Што вядома пра наймітаў, дзеля якіх на Полаччыне «выселілі» дзяцей са школы


22 жніўня, паводле інфармацыі ўдзельнікаў плану «Перамога», у вёсцы Багатырская Полацкага раёну была закрытая школа, каб рассяліць у ёй наймітаў ПВК Вагнэра. Што пра гэта вядома, мы спыталі ў кіраўніка арганізацыі ByPol Аляксандра Азарава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія салдаты на вучэннях з інструктрамі ПВК Вагнэра.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Паводле Аляксандра Азарава, вагнэраўцаў будзе да 20 чалавек, бо большай колькасці для правядзення трэніровак не патрабуецца. Таксама ён адзначыў, што заставацца на тэрыторыі школкі найміты будуць прыкладна цягам месяца.

Кіраўнік ByPol адзначыў, што дзяцей, якія вучыліся ў школе, перавялі ў школу ў Полацку, якая месціцца прыкладна за пяць кіламетраў, і, паводле словаў Азарава, «няма аўтобусаў, якія туды ходзяць», таму, магчыма, гэтае пытанне будзе вырашацца неяк асобна: каб вазіць дзяцей у школу, могуць вылучыць спецыяльны рэйс.

Аляксандр Азараў паведаміў, што вагнэраўцы будуць трэнаваць беларускіх байцоў Сілаў тэрытарыяльнай абароны, і дакладна вядома, што трэніроўкі будуць адбывацца ў вёсцы Тросніца, якая месціцца за некалькі кіламетраў ад школы. Там дыслакуецца 49-я радыётэхнічная брыгада. Таксама могуць праводзіцца трэніроўкі частак, якія ёсць у Полацку і іншых вёсках.

Акрамя таго, кіраўнік ByPol адзначыў, што вайсковыя вучэнні, якія будуць ладзіцца ў Полацкім раёне з 22 жніўня да 14 верасня (пра іх згадваў «Беларускі Гаюн») могуць мець прамую сувязь з размяшчэннем паблізу расейскіх наймітаў. Бо «вагнэраўцы бяруць удзел ва ўсіх вучэннях, яны раскіданыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, па ўсіх вайсковых палігонах, дзе трэнуюць беларускіх вайскоўцаў».

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў