Качанава прапанавала ацэньваць «сацыяльную актыўнасць грамадзянаў»


Беларуская дзяржава мусіць адыходзіць ад «сацыяльнага ўтрыманства» да сістэмы, што будзе ацэньваць «сацыяльную актыўнасць грамадзянаў». Пра гэта ў інтэрвʼю «СБ. Беларусь сегодня» заявіла старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.

Наталля Качанава. Фота «СБ. Беларусь сегодня» / sb.by

У апублікаваным 22 красавіка інтэрвʼю дзяржаўнай газеце Наталля Качанава абазначыла стратэгічны кірунак, якім мусяць далей развівацца сістэма сацыяльнага падтрымання ў Беларусі і практыкі ўзаемаадносінаў грамадзянаў з дзяржаваю.

Паводле Качанавай, час пераходзіць ад цяперашняй сістэмы сацыяльнага падтрымання, якая дазваляе грамадзянам стаць «сацыяльнымі ўтрыманцамі», да сістэмы «сацыяльнай справядлівасці», якая будзе ацэньваць «сацыяльную карыснасць грамадзянаў». Пакуль што галоўную ўвагу звернуць на незанятых у эканоміцы.

«Ад сацыяльнага ўтрыманства трэба адыходзіць. У сувязі з гэтым праца парламентарыяў і кіраўнічай вертыкалі агулам дзеля залучэння незанятых грамадзянаў у эканоміку мусіць быць не проста працягнутая, а пастаўленая на першачарговы кантроль», – заявіла Качанава.

Качанава мяркуе, што далей галоўным прынцыпам мусіць стаць «сацыяльная справядлівасць», калі грамадзяне атрымліваюць сацыяльнае падтрыманне ў залежнасці ад таго, наколькі яны выяўляюць сваё «добрае стаўленне» да краіны праз працу і стваральную дзейнасць. «Сацыяльную карыснасць грамадзянаў» будуць спрабаваць улічваць.

«Мы ўжо неаднаразова падступаліся да ўліку сацыяльнай карыснасці грамадзянаў. Увесь час баімся кагосьці пакрыўдзіць. А з іншага боку, хіба тым, хто сумленна і старанна працуе і за кошт сваіх падаткаў утрымлівае незанятых у эканоміцы, не крыўдна?!» – патлумачыла чыноўніца рахункі ўладаў.

Для распрацоўвання новай сістэмы сацыяльнай справядлівасці Качанава ўважае патрэбным правесці маштабнае сацыялагічнае даследаванне ды «падыскутаваць на дыялогавых пляцоўках і ў СМІ. Няхай людзі самі вызначаць, дзе тут мера сацыяльнай справядлівасці».

Ідэі, выказаныя Качанавай, вельмі нагадваюць канцэпцыю «сацыяльнага крэдыту», рэалізаваную ў Кітаі. Кітайскі сацыяльны крэдыт уважаецца адной з самых маштабных спробаў гейміфікацыі грамадзянскай актыўнасці ў свеце. Сістэма стымулюе грамадзянаў выконваць пэўныя правілы. За гэта налічваюцца пункты, што ствараюць сацыяльны рэйтынг грамадзяніна і даюць доступ да пэўных сацыяльных опцыяў. За невыкананне правілаў пункты здымаюцца, сацыяльны рэйтынг грамадзяніна паніжаецца і доступ да дзяржаўных сацыяльных паслуг абмяжоўваецца. Вядомыя ўжо мільёны выпадкаў абмежавання паездак або засялення ў пэўныя гатэлі. Эксперты ацэньваюць кітайскі сацыяльны крэдыт як новы ўзровень моцнага таталітарнага сацыяльнага ціску.

Hавiны
Плацельнікаў падатку на прафесійны даход будуць лічыць занятымі ў эканоміцы
2023.04.21 11:59

Мірон Маліна  belsat.eu

Стужка навінаў