Лукашэнка назваў вайну Азербайджану за Карабах «вызваленчаю». Што адкажа Арменія?


Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Азербайджан да свайго «брата» Ільхама Аліева наведвае ў тым ліку тэрыторыю Нагорнага Карабаху, якая яшчэ летась была самаабвешчанай армянскаю Нагорна-Карабахскаю Рэспублікай. Ён не толькі прапануе свае паслугі для аднаўлення рэгіёну, але і апавядае, як абмяркоўваў з Аліевым вайну за Карабах яшчэ да яе пачатку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка ў горадзе Фюзулі, Азербайджан. 17 траўня 2024 года.
Фота: president.az

Падчас візіту палітыка ў Азербайджан і наведвання ім Нагорнага Карабаху ў размовах пра неабходнасць аднаўляць рэгіён ці ўскладання кветак азербайджанскім героям прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўсяляк намагаецца пазбягаць назвы рэгіёну.

«Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Беларусь уваходзіць у АДКБ разам з Арменіяй. Арменія ж і так вельмі пакрыўджаная і на Менск, і на Маскву, што яе не падтрымалі ў пытанні супрацьстаяння з Азербайджанам у пытанні гэтай даўняй тэрытарыяльнай спрэчкі», – патлумачыў у каментары «Белсату» замоўчванне назвы рэгіёну палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Паводле эксперта, наведванне кіраўніком краіны – чальца АДКБ Нагорнага Карабаху – «гэта такая аплявуха афіцыйнаму Ерэвану». Таму, каб «лішні раз не сыпаць соль на раны» армянскаму кіраўніцтву, але пры гэтым атрымаць грошы ад Азербайджану, афіцыйная прэса лукашэнкаўскага рэжыму і ўжывае такую фігуру, як «паехаў некуды на нейкія тэрыторыі».

Баку добра заплаціць, а Менск не спытае лішняга

Палітычны аглядальнік тлумачыць візіт Лукашэнкі ў Азербайджан перадусім практычнымі меркаваннямі, планамі зарабіць грошай на будоўлі аб’ектаў на тэрыторыях, якія нядаўна ўвайшлі пад кантроль Баку. У сваю чаргу Ільхаму Аліеву важна прадэманстраваць падтрыманне з боку кіраўнікоў іншых дзяржаваў сваім дзеянням у Нагорным Карабаху, «у гэтым, мякка кажучы, спрэчным пытанні прыналежнасці гэтай тэрыторыі, вакол якой вайна бушавала не адзін год».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковы парад з удзелам прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева, прымеркаваны да трэцяй гадавіны перамогі Азербайджану ў Другой карабахскай вайне ўвосень 2020-га. Ханкендзі, Азербайджан. 8 лістапада 2023 года.
Фота: Azerbaijani Presidency / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Палітычны аналітык, незалежны эксперт у краінах СНД Аркадзь Дубноў падкрэсліў у размове з «Белсатам», што стасункі Аліева і Лукашэнкі маюць даўнюю гісторыю. Баку нават дапамагаў Менску з нафтаю, калі ў таго былі праблемы з Расеяй.

«Іх збліжае даверлівасць, заснаваная на абсалютна постсавецкім менталітэце гэтых лідараў», – сказаў аналітык.

Паводле эксперта, Аліеў сапраўды можа быць зацікаўлены ў будаўнічых паслугах, якія можа надаць Баку беларускі бок і якія будуць «вельмі нябедна адплачаныя з боку нябеднага Азербайджану». Прычыны зацікаўленасці Азербайджану менавіта ў беларускіх будаўніках Дубноў бачыць з аднаго боку ў досведзе і якасці працы, а з другога – у лёгкасці, з якою можна дамовіцца.

«Чаму не звярнуцца да краіны, з якою дастаткова лёгка дамовіцца дзякуючы агульным постсавецкім традыцыям, агульнаму стаўленню да Захаду, адсутнасці дадатковых рызык, нейкіх патрабаванняў, магчыма, нават палітызаваных з боку заходніх кампаніяў, якія зусім адсутнічаюць у выпадку супрацы з Беларуссю. У гэтым сэнсе Менск – вельмі зручны партнёр», – заявіў аналітык.

Прыхаваныя інтарэсы Масквы

Дубноў не выключае ў пытанні перамоваў адносна будаўнічых планаў у Карабаху таксама геапалітычнай гульні. Беларусь у гэтых перамовах можа таксама рэпрэзентаваць інтарэсы Расеі, з якою «Азербайджану зусім сёння ніякавата працаваць наўпрост».

Пры гэтым нелегітымны кіраўнік Беларусі, называючы Аліева безумоўным лідарам Паўднёвага Каўказу, выказвае кампліменты, якія немагчыма наўпрост выказваць з Масквы, «але праз Лукашэнку гэта рабіць зручна».

«Так што тут кампліментарная славянска-каўказская палітыка працуе вельмі нядрэнна», – сказаў Дубноў.

Што адкажа Ерэван?

Армянскі палітолаг Сяргей Мелканьян у размове з армянскімі медыямі адзначыў, што візіт Лукашэнкі ў Азербайджан і ягоныя заявы наглядна дэманструюць вынікі працы армянскай і азербайджанскай дыпламатыі:

«У той час як Ерэван здавольваўся фармальнымі дакументамі, Баку актыўна працаваў над тым, каб саюзнікі Арменіі падтрымлівалі Азербайджан, а як мінімум – займалі нейтральную пазіцыю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка на выставе «Гейдар Аліеў і Карабах» у Шушы, Азербайджан. 17 траўня 2024 года.
Фота: president.az

Мелканьян таксама згадаў заяву Лукашэнкі, якую далі азербайджанскія медыі, але выразалі з ягоных словаў афіцыйныя беларускія рэсурсы. У ёй ён наўпрост ухваліў вайну Баку супраць мяцежнага Нагорнага Карабаху.

«Я яшчэ падумаў, успомніў нашую гутарку перад вайною, перад вашаю вызваленчаю вайною, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы дайшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна», – сказаў Лукашэнка ў размове з Аліевым. Афіцыйная прэс-служба самаабвешчанага кіраўніка Беларусі пакінула толькі словы да і пасля гэтай фразы.

«І гэта заяўляе фармальны саюзнік Арменіі ў АДКБ і ЕАЭС», – заўважыў Мелканьян.

Як заявіў Класкоўскі, Ерэван і раней выказваў незадавальненне паводзінамі Менску ў карабахскім пытанні і агулам дзейнасцю АДКБ, «але Лукашэнка ставіцца да гэтага спакойна, цынічна нават, бо грошы не пахнуць для беларускага кіраўніцтва». Пагатоў «акрамя рыторыкі армянскія ўлады нічога не могуць ужыць супраць Беларусі», тады як гандаль з Баку, у тым ліку прадукцыяй вайсковага прызначэння, у Менску нашмат большы.

«Гэтыя прагматычныя меркаванні для Лукашэнкі, відавочна, пераважаюць. І ён думае: «Ну, паабураюцца ў Ерэване, а што яны мне зробяць?» – разважае Класкоўскі.

На думку Дубнова, улады Арменіі, «калі будуць паводзіць сябе палітычна і разумна», наагул не звернуць увагі на візіт Лукашэнкі ў Нагорны Карабах, бо сляды армянскай прысутнасці ў рэгіёне знішчае не ён, а азербайджанскія ўлады. Што датычыць АДКБ, то Дубноў прапанаваў перастаць казаць пра яе як пра арганізацыю, якая мае «хоць нейкае значэнне ў новай геапалітыцы, у прыватнасці, на паўднёвым Каўказе».

З тым, што Ерэвану не варта напаляць стасункаў з Менскам, згодны і Мелканьян. Паводле яго, «сёння Арменія не ў тым становішчы, каб памнажаць ворагаў, калі ёсць два «суседы» [Азербайджан і Турэччына. – Заўвага рэд. belsat.eu], якія чакаюць зручнага моманту для нападу».

Разбор
Візіт Лукашэнкі ў Азербайджан: маштабы грандыёзныя, але зарабіць не атрымаецца
2024.05.17 08:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў