цябе пазбавілі права на абарону інтарэсаў, на правасуддзе, можна забіраць усё што заўгодна. Банк, акрамя таго што атрымаў рашэнне Рыжскага суда – трацейскага суда камерцыйных банкаў, ён атрымаў яго з грубым парушэннем публічнага парадку. Банк праінфармаваў трацейскі суд, што ўсе бакі спрэчкі належным чынам апавешчаныя. Я нават не ўяўляў, што такое судовае паседжанне адбудзецца. Банк свядома накіраваў паведамленне мне па адрасах, па якіх я не знаходзіўся, і банку гэта было вядома. […] Атрымаўшы паведамленне, я б меў права накіраваць свае пярэчанні альбо накіраваць свайго прадстаўніка і быць належным чынам прадстаўленым у працэсе. Але гэтага не адбылося. […] Суд вынес рашэнне без майго ўдзелу, без магчымасці накіраваць свае пярэчанні, абараняць свае інтарэсы. Пасля гэтага банк прабраўся ў кватэру без судовых прыставаў, узламаўшы дзверы.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

– У якую кватэру?

– У маскоўскую. Банк расчыніў сейфы. У кватэры знаходзіліся тры сейфы. Там былі дакументы, каштоўныя паперы, вельмі важныя для мяне і сёння. Там былі грошы. І банк сваёй паперкай апісаў акт аб тым, што нібыта ляжала толькі ў адным сейфе. А тое, што знаходзілася ў двух іншых сейфах, банк нават паперку не склаў. Банк сваімі сіламі вывез маёмасць з кватэры, склаў нейкі вопіс, але, нават гледзячы на гэты вопіс, я магу сказаць, што там і блізка няма той маёмасці, якая знаходзілася ў кватэры. Гэта азначае крадзеж.

Справа ў тым, што для мяне таксама цікава, чаму ў прысудзе маскоўская кватэра падлягае канфіскацыі, і чаму судовыя прыставы Беларусі не здзейснілі ніякіх дзеянняў па канфіскацыі гэтай кватэры. А банк з уладальнікам, з акцыянерам асноўным, калі ў мяне было пагадненне, ён разумеў, што гэтая кватэра павінна быць выведзена з-пад абцяжарання, з-пад закладу, таму што банк атрымаў усе неабходныя разлікі, і ён мяне запэўніў, што незалежна ад таго, што адбудзецца, ніякіх рызык з асабістай маёмасцю няма. І раптам банк забірае гэтую кватэру. Гэта, відавочна, змова.

– Банка з кім?

Альбо з тым, хто ініцыяваў і вёў крымінальны пераслед супраць мяне, альбо з кімсьці з уладаў, хто мог на гэта ўплываць. Таму што, сапраўды, для судовых прыставаў у Беларусі канфіскаваць кватэру коштам некалькі мільёнаў долараў – гэта таксама быў, увогуле, каштоўны прыз, але яны гэтага не зрабілі. Гэта значыць, гэтая кватэра дасталася банку ў складзе нейкага рашэння, па якім ён не прад’явіў права на акцыі «Мотавела», тым самым зрабіўшы магчымым дасягненне мэты экспрапрыяцыі гэтых акцый і мой крымінальны пераслед. Гэтыя рэчы, відавочна, звязаныя. І я буду вельмі рады, калі мне дзякуючы нейкім абставінам стане дакладна вядома, што гэта не так, таму што змова банка адной з еўрапейскіх дзяржаў з мэтай незаконных рэпрэсій у дачыненні да свайго кліента – гэта вельмі дрэнная гісторыя.

Грамадзянін Беларусі, ці аўстрыйскі інвестар?

Даведка

Цяпер кампанія «ATEC Investment GMbH» выведзена з аўстрыйскага рэестру праз адсутнасць дзейнасці. «Ameta Holding GMbH» ліквідаваная. Аляксандр Мураўёў займаецца аднаўленнем аўстрыйскіх фірмаў.

– У матэрыялах вашай справы ёсць таксама дакументы, якія былі перададзеныя афіцыйна аўстрыйскай дзяржавай беларускаму боку. Як вы ставіцеся да таго, што Аўстрыя фактычна дапамагла Беларусі асудзіць вас?

Дзіўна, што з Аўстрыі дакументы паступілі, выпіскі з Firmenbuch на ўсе кампаніі, нейкая яшчэ дапаможная інфармацыя. Яна ў прынцыпе не ўяўляла ніякай таямніцы. І толькі праз год я даведаўся, што зямельны суд у Бадэне адмовіў у прадстаўленні інфармацыі. Гэтае рашэнне паступіла ў беларускі КДБ, і ён для таго, каб не вымаць з матэрыялаў крымінальнай справы, паводле якой мне далі 11 гадоў, гэты ліст памылкова накіраваў у матэрыялы іншай крымінальнай справы. Такім чынам, суддзя выкарыстаў гэтыя дакументы ў абгрунтаванні прысуду. Як быццам бы яны нешта даказваюць.

– Вы грамадзянін Беларусі, але пры гэтым пазіцыянавалі сябе як аўстрыйскі інвестар. Кім вы сябе больш адчуваеце?

 Я гэтае пытанне сабе сам часта задаю. Хто ж я? І такога адназначнага адказу няма. Вядома, я больш беларус. Мяне больш звязвае эмацыйна з Беларуссю. Але я вельмі хацеў быць часткай розных краін, розных дзяржаў, і я ўсё дзеля гэтага рабіў. […] Але я хацеў быць чалавекам, які адчувае сябе ў Аўстрыі як дома. І я таксама для гэтага ўсё рабіў.

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Фоты прадстаўленыя рэдакцыі

– Дубай – вельмі нятанны горад. Там, дзе вы жывяце, нават самае таннае жыллё – $1 млн. На што вы жывяце, калі ў вас усё канфіскавана?

Ну, агулам не ўсё і не ўсюды. Да 2015 года я, як заснавальнік і адзін з уладальнікаў альбо акцыянераў групы кампаній «АТЭК», маштаб вытворчасці і продажаў якой быў у гадавым эквіваленце [роўны. – Рэд.] каля $200 млн, атрымліваў акцыянерныя даходы, цалкам адпаведныя таму, як я жыў і працаваў. Тое, што тычыцца васьмі гадоў у турме, – ёсць давераныя людзі, якім удавалася нейкія актывы ператвараць у грошы і забяспечыць больш-менш нармальна пытанні маёй жыццядзейнасці, падтрымкі маіх блізкіх. Ёсць людзі, якія мяне падтрымалі, калі я не мог гэтага рабіць сам.

А вось ужо ў першыя дні, калі я прыехаў сюды, я зразумеў маштаб стратаў і марадзёрства. Сейф мой быў ускрыты, грошай там не было, нават у Дубаі. Я не стаў выклікаць паліцыю, таму што разумеў, што сапсую сабе настрой.

– Ці верыце вы, што ў Беларусі могуць адбыцца перамены і вы зноў за інвестуеце ў Беларусь?

Жаданне ёсць. Я б хацеў, каб Беларусь была краінай, дзе выконваецца адзін з галоўных сэнсаў існавання дзяржавы – забеспячэнне бяспекі і правасуддзя. […] Я на сабе не адчуў ні таго, ні другога. Я пацярпеў ад бессэнсоўных рэпрэсій. Я панёс страты ў частцы свайго жыцця. Я не змог праводзіць бацьку. У мяне выраслі дзеці. І я правёў 7 гадоў і 7 месяцаў у турме і лагеры. Адпаведна, з бяспекай не атрымалася.

– Вы згадалі таксама сям’ю. У вас тры дачкі. Якія ў вас адносіны? Вы часта бачыцеся?

– Дочкі былі тут, у мяне. Мы правялі выдатна разам час. Стэлефаноўваемся. Бывае, што кожны дзень, а часам некалькі разоў на дзень. Бо ўсё ж такі яны ўжо самастойныя, вялікія, то, натуральна, я разумею, што быць душным татам – дрэнна. Я памятаю, як ва ўзросце 14-15 гадоў я думаў толькі пра адно: як бы хутчэй кудысьці зваліць. – Гэта прытым, што ў нас вельмі добрая мама, тата, я іх вельмі люблю. Але ў нейкі момант гэтая патрэба – жыць уласным жыццём – становіцца вельмі моцная. І ў іх яна такая ж. І я вельмі хачу, каб яны жылі сваё, толькі сваё жыццё, сваім вопытам, сваімі ведамі.

– У якой краіне?

У той, у якой выконваюцца два прынцыпы: бяспека і правасуддзе.

– І гэта можа быць Беларусь?

– Я хачу, каб гэта была Беларусь.

Размаўляў Ігар Кулей

Стужка навінаў