Смяялася з суддзі, не магла звыкнуць да сябе ў люстэрку ў калоніі. Дар’я Чульцова дала вялікае інтэрв’ю


Былая палітзняволеная журналістка «Белсату» Дарʼя Чульцова адбыла за кратамі 657 дзён і выйшла на свабоду 3 верасня. Праз паўтара месяца па вызваленні яна дала гадзіннае відэаінтэрв’ю YouTube-каналу «Максимально».

Затрыманне ў дзень выбараў

Дар’я Чульцова кажа, што не ўспрымае таго, што цяпер адбываецца, як нечага рэальнага. Яна разумее, што трэба расказваць пра тое, што перажыла сама і што перажывае зняволеная калега Кацярына Андрэева, але дадае: цяпер столькі праблемаў, што яна ўжо не можа быць «у ролі героя», а мусіць стаць «тым, хто працуе».

«Мне здаецца, я ведала, што адседжу, яшчэ 9 жніўня», – згадвае Дар’я 2020 год.

Яна ўспамінае, як у дзень прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выйшла з дому, каб пайсці на выбарчы ўчастак і нешта паздымаць. Пад домам яе сустрэлі «людзі ў цывільным», звезлі ў РУУС. Там тры следчыя па чарзе 12 гадзінаў запар спрабавалі ёй «залезці ў галаву» і «прамыць мазгі», пераканаць, што яна робіць штосьці няправільнае.

Адпусцілі а 2-й гадзіне ночы. Дар’я прыгадвае, што з РУУС дадому проста пабегла, замкнулася на ўсе замкі і пайшла мыцца:

«Пабегла ў душ і проста спрабавала змыць з сябе вось гэта ўсё. У мяне было адчуванне, што мяне проста згвалцілі».

Яна кажа, два дні ні з кім не размаўляла, проста сядзела ў ложку. Але потым пайшла працаваць, бо «акрамя мяне гэтага ніхто не зробіць».

Гісторыі
«Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар’яй Чульцовай – на 38-ы дзень пасля турмы
2022.10.13 18:30

Затрыманне на плошчы Пераменаў і смех у судзе

Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Пераменаў у Менску. Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому на вуліцы Смаргоўскі тракт, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі журналістак.

Дар’я згадвае, што калі рабіла трансляцыю, пра небяспеку не думала: яна ведала, што раён атачылі, бачыла дроны сілавікоў, якія падляталі да акна, але канцэнтравалася на тым, што звонку можа адбыцца нешта важнае, што трэба паказаць.

Пасля вынясення прысуду журналісткам «Белсату» журналісты Літвы спантанна зладзілі акцыю падтрымання несправядліва асуджаных журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай каля амбасады Беларусі. Адзін з журналістаў трымаў той самы здымак, на якім Дар’я і Кацярына ўсміхаюцца. Вільня, Літва. 19 лютага 2021 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

З суда разляцеліся фота, дзе Дар’я і Кацярына ўсміхаюцца з-за кратаў. Дар’я кажа, яны смяяліся з таго, што ведалі, што так і будзе:

«Мы смяяліся з пракуроркі, з суддзі, бо нібы мы іх раскусілі: мы казалі і паказвалі, што ведалі, што вы так зробіце, але нам пляваць».

Ціск, каб прасіла памілавання

Першы час пасля пачатку масавых судоў за пратэсты нярэдка казалі: «Яны столькі не адседзяць». Дар’я прыгадала, што цяжка было заставацца ў няволі і кожны дзень чакаць, што раптам адпусцяць, што можа раптам быць амністыя. І гэтак было штодня, бо «ўся калонія – гэта дзень сурка», а такімі надзеямі жыве большасць зняволеных.

Дар’ю шмат разоў прымушалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. У нейкі момант у яе здалі нервы, яна проста сядзела і паўтарала: «Я больш так не магу». Але тое мінула, дзяўчына «закрылася ў нейкую скрыначку» і засталася на сваіх пазіцыях.

Прашэння не падпісала, бо ў ім трэба прызнаць віну – а Дар’я не магла прызнаць таго, чаго не рабіла. І не магла прасіць адпусціць яе чалавека, які яе і пасадзіў, бо адчувала проста фізічнае непрыманне: казала, калі б адна рука пачала пісаць, другая рука перашкодзіла б.

Беларус беларусу
Дар’я Чульцова пра здзекі, даносы і жыццё пасля турмы
2022.10.21 21:02

Тэлевізія ў калоніі

Калонія ў Гомлі мела тэлестудыю, якая звалася «Вектар». Зняволеныя мусілі глядзець яе праграмы ў вызначаны час, сюжэты здымалі самі асуджаныя. Дар’я згадвае, як заўважыла дзяўчыну з відэакамерай і як праз акенца бачыла праграму для відэамантажу «Adobe Premiere», вельмі сумавала – хацела вярнуцца да сваёй працы, без навінаў была ломка, «свярбелі рукі». Ды як «схільную да экстрэмізму» яе да такой працы не дапускалі.

«Яны баяліся, напэўна, што калі я атрымаю доступ да гэтага, я рэвалюцыю там учыню, «Белсат» учыню», – смяецца Дар’я.

Гэта была «высокая пасада», усе зняволеныя імкнуліся працаваць дзе заўгодна, акрамя фабрыкі, дзе «працуеш 6 гадзінаў на дзень, а адчуваеш як усе 12». Адміністрацыя там не ставіцца да зняволеных як да людзей, кажа Дар’я: успрымаюць як раба, які мусіць працаваць.

Сустрэча з Дар’яй Чульцовай у студыі «Белсату» пасля вызвалення і пераезду ў Польшчу. 22 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Святы ў няволі

Адзін дзень народзінаў Дар’я сустрэла ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. З ёй у камеры былі Алана Гебрэмарыям, Сафія Малашэвіч і Марыя Несцерава (усе палітвязні). Дар’я згадвае, што ёй зрабілі торт і самаробную віншавальную газету – узялі фота з «Новага часу» (якраз прайшлі суды, здымак Дар’і і Кацярыны быў на перадавіцы газеты).

Другі дзень народзінаў быў ужо ў калоніі, прыпаў на нядзелю, але гэта быў працоўны дзень. Яе спрабавалі весяліць і забаўляць, але атрымаўся звычайны дзень.

Тры разы Дар’я праспала Новы год – думае, і наступны можа праспаць. У калоніі на Новы год дазвалялі накрываць сталы, весяліцца, класціся пасля 12-й ночы.

«Гэта нейкі такі рытуал: калі ты сядзіш у калоніі, гэта не значыць, што жыццё спынілася. Яны спрабуюць жыць далей, і такімі вось святамі яны падтрымліваюць гэтае жыццё».

Пасля выхаду на волю, прызналася Дар’я, паўстала прорва між ёй і старымі сябрамі: ці то яны сталі іншымі, ці яна змянілася. А тыя, хто сталі блізкімі людзьмі, цяпер у няволі, таму забаўляцца цяпер цяжка.

Артыкулы
Як палітвязні хацелі б (і меліся) сустрэць Новы год
2021.12.31 07:30

Як даглядаць сябе ў калоніі

Дар’я кажа, што ў калоніі крэмы і шампуні – «мегаважна, бо гэта частка твайго нармальнага жыцця». У перадачах не прапускаюць масак, пенак, тонікаў, а ў краме калоніі прадаецца толькі беларуская касметыка не самай высокай якасці. Цырульня ў калоніі ёсць, там працуюць самі зняволеныя. Але галаву можна мыць толькі двойчы на тыдзень: калі будзеш мыць часцей, пашлюць мыць прыбіральню.

Палітзняволеная студэнтка Марыя Каленік, расказала Дар’я, штодня робіць макіяж. Яна патлумачыла Дар’і: не хоча, каб тое, што адбываецца, паўплывала на яе, калі фарбавалася на волі, будзе фарбавацца і там.

Дар’я Чульцова першыя хвіліны на волі, Беларусь. 3 верасня 2022 года.
Фота: Новы час

З адзення ў калонію дазваляюць перадаваць толькі чорнае, забаранілі нават каляровыя шкарпэткі. Дажджавікі – выключна сінія.  Дар’я кажа, што «яны робяць з агульнага рэжыму ўзмоцнены»: яна ведае, што нават у калоніі ў Рэчыцы, дзе сядзяць асуджаныя другі раз, дазваляюць каляровыя шкарпэткі.

У калоніі ж практычна цэлы дзень трэба хадзіць у форме балотна-зялёнага колеру і ружовых кашулях. Жанчыны смяяліся, што яны падобныя да старшыняў калгасаў. Пры гэтым у жаночай форме – спадніца, а не штаны, праз гэта ўзімку мерзнуць тыя, каму не могуць перадаць цёплых калготаў.

«Я вельмі доўга, канечне, не магла звыкнуць да свайго адбітка ў люстэрку», – кажа Дар’я з агідай.

Яна згадала раман «Фінансіст» Тэадора Драйзэра – там быў эпізод пра турэмнае адзенне. Гэтая адзежа, пісалі 110 гадоў таму, «існуе для таго, каб мы зразумелі, што мы ніхто». Дар’я ўсвядоміла, што «Беларусь XXI стагоддзя – гэта Амерыка пачатку XX». Зняволеныя часта задаваліся пытаннем, які садыст прыдумаў гэтую форму.

У ізалятары на Акрэсціна ў Менску са сродкамі гігіены было нашмат горш: адзін кавалак мыла і адзін рулон туалетнай папуры на шэсць чалавек, наступны рулон – ужо на 12 чалавек. Зубныя шчоткі прыйшлі толькі з гуманітарнай дапамогаю ад Чырвонага Крыжа.

У СІЗА ўжо сталі прапускаць перадачы. Дар’я згадвае, што чамусьці ёй перадалі безліч пракладак – у калонію так і прыехала з торбаю пракладак (яны аказаліся не настолькі патрэбныя: ад стрэсу менструальны цыкл моцна збіваецца, у некаторых месячных не бывае і некалькі гадоў). Але зняволеныя звычайна дзеляцца тымі рэчамі, якіх не хапае іншым: з той жа гуманітарнай дапамогі даюць адзін невялічкі рулон туалетнай паперы на месяц.

Дапамагаць даводзіцца таемна, адміністрацыя можа за гэта сур’ёзна пакараць. Часам выпадала дапамагаць амаль гвалтоўна: некаторыя зняволеныя проста не глядзелі сябе і смярдзелі.

зона.бел
Нядзеля ў папраўчай калоніі. Аповед Дар’і Чульцовай
2022.10.28 20:33

Даносы на каханне

Калоніі бываюць мужчынскія і жаночыя, змяшаных няма. Ды не ўсе людзі гетэрасексуальныя. Дар’я кажа, што жанчыны ў калоніі могуць заняцца каханнем, хоць не ўяўляе, як і дзе. Але «калі ўзнікае нейкая праява пачуццяў кагосьці да кагосьці, пра гэта адразу даведваюцца» – і абавязкова данясуць аператыўніку, а закаханых развядуць у розныя атрады.

Дар’я згадала, што перад выхадам на волю развітвалася з адной зняволенай, з якой пасябравала. Яны стаялі і абдымаліся, а ззаду падкраўся аператыўнік і сказаў: «Гмм, не ведаў, што ты лесба». Што ў чалавека ў галаве, калі простыя сяброўскія абдымкі выклікалі такія думкі, Дар’я не ўяўляе: мо не можа дапусціць, што ў калоніі можа быць сяброўства.

Фота
Дар’я Чульцова ў Патсдаме:  «Буду працаваць за нас абедзвюх»
2022.10.28 22:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў