«Катуюць не палітвязняў, а тых, хто мае «жоўтую бірку». Ці трэба баяцца статуса палітзняволенага?


Па стане на 23 красавіка ў Беларусі – 1496 палітвязняў.  Былыя зняволеныя, і самі праваабаронцы прызнаюць, што гэтая лічба нашмат ніжэйшая за рэальную колькасць асуджаных паводле палітычных матываў, бо атрымаць больш дакладную інфармацыю цяжка праз закрытыя суды. Часам і самі асуджаныя, і іхныя сваякі нічога не распавядаюць, бо баяцца, што прызнанне «палітычным» пацягне за сабой жорсткае стаўленне з боку адміністрацыі калоніі. Ці сапраўды катаванні ў турмах залежаць ад наяўнасці ці адсутнасці статуса палітвязня? Што губляюць тыя, хто адмаўляецца ад прызнання палітзняволеным? Абмеркавалі з былымі палітвязнямі і праваабаронцам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

«У органаў ёсць свае спісы, на якія вязень паўплываць не можа»

Віктар Пархімчык, былы палітвязень, які прайшоў праз «хімію» і калонію №17 у Шклове, распавядае, што сутыкаўся са зняволенымі, якія баяліся «палітычнага» статуса, бо думалі, што яго наяўнасць узмоцніць ціск з боку адміністрацыі калоніі.

«Аднак з асабістага досведу магу сказаць, што прэсінг не ад гэтага залежыць – у органаў ёсць свае ўнутраныя спісы, на якія вязень паўплываць не можа», – кажа былы палітзняволены.

Паводле Віктара, галоўную ролю грае «жоўтая бірка», якая сведчыць пра так званы «экстрэмісцкі ўлік».

«Катуюць не палітвязняў, а менавіта тых, хто мае «жоўтую бірку». Напрыклад, такія зняволеныя, у незалежнасці ад прызнання праваабаронцамі, не маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Пры любой надуманай нагодзе на іх накладаюць спагнанні. Амаль усе гэта разумеюць адразу, але да некаторых даходзіць пазней, бо для людзей уласціва чапляцца хоць за нейкую выратавальную саломку, ілюзіі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч паказвае сваю жоўтую бірку пасля выхаду на волю.
Фота: TUT.by

У выніку, кажа Віктар, пасля тых катаванняў, праз якія праходзяць у турмах «жоўтыя біркі», такія людзі наадварот пачынаюць перадаваць на волю сваё жаданне трапіць у спісы палітвязняў, каб пасля вызвалення было прасцей адразу з’ехаць у вольны свет ды і ўвогуле проста абазначыць сабе і атачэнню, што яны ніякія не злачынцы.

«За свой шлях, які я прайшоў – праз «хімію», калонію і некалькі СІЗА, я сустрэў усяго аднаго чалавека, які сядзеў больш за год і застаўся няўхільным у сваім жаданні не знаходзіцца ў спісах палітвязняў. Ён хацеў застацца ў сваім маленькім гарадку і выношваў планы на мірнае жыццё пасля вызвалення, – распавядае Віктар Пархімчык. – Большасць з нас разумела ўтапічнасць такога плана. Ніхто не дасць спакойнага жыцця ў сталінскія часы былому палітзэку».

«Калі ў цябе гучная справа, цябе пасадзяць надоўга, калі нягучная – на два ці тры гады»

Пра тое, што на статус палітвязня ў калоніі мала хто глядзіць, кажа таксама былая палітзняволеная, журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова. Паводле дзеўчыны, адміністрацыя і супрацоўнікі месцаў зняволення найперш глядзяць на артыкул, паводле якога асуджаны чалавек.

«Ведаю, што людзі не хочуць, каб іх прызнавалі палітвязнямі, бо баяцца ціску на сябе, на блізкіх, што гэта паўплывае на вынік суда, але насамрэч гэта не так. Калі ў цябе гучная справа, цябе пасадзяць надоўга. Калі нягучная – на два ці тры гады. Гэта так працуе. Там глядзяць на артыкул. Калі ты сядзіш па 342-м, ці за здраду радзіме, каментары, абразу – ты адразу экстрэміст для іх, і на цябе тады будзе пэўны ціск».

Стаўленне да асуджаных паводле палітычных матываў адрозніваецца ад стаўлення да звычайных крымінальнікаў, і даволі, моцна, падкрэслівае журналістка.

«Напрыклад, як было пры мне – у калонію прыехала дзеўчына, якую затрымалі праз год пасля таго, як яна выходзіла на маршы. Яе моцна пацягалі паўсюль, ледзь не вымушалі супрацоўнічаць з аператыўнікамі, пагражалі, што калі яна адмовіцца, яе маме, якая таксама адбывала пакаранне, будзе кепска. Да яе прыходзілі на працу – такога кшталту ціск. Колькі разоў і са мной такое бывала – сядзіш на фабрыцы, працуеш – прыходзіць аператыўнік і пачынае абшукваць твае рэчы, хоць ён не павінен гэтага рабіць».

Ад Дар’і хацелі дамагчыся прызнання віны, таму з ёй праводзілі псіхалагічную працу – часта выклікалі на гутаркі – аператыўнікі, псіхолагі, нават майстрыхі на фабрыцы ці вязні, якім супрацоўнікі калоніі загадалі паразмаўляць з журналісткай.

Прызнаваць чалавека палітвязнем супраць яго волі – не самае дэмакратычнае рашэнне

Дар’я перакананая, што тым, хто сядзіць па палітычных артыкулах, лепш быць прызнанымі палітвязнямі.

«Бо потым, калі будуць разбіральніцтвы, моцна дапаможа дакладная лічба. Гэта ж зразумела, што цяперашняя – паўтары тысячы – не адпавядае рэчаіснасці. Палітычных вязняў нашмат больш. І чым больш прызнаюць, чым больш пра гэта кажуць і ведаюць, тым большым будзе ціск Захаду на рэжым», – кажа былая палітзняволеная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя ў падтрымку палітзняволеных і ахвяр міліцэйскага гвалту ў Таронта, Канада. 3 красавіка 2021 года. 
Фота: Kyaw Soe OO / Reuters / Forum

Журналістка зазначае, што баяцца не варта, бо «насамрэч гэта не мае сэнсу – горш ужо быць не можа».

«Калі цябе не прызнаюць палітвязнем, пра цябе проста не кажуць. Тады складаней атрымаць нейкую дапамогу. Пра цябе проста не ведаюць», – зазначае Дар’я.

У той жа час былая палітзняволеная лічыць, што калі чалавек катэгарычна супраць, то прызнаваць яго палітвязнем супраць яго волі – не самае дэмакратычнае рашэнне.

«Калі чалавека ставяць на «экстрэмісцкі» прафулік, для адміністрацыі ён аўтаматычна палітвязень»

З тым, што не статус палітвязня вызначае стаўленне да чалавека ў калоніі, згодны і былы палітвязень Даніла Ганчароў, які больш за год адсядзеў у Шклоўскай калоніі.

«Калі ў калонію заязджае чалавек, якому надалі дзясяты прафулік – экстрэмісцкі, ён у іх аўтаматычна палітвязень. Часам яны нават не ведаюць, каго праваабаронцы прызналі палітвязнем, а каго – не. У мяне супрацоўнік пытаўся, прызналі мяне ці не, бо яму, маўляў, лянота высвятляць», – кажа Даніла.

Ціск менавіта на палітвязня можа быць, калі ён вядомы, перадае на волю шмат інфармацыі, ягоныя блізкія атрымліваюць шмат дапамогі, калі ўсё гэта пастаянна афішуецца, зазначае мужчына.

«Ёсць вязні, якія сядзяць і баяцца, а ёсць тыя, якія наадварот дамагаюцца прызнання палітвязнямі. У нас быў такі хлопец, Алесь – звычайны злодзей-рэцыдывіст. Так сталася, што яму сябры падсунулі чырвона-зялёны сцяг, які аднекуль сарвалі, калі іх пачалі «хапаць». Думалі, што калі ў яго ёсць досвед, то ён іх уратуе. Не ўратаваў. І сам атрымаў па 342 артыкуле тэрмін. Ён як раз хацеў стаць палітвязнем. Такім людзям падаецца, што ў будучыні ім гэта надасць нейкі статус. Але памыляюцца і яны, і тыя, хто баіцца гэтага статуса».

«Што могуць «сунуць у плечы», за катаванні не лічу, бо гэта мужчынская калонія»

Даніла зазначае, што тыя, хто спрабуе схавацца, адхрысціцца ад палітычнага статусу, часам пагаджаюцца на супрацоўніцтва з адміністрацыяй калоніі, пачынаюць даносіць.

«Але такіх ніхто не любіць, у тым ліку і адміністрацыя калоніі, таму для іх гэта звычайна сканчаецца кепска. У выніку яны ўвогуле застаюцца без падтрымкі», – кажа былы палітвязень.

Прэсінг на тых, хто стаіць на «экстрэмісцкім уліку», паводле нашага суразмоўцы, можа быць самы розны. Самы распаўсюджаны – ШІЗА па любой дробязі.

«Могуць парушэнні ўкінуць, не вельмі прыемна пагутарыць, запалохаць, пазбавіць спаткання з роднымі. Можа быць і нешта больш жорсткае – узгадаем Ашурка. Калі я прыехаў у калонію, яны там крыху суцішыліся, бо гэта як раз быў час пасля той трагедыі, таму палітычных не білі. Іншыя катэгорыя асуджаных – з так званага нізкага сацыяльнага статусу – так – «перавыхоўвалі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты Amnesty International, пераапранутыя зняволенымі, бяруць удзел у акцыі пратэсту ў Празе, каб прыцягнуць увагу да палітычных зняволеных у Беларусі. 20 траўня 2014 года.
Фота: David W Cerny / Reuters / Forum

Даніла кажа, што яму маглі паабяцаць часам, калі была нейкая спрэчка, што зараз «паразмаўляюць як трэба», але далей пагроз справа не заходзіла.

«Тое, што могуць «сунуць у плечы» у жарт ці не, я за катаванні ці пабоі не лічу, бо гэта ўсё ж такі мужчынская калонія», – кажа былы вязень.

Нейкіх асаблівых бонусаў ад статуса палітвязня Даніла Ганчароў таксама не адчуў. Спачатку прыходзілі лісты, зазначае мужчына, але потым іх забаранілі і перадавалі толькі ад самых блізкіх. У фонды па дапамогу пасля вызвалення беларус таксама пакуль не звяртаўся.

«Няма межаў іхнай вынаходлівасці што датычыць катаванняў»

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка зазначае, што на падставе шматлікіх аповедаў пра тое, што адбываецца ў беларускіх месцах зняволення, праваабаронцы прыходзяць да высновы, што часта абыходжанне з вязнямі мае выгляд катавання.

«Як мінімум, гэта форма жорсткага бесчалавечнага стаўлення. Гэта тыя выпадкі, калі палітвязняў адвольна накіроўваюць у ШІЗА, ПКТ, карцары, калі ім робяць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання, пераводзяць з калоніяў у турмы. Мы фіксавалі звычайнае брутальнае збіццё прадстаўнікамі адміністрацыяў калоніяў. Можна прыводзіць шмат прыкладаў, няма мяжы іхнай вынаходлівасці што датычыць катаванняў».

Адначасова спадар Павел зазначае, што не стаў бы наўпрост звязваць стаўленне з боку адміністрацыі калоніі з прызнаннем чалавека палітвязнем.

«Прамой залежнасці паміж катаваннямі і статусам палітвязня мы не бачылі, але мы часта чуем паведамленні, што як раз адсутнасць прызнання чалавека палітвязнем расцэньваецца як акалічнасць, якая дазваляе адміністрацыі калоніі ці СІЗА бяскарна здзекавацца з чалавека».

«Калі мы перастанем казаць пра палітвязняў, стане толькі горш»

На тое, ці правакуе менавіта статус палітвязня катаванні ў месцах зняволення, ёсць розныя кропкі погляду, у тым ліку, палярныя, зазначае праваабаронца.

«Я не схільны аспрэчваць чыйсьці досвед і абясцэньваць іх меркаванні. Магчыма, у некаторых выпадках гэта было менавіта так. Я перакананы, што такім чынам – праз ціск і запужванне – адміністрацыі калоніяў рэалізуюць палітыку замоўчвання, вываду са сферы грамадскай цікаўнасці тэмы палітвязняў, каб мы пра гэта не казалі, каб журналісты не пісалі, а родныя і блізкія не паведамлялі. Але як раз калі мы будзем маўчаць, сітуацыя будзе пагаршацца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Titov / EAST NEWS

Праваабаронца прыводзіць як прыклад гісторыю палітвязня Арцёма Анішчука, які зазнаў моцны ціск і нават збіццё з боку адміністрацыі калоніі яшчэ да прызнання яго палітвязнем.

«І гэта не адзіны выпадак. Таму я не думаю, што некаму будзе добра, калі мы перастанем казаць пра існаванне палітвязняў, не будзем паведамляць пра прызнанне асуджаных палітычнымі зняволенымі», – рэзюмуе праваабаронца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў