«У шклоўскай калоніі ўсе ведаюць, хто забіў Вітольда Ашурка». Былы палітвязень – пра ПК № 17


Віктар Пархімчык трапіў за краты ўвосень 2020-га за тое, што раскідваў самарэзы на дарозе і тым самым спрабаваў перашкодзіць руху спецтранспарту памежных войскаў. Год мянчук правёў у ПУАТ № 45 у Берасцейскай вобласці. Уражанні вязня ад «хіміі» мы публікавалі раней. У траўні 2022 года Віктару змянілі рэжым і перавялі ў ПК № 17 у Шклоў. Другая частка аповеду былога палітычнага вязня – пра калонію, у якой забілі Вітольда Ашурка.

Віктар Пархімчык са сваёй турэмнаю робаю з жоўтаю біркай, якую здолеў вывезці з Беларусі ў Польшчу.
Фота: асабісты архіў Віктара Пархімчыка

«Чым страшнейшы экстрэміст, тым бліжэй да камеры»

Віктара Пархімчыка этапавалі ў Шклоў у сярэдзіне траўня 2022 года пасля суда за нібыта парушэнне рэжыму адбывання пакарання ў ПУАТ № 45.

У калоніі вязні жылі ў бараках, усе разам у адным вялікім памяшканні. У адрозненне ад «хіміі», у калоніі атрад быў больш шматлюдны – больш за 70 чалавек.

Віктар адразу сутыкнуўся з асаблівым стаўленнем да «палітычных» – на робах ім нашывалі адмысловыя жоўтыя біркі, некаторых клалі спаць пад камеру назірання:

«Чым страшнейшы экстрэміст, тым бліжэй да камеры. Я ляжаў пад самай камерай. Думаю, гэта звязана з тым, што мяне перавялі з «хіміі» за парушэнні, таму я экстрэміст у квадраце».

Працаваць Віктара паставілі на пашыў абутку. Звычайна гэта былі чаравікі для зняволеных і міліцыі. Энтузіязму ў працы, гэтак жа, як на «хіміі», палітвязень не праяўляў, але хадзіў на «промку», бо там можна было пачувацца вальней, чымся ў атрадзе.

«Было больш месца, можна было схавацца і з некім паразмаўляць не пад пільным вокам аператыўніка, – распавядае Віктар. – Але размаўляць трэба было акуратна: калі маеш стасункі «не з тымі» людзьмі, хутка можаш атрымаць рапарт, што не пагаліўся ці не павітаўся. Хоць я іх і так атрымаў за тры месяцы з дзясятак. Дзеля параўнання – са мною сядзелі звычайныя крымінальнікі з 1990-х гадоў без адзінага спагнання».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

«У вольны час вязняў вучаць наладжваць сямейныя стасункі»

У вольны час з вязнямі вялася выхаваўчая праца. Склікалі ў актавую залу, чыталі даклады, лекцыі. Напрыклад, як ладзіць сямейныя стасункі ці пра шкоду ад наркаманіі.

«Я не слухаў тых лекцыяў, бо не меў праблемаў ні з алкаголем, ні з наркотыкамі, – кажа Віктар. – Сям’я ў мяне таксама добрая».

Самі вязні таксама былі павінныя рыхтаваць даклады на розныя тэмы. Наш суразмоўца пагадзіўся толькі аднойчы – распавесці пра Уладзіміра Карвата:

«Гэты герой быў ужо ў незалежнай Беларусі, ён не выдуманы камуністычнаю прапагандаю, не быў звязаны з нейкай ідэалогіяй, сапраўды здзейсніў подзвіг. А больш я ў гэтым не браў удзелу. Увогуле, пра такіх, як я, там кажуць «атрыцалава», бо я не выказваў ініцыятывы на розныя бессэнсоўныя дзеянні, і калі мне іх навязвалі, то я «пятляў», як кажуць у крымінальным асяродку. Думаю, гэта была адна з прычынаў, чаму я так часта трапляў у ШІЗА. Але ну не магу я быць рабом».

Глядзець прапаганду з абавязкова расплюшчанымі вачыма, як на «хіміі», у калоніі ніхто не прымушаў, зазначае Віктар.

«Прыязджаюць сваякі да вязня – і да паўлінаў адразу трапляюць»

У шклоўскай калоніі ў зоне для спатканняў ёсць жывы куток – там жывуць два паўліны і папугай. Але Віктару іх пабачыць не давялося: спатканняў яго пазбавілі адразу, як толькі «заехаў».

«Уявіце: прыязджаюць сваякі да вязня – і да паўлінаў адразу трапляюць. Ну проста райскае месца, – смяецца наш суразмоўца. – Я іх не бачыў, але з ШІЗА добра чуў, як гэтыя птушкі крычаць. Было забаўна і экзатычна сядзець у ШІЗА пад крыкі паўлінаў».

«Палітычных» у Шклове шмат, кажа Віктар (69, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна»). Пры гэтым некаторыя нашыўку «экстрэміста» атрымоўвалі выпадкова:

«Адзін з вязняў ехаў п’яны на ровары і ўехаў у міліцэйскую машыну. Звычайны вясковы хлопец, у пратэстах не браў удзелу. На яго павесілі жоўтую бірку».

Сярод палітвязняў у Шклове шмат тых, каго асудзілі за каментары, прычым некаторыя з іх рабілі гэта ў стане ап’янення, а потым, калі да іх прыходзілі, браліся за галаву: маўляў, што я нарабіў. Самыя жахлівыя выпадкі зламаных лёсаў – асуджаныя ў «справе «Чорнай кнігі Беларусі», зазначае былы палітвязень:

«Я ў ШІЗА пазнаёміўся з хлопцам, ён мне скінуў тэрмабялізну, каб я не змёрз, а вертухаі абрэзалі рукавы. Гэты хлопец асуджаны на вялікі тэрмін за тое, што яго западозрылі ў злівах. І такіх людзей шмат. «Справа «ЧКБ» так шмат жыццяў зламала, а ад тых, хто вінаваты, нават і выбачэнняў не было, і дапамогі сем’ям асуджаных».

«Часам думаў, лепш бы збівалі, чымся 10 содняў катаванняў у карцары»

Агулам, зазначае Віктар Пархімчык, у калоніі пасля «хіміі» было лягчэй. Хоць адначасова на «хіміі» менш жорсткасці – там зняволеных не збівалі:

«Мяне ў Шклове не кранулі, але я ведаю, як моцна там білі людзей. Я бачыў шмат моцна збітых хлопцаў. Некаторых збіваць пачынаюць адразу, як заязджаеш на каранцін. Там ідзе адсейванне, і асабліва б’юць тых, хто патэнцыйна можа мець лідарскія якасці, па якіх відаць, што яны могуць стварыць праблемы адміністрацыі калоніі».

Ёсць у персаналу калоніі і больш жорсткія, чымся збіццё, метады ціску, кажа былы вязень, маючы на ўвазе ШІЗА. Першы раз у калоніі Віктар трапіў у штрафны ізалятар адразу, як прыехаў з каранціну:

«Я не ведаю, хто распрацоўвае гэтыя катавальні – карцары, дзе ты сядзіш у холадзе па 10 содняў. Напэўна, ёсць нейкая сакрэтная прафесія – інжынер ГУЛАГу. Там адно вакно выходзіць надвор, другое – у калідор. І вось яны адчыняюць абодва, і вецер гуляе ў камеры па крузе. Ты не можаш спаць у такой абстаноўцы, прачынаешся ад холаду. Адціскаешся, прысядаеш, каб сагрэцца, стамляешся, засынаеш – і зноў прачынаешся, бо змёрз. Навошта біць, калі можна катаваць увесь час халодным паветрам? Каб гэта вытрываць, арганізм павінен быць моцны. Са слабым здароўем людзі не вытрымліваюць. Ды і я часам думаў, што лепш бы мяне збівалі хвілінаў 15, чымся гэтае катаванне па 10 содняў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

У калоніі ёсць фельчар, які абыходзіць камеры ШІЗА.

«Выглядае гэта так: адчыняецца акенца, і фельчар пытаецца, ці скаргі на здароўе ёсць. Ты не паспяваеш адказаць, а акенца ўжо зачыняецца. Іх не цікавіць стан здароўя вязняў. Але пасля смерці Вітольда Ашурка яны гэтак страхуюцца перад камерамі», – распавядае наш суразмоўца.

За час зняволення Віктар трапляў у ШІЗА 10 разоў. З іх 2 разы –на «хіміі», 4 разы – у калоніі.

«Хутчэй за ўсё, пабываў і ў той камеры, дзе забівалі Вітольда Ашурка»

Трапіць у ШІЗА можна было з цалкам надуманых прычынаў. Напрыклад, адзін з рапартаў Віктар атрымаў, калі міліцыянты прыйшлі правяраць «вопіс» – асабістыя рэчы.

«Вытрасаюць усе твае рэчы і пачынаюць лічыць, – распавядае былы палітычны вязень. – У мяне супрацоўнік калоніі дастае пакет з гарбатай і пытаецца, колькі там. Чаму напісана – 0,8 кг? Кажу, у нас няма вагаў, каб дакладна ўзважыць. Той пападкідваў у руцэ і кажа: не, тут трохі менш за 0,8 кг. Потым пытаецца, дзе дзве майкі, бо напісана – чатыры, а ў цябе тут – дзве. Тлумачу, што яны сохнуць на дварэ пасля прання. Але мне гэта ўсё запісалі як два парушэнні, і ў выніку – рапарт і ШІЗА».

Карцары ў шклоўскай калоніі выглядаюць дакладна так, як на відэа з Вітольдам Ашуркам, дзе той падае, зазначае Віктар і дадае, што, хутчэй за ўсё, яму і ў менавіта той камеры давялося пабываць: іх там няшмат, усе аднолькавыя.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

«Звычайных вязняў, якіх забіваюць у калоніі, ніхто не лічыць»

Пра Вітольда, кажа наш суразмоўца, у калоніі памятаюць:

«Усе ведаюць імёны, прозвішчы тых, хто забіў, і як, хто там прысутнічаў. Шмат хто чуў, як Вітольда білі. Я ўвогуле не ведаю, чым яны думалі, калі забівалі, навошта, чаму так гучна. Бо звычайна ўсё гэта робяць больш ціха. Я думаю, што па фотаздымках, відэа, дзе бачныя шнары і як Вітольд падаў, не выпадае казаць, што ён сам памёр».

Паводле Віктара Пархімчыка, пра смерць Вітольда стала вядома, бо той «палітычны». Тады як звычайных зэкаў, якія паміраюць у калоніі, ніхто не лічыць, у медыі інфармацыя пра іх не прасочваецца:

«Звычайна вязня адводзяць на «кэпэху» і там лупяць. Са мною таксама з «хіміі» заязджаў хлопец, да палітыкі не меў ніякага дачынення, але яму павесілі жоўтую бірку як экстрэмісту, за нейкі канфлікт з адміністрацыяй. Яго білі жалезнаю водаправоднаю трубою. Мы чулі, як ён крычаў».

Віктар вызваліўся з калоніі 14 верасня 2022 года і адразу вырашыў з’язджаць з Беларусі. Цяпер ён з сям’ёй у Польшчы. Старэйшае дзіця пайшло ў школу, малодшае – у садок.

«Сваю ролю грамадзяніна, мужчыны, які павінен бараніць сваю краіну, я выканаў, але я яшчэ бацька і муж, мне трэба дзяцей на ногі ставіць, я нясу за іх адказнасць таксама. За ўсю краіну я не гатовы ўсе жыццё сядзець у турме, – кажа былы вязень. – Астатнія беларусы таксама павінны клапаціцца пра свой лёс і мець гонар. У калоніі я сустракаўся з Паўлам Севярынцам. Ён ахвярны чалавек, ён будзе пакутаваць за кожнага беларуса. Калі я вызваляўся, яго зрабілі «злоснікам». Я не такі святы, як ён. Гэта сумленне нацыі».

«Кім бы я быў, калі б не выйшаў у 2020-м?»

Калі Віктар вызваліўся з калоніі, яму дапамаглі «BySol» і яшчэ некалькі ініцыятываў. Але не ўсе арганізацыі, якія заяўляюць, што дапамагаюць былым палітвязням, сапраўды гэта робяць, зазначае мужчына:

«Ёсць адчуванне, што некаторыя нашыя землякі наладжваюць бізнес, які карыстаецца пакутамі ды імёнамі палітвязняў альбо іхных сем’яў, збіраючы грошы на сваё існаванне».

Віктар Пархімчык са сваёй турэмнай робай з жоўтай біркай, якую здолеў вывезці з Беларусі ў Польшчу.
Фота: асабісты архіў Віктара Пархімчыка

Віктар не шкадуе пра свой лёс, што выйшаў у 2020-м, што два гады правёў за кратамі:

«Калі б я тады, бачачы і ведаючы, што адбываецца, не выйшаў, ці змог бы я адчуваць сябе мужчынам? Не, усё жыццё лайном бы сябе адчуваў. Ці змог бы я сына выхоўваць як чалавека, а не баязліўца, калі б сам хаваўся? Не. Кім бы я быў, калі б маіх хлопцаў з раёну, з якімі мы выраслі, маем свой кодэкс гонару, збівалі, а я не пайшоў бы іх бараніць? Кім бы я быў? Я ведаў пра збітых сяброў, суседзяў, аднакласнікаў. Чаму гэтыя людзі, якіх пазбавілі магчымасці зрабіць свой выбар на сумленных выбарах, і ў якіх няма іншых варыянтаў адстаяць свае правы, як на вуліцы, павінны цярпець за мяне ці іншага беларуса?»

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Былы вязень не хацеў, каб ягоныя дзеці некалі папракалі яго, што ягонае пакаленне не паспрабавала нічога змяніць і зноў перадало нашчадкам спадчыну ГУЛАГу:

«Мне 40 гадоў. Гадоў праз 20 я стану сівым дзедам і буду згадваць, як пражыў сваё жыццё. Не хачу разумець, што я нічога не паспрабаваў зрабіць, не хачу, каб дзеці мяне вінавацілі, што нашае пакаленне баязліўцаў перадало ім гэтую ўладу. Мы былі павінны нешта зрабіць. І я зрабіў».

зона.бел
«У абавязках было прымаць роды ў каровы». Палітвязень-праграміст – пра жыццё і працу ў ПУАТ № 45
2023.01.16 12:47

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў