Еўрапейская рада пастанавіла прыпыніць трансляцыю ў Еўрапейскім Звязе чатырох выданняў, якія распаўсюджваюць і падтрымліваюць расейскую прапаганду і агрэсіўную вайну супраць Украіны. Гаворка пра «Голос Европы», «РИА Новости», «Известия» і «Российскую газету».
«Гэтыя медыі – пад сталым беспасярэднім або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ды адыгрываюць важную ролю ў распаўсюдзе і падтрыманні агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, а таксама ў дэстабілізацыі суседніх краінаў», – гаворыцца ў паведамленні Еўрапейскай рады.
У прыватнасці, «Голос Европы» звязаны з былым народным дэпутатам Украіны, кумам Уладзіміра Пуціна Віктарам Медведчуком. Рэсурс распаўсюджваў дэзынфармацыю ў Чэхіі. За гэта Медвядчук трапіў пад санкцыі Чэхіі.
ЕЗ адзначае, што Расея праводзіць сістэматычную міжнародную кампанію маніпулявання сродкамі масавай інфармацыі і інфармацыяй, грубага скажэння фактаў з мэтай апраўдаць і падтрымаць поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны. А таксама для ўзмацнення дэстабілізацыі суседніх краінаў і краінаў ЕЗ.
«Прапагандысцкая дзейнасць, маніпуляванне інфармацыяй і ўмяшанне неаднаразова ды паслядоўна былі скіраваныя супраць украінскай дзяржавы і яе ўладаў, украінскіх грамадзянаў, а таксама еўрапейскіх палітычных партыяў, асабліва ў перыяд выбараў, а таксама супраць грамадзянскай супольнасці, асобаў, якія шукаюць прытулку, расейскіх этнічных меншасцяў, гендарных меншасцяў і функцыянавання дэмакратычных інстытутаў у ЕЗ і яго дзяржавах-сябрах», – піша прэс-служба Еўрапейскай рады.
Еўрапейская рада мае намер і далей рабіць захады, у тым ліку ўводзіць санкцыі, якія аслабляюць здольнасць Расеі працягваць весці агрэсіўную вайну.
Арсен Рудэнка belsat.eu