У Літве бачаць пагрозу ў вяшчанні на тэрыторыі краіны беларускіх радыёстанцыяў і ТБ


Беларускія радыё і тэлевізійныя каналы, якія прымаюцца на тэрыторыі Літвы, транслююць кантэнт, які ёсць «дэзынфармацыяй і прапагандай», заявілі ў літоўскай Службе рэгулявання сувязі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: калаж Белсат

Паводле словаў літоўскага рэгулятара сувязі, жыхары памежных раёнаў у Літве глядзяць беларускія тэлепраграмы і маюць магчымасць слухаць хвалі радыёстанцыі «Радыё Мір». Як сцвярджаецца, паведамленні пра тое, што на пэўных частотах «Радыё Мір» можна злавіць нават у Вільні, паступалі ў службу неаднаразова.

Згодна з літоўскімі спецыялістамі, праведзеная праверка не выявіла ніякіх парушэнняў, станцыя выконвае ўзгодненыя ўмовы аб магутнасці сігналу. Тым не менш, яны сцвярджаюць, што гэта стала праблемай, якая павінна быць вырашаная.

Паводле намесніка старшыні Службы рэгулявання сувязі Даруса Кулешуса, «кантэнт ёсць дэзынфармацыяй і прапагандай. Ён не адпавядае патрабаванням літоўскага заканадаўства і не адпавядае грамадскім інтарэсам».

Таксама Дарус Кулешус адзначыў, што ў літоўскае вяшчанне спрабавала ўмешвацца Расея, транслюючы радыёстанцыю «Спутник», якая з красавіка 2023 года пачала працаваць незаконна і без узгадненняў, «стварыўшы новую станцыю каля Ніды і нацэліўшыся на наш рэгіён». Але рашэнне было знойдзенае, і з ліпеня вяшчанне расейскай станцыі спынілі.

Для развязання праблемы з трансляцыяй беларускіх станцыяў і тэлеканалаў дэпутаты плануюць правесці супольнае пасяджэнне камітэтаў нацбяспекі і абароны культуры з удзелам міністра ўнутраных справаў Літвы.

«Калі маеш справу з аўтарытарнымі дзяржавамі і кіруешся выключна нейкімі ўмоўнасцямі і правіламі, то робішся своеасаблівым закладнікам сітуацыі. Я думаю, што мы павінны быць больш гнуткімі ў абодвух выпадках, калі гэта прапаганда і дэзынфармацыя, рабіць усё, каб не дапусціць наяўнасці гэтых праграмаў у Літве», – падкрэсліў кіраўнік парламенцкага Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы Лаўрынас Касчунас.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў