Дзень закладніка

Закладнік – чалавек, якога вораг бярэ ў палон, каб прымусіць іншых рабіць тое, што хоча вораг. Кембрыджскі слоўнік.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Удзельніца акцыі памяці Вітольда Ашурка на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беларусі цяпер 1500+ афіцыйных значных закладнікаў з сямі мільёнаў дарослых. Значных, бо іх прызналі афіцыйна палітычнымі вязнямі, а гэтае прызнанне атрымліваюць далёка не ўсе беларусы, якіх лукашысты без віны пасадзілі ў турму. На жаль, іх нашмат больш. Псеўдапракурор Швед, напрыклад, нядаўна налічыў больш за 6000 такіх «злачынстваў». Калі дадаць сюды асобаў, якія застаюцца ў турме паводле адміністратыўных артыкулаў, то атрымліваецца, што адзін з тысячы беларусаў цяпер сядзіць у турме. Кагосьці з іх я ведаю асабіста. Усе яны не здзяйснялі ніякага злачынства. Іх перыядычна катуюць, збіваюць, ім не даюць спаць, выходзіць надвор пазбаўляюць лекаў, не даюць чытаць лістоў ад сваякоў, запалохваюць. Некаторыя з іх цяжка хворыя, пра некаторых нічога не вядома ўжо некалькі месяцаў, некаторыя забітыя. Дзясяткі, сотні і тысячы беларусаў бяруць у гэтым тэроры асабісты ўдзел.

Нагадвае часы Трэцяга райху, калі нацысты бралі ў закладнікі некалькі мясцовых жыхароў, каб утрымаць у страху захопленую вёску. Чаму гэта адбываецца цяпер?

Дзесяцігоддзямі шмат хто з нас маўкліва згаджаўся мець у якасці кіраўніка чалавека, які сваіх праціўнікаў забіваў, звальняў, саджаў у турмы, прымушаў з’ехаць з краіны. Дзясяткі, сотні і тысячы беларусаў бралі ў гэтым асабісты ўдзел.

Дзесяцігоддзямі шмат хто з нас маўкліва згаджаўся з тым, што асноўны гандлёвы партнёр нашай краіны ладзіць у сябе знішчэнне цэлых народаў і вобласцяў ды атакуе тэрыторыі суседзяў. Шмат хто наўпрост казаў пра тое, што «нам жа патрэбныя танныя газ і нафта», «а каму мы яшчэ прадамо прадукцыю нашых заводаў».

І калі ў 2020 годзе большасць беларусаў выступіла супраць Лукашэнкі, у Расеі ўжо былі свае планы на 2022 год на нашыя землі. Улічваючы маштабы аперацыі і неабходныя тэрміны для яе планавання. Беларусь – гэта ключавое месца, адкуль магчыма атакаваць Украіну, пагражаць Літве і Польшчы. І што б ні казалі канспіролагі, Лукашэнка – адзіны, каму Пуцін даверыў кантроль над будучым плацдармам нападу на Украіну. Гэта цалкам тлумачыць «безлімітны» тарыф падтрымання, на які Пуцін перавёў Лукашэнку за апошнія гады.

Казаць «палітычны вязень» дарэчна ў мірны час. Падчас вайны тэрмін «закладнік» здаецца больш прыдатным. Усе тысячы невінаватых беларусаў, якія сядзяць у турме, – закладнікі Лукашэнкі, Пуціна ды іхных суўдзельнікаў. Мне здаецца, дакладнасць тэрміналогіі істотная для правільнага разумення сітуацыі.

Гэтыя закладнікі ім патрэбныя, каб працягваць кантраляваць нашыя землі. Беларусь патрэбная ім для далейшых вайсковых пагрозаў суседнім. Яшчэ вельмі зручна мець падкантрольную юрысдыкцыю для транзіту падсанкцыйных тавараў і абыходу антываенных санкцыяў.

Што трэба для вызвалення закладнікаў? Перамагчы ў вайне. Нават калі кагосьці з іх выпусцяць раней, то гэта часовая свабода. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, кожнага з іх могуць пасадзіць у турму зноў.

Ім можна дапамагчы. Падтрымайце грашыма ці чым заўгодна іхныя семʼі, калі вы ў Беларусі. Калі вы не ў Беларусі, дапамажыце тым, хто змагаецца супраць Лукашэнкі і Пуціна. Грашыма, а найлепш – асабістым удзелам. Больш эфектыўных за ЗСУ на гэтым кірунку цяпер нікога няма.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў