МЗС Беларусі апраўдваецца перад замежнымі дыпламатамі за вываз украінскіх дзяцей


У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 22 верасня прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў, на якім прадстаўнік МЗС спрабаваў апраўдацца за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Сустрэча прайшла на фоне заклікаў Еўразвязу выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за здзяйсненне гэтага злачынства.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 22 верасня прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў.
Фота: mfa.gov.by

З беларускага боку на сустрэчы прысутнічаў намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч і Аляксей Талай, фонд якога ажыццяўляе дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусі з захопленых Расеяй украінскіх тэрыторый.

Як сказана ў паведамленні ведамства, мэтай сустрэчы стала «давядзенне да замежных дыпламатаў актуальнай інфармацыі ў адносінах да гуманітарнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь па садзейнічанні аздараўленню дзяцей з Данбасу ў летніх лагерах на тэрыторыі нашай краіны».

«З улікам публічна сказанага, у тым ліку на пляцоўках ААН, з боку некаторых афіцыйных асобаў Украіны, а таксама заходніх палітычных і дзяржаўных дзеячаў і структур па абвінавачанню кіраўніцтва Беларусі ў «гвалтоўнай дэпартацыі» ўкраінскіх дзяцей, намеснік міністра падрабязна спыніўся на працы беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і дзяржаўных структур па аказанні дапамогі дзецям Данбасу», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Замежным дыпламатам распавялі, што нібыта беларускі бок дзейнічае поўнасцю празрыста і ў адпаведнасці з усімі юрыдычнымі патрабаваннямі пры вывазе і знаходжанні і ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 22 верасня прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў. Юрый Амбразевіч і Аляксей Талай (злева).
Фота: mfa.gov.by

Таксама ў паведамленні ведамства сказана, што па гэтым пытанні кіраўніцтва МЗС кантактуе з афіцыйнымі асобамі ААН з «мэтай растлумачэння дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне і дэзавуявання беспадстаўных абвінавачанняў у адрас Беларусі». А кіраўнік ведамства Сяргей Алейнік нібыта накіраваў Генеральнаму сакратару ААН Антонью Гутэрышу ліст з запрашэннем наведаць Беларусь і пераканацца ў выкананні Беларуссю ўсіх абавязкаў у галіне міжнароднага гуманітарнага права.

Толькі на гэтым тыдні ў Беларусь прыехалі 48 дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, сярод іх – жыхары Севераданецку і Лісічанску, якія знаходзяцца на тэрыторыі самаабвешчанай ЛНР. Дзеці правядуць тры тыдні ў Наваполацку. Іх прыбыццё арганізаваў паралімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай.

Аднак вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый з’яўляецца злачынствам. За гэта Міжнародны суд ужо выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі Львовай-Бяловай, якая арганізоўвала вываз і асіміляцыю дзяцей з Украіны. Такі ж ордар на арышт заклікалі выдаць для Аляксандра Лукашэнкі.

Да таго ж 14 верасня Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, дзе заклікаў прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку за ўчыненне гэтых злачынстваў.

Між тым кіраўнік НАУ Павел Латушка паведамляў «Белсату», што рыхтуецца ўжо другая частка камунікацыі для Міжнароднага крымінальнага суда, якая папярэдне гатова. Яе плануюць перадаць у Гаагу і ў Генеральную пракуратуру Украіны. Першую частку перадалі ў чэрвені.

Hавiны
НАУ рыхтуе новыя доказы пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.09.20 00:35

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў