У Беларусі назіраецца ўсплёск вытворчасці авіяцыйнага рэактыўнага паліва і яго паставак у Расею чыгуначным транспартам, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» (СЧБ). Верагодна, ёсць пастаўкі і для ваенных мэтаў.
«За апошнія 10 дзён фактычна з нуля рэзка павялічаны аб’ёмы экспартных перавозак са станцыі “Барбароў” (Гомельскае аддзяленне БЧ – НОД-4) наліўных складаў з авіяцыйным рэактыўным палівам на станцыі Маскоўскай і Кастрычніцкай чыгунак РЧ у адрасы паліўных сховішчаў аэрапортаў Масквы, Санкт-Пецярбургу, Курска і Петразаводска», – піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Станцыя «Барбароў» знаходзіцца недалёка ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
СЧБ зафіксавала наступныя станцыі прызначэння на 17 мая: аэрапорты «Унукава», «Дамадзедава», «Жукоўскі», «Пулкава», «Петразаводск», а таксама Нафтапрадуктаперапамповачная станцыя ГПС «Шылава-3» і аэрапорт «Курск – усходні».
«”Курск – усходні” зʼяўляецца аэрадромам сумеснага базавання (выкарыстоўваецца як грамадзянскай, так і ваеннай авіяцыяй). З-за ўварвання Расеі ва Украіну з 24 лютага 2022 года па цяперашні час уведзеная забарона на палёты грамадзянскай авіяцыі з/у аэрапорт. Цяпер выкарыстоўваецца толькі для ваенных патрэб. Па некаторых дадзеных, адтуль узлятаюць ваенная авіяцыя з кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі і карэктуюцца авіяцыйнымі бомбамі на пілонах, для бамбардавання тэрыторый Украіны», – падкрэслівае СЧБ.
Што тычыцца Мазырскага НПЗ, з якога, падобна, узраслі пастаўкі, у асноўным завод вырабляе аўтамабільны бензін і дызельнае паліва з нізкім утрыманнем серы, бытавое пячное паліва, бытавы газ, тэхнічны бутан і асвятляльны газа, а таксама авіяцыйнае рэактыўнае паліва. Паводле «Флагшток», апошняе вырабляюць у тым ліку для звышгукавых рухавікоў.
СЧБ адзначае, што для яго вытворчасці «неабходная перанастройка абсталявання, што памяншае абʼёмы выпуску асноўнай прадукцыі і значна зніжае выпуск некаторых найменняў, а менавіта самага запатрабаванага ў народнай гаспадарцы – дызельнага паліва».
«У выніку такой “брацкай дапамогі” ствараецца некаторы дэфіцыт прадукцыі, але ўжо для ўнутранага беларускага рынку.
У якасці арыентыровачных лічбаў можна прывесці наступныя значэнні вытворчасці рэактыўнага паліва на двух беларускіх НПЗ: пры цяперашняй загрузцы заводаў у суткі яны патэнцыйна могуць вырабляць 800-1000 тон рэактыўнага паліва (прыкладна пароўну для кожнага з вытворчасцяў)», – піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Рост паставак з Беларусі можа казаць пра рост дэфіцыту авіяцыйнага рэактыўнага паліва ў Расеі, што звязанага з нападамі на расейскую інфраструктуру, у тым ліку на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Таксама гэта можа быць падрыхтоўкай да масіраванага ўжывання вайсковай авіяцыі, мяркуе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Арсен Рудэнка belsat.eu