У Кіеве адбыўся парад у гонар Дня Незалежнасці. Калону тэхнікі адправілі ваяваць (відэа)


Падчас парадe прадэманстравалі новыя распрацоўкі ўкраінскай «абаронкі» – БТРы, браніраваныя аўтамабілі. У шэсці ўзялі ўдзел таксама 120 вайскоўцаў, што ваююць на ўсходзе краіны.

{movie}Парад у Кіеве|right|18057{/movie}

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра дадатковае фінансаванне ўкраінскага войска, а жыхароў краіны заклікаў быць гатовымі бараніць незалежнасць дзяржавы. «У бліжэйшай гістарычнай перспектыве над Украінаю будзе заставацца вайсковая пагроза. І з гэтым не толькі трэба будзе навучыцца жыць – да абароны нашай дзяржавы трэба быць гатовымі, – сказаў прэзідэнт. – Перад вамі з Хрэшчатыка проста ў зону Антытэрарыстычнай аперацыі пройдзе калона новай, толькі што купленай, выпушчанай або адрамантаванай тэхнікі».

Чым пахваліўся Кіеў?

Пасля дзесяцігоддзяў заняпаду ўкраінскіх узброеных сілаў разам з агрэсіяй Расеі выклікала неабходнасць у поўнай мадэрнізацыі войска. Акрамя арганізацыйных праблемаў, армія сутыкнулася з нястачаю сучаснай баявой тэхнікі, якая магла б супрацьстаяць перадавым расейскім часткам, якія акупавалі Крым і дзейнічаюць на ўсходзе Украіны.

Адна за апошніх распрацовак украінскай «абаронкі» – БТР-3, што мае оптыка-электронную сістэму назірання і кіравання агнём. Гэтая сістэма дазваляе дыстанцыйна кіраваць узбраеннем бронетранспарцёра, таксама на БТР усталяваная панарамная камера, што можа дадаткова падымацца над корпусам машыны і забяспечваць кругавы агляд.

Новы БТР-4 стварылі на замену савецкім машынам БТР-80. Гэта цалкам ўкраінская распрацоўка, якая прадугледжвае некалькі варыянтаў кампанавання – з аўтаматычнымі гарматамі, гранатамётамі, кулямётамі і супрацьтанкавым узбраеннем.

На парадзе таксама прадэманстравалі сістэмы рэактыўнага залпавага агню «Град» і «Смерч», комплексы зенітна-паветранай абароны «Аса» ды тактычны ракетны комплекс «Точка-У», што здольны знішчаць вайсковую тэхніку і жывую сілу на адлегласці да 120 км.

Проста з параду, паводле Пятра Парашэнкі, у зону АТА адправіліся бронемашыны «Кугуар» амерыканскай вытворчасці. Нацыянальная гвардыя Украіны мае на ўзбраенні 20 такіх машын.

Такія розныя парады

У параўнанні з парадам, які адбыўся ў Менску 3 ліпеня, кіеўскі быў амаль удвая меншы паводле колькасці вайскоўцаў. Адметна, што прэзідэнт Украіны, нягледзячы на тое, што краіна дэ-факта знаходзіцца ў стане вайны, прымаў парад у цывільным, а Аляксандр Лукашэнка – у вайсковай форме.

Акрамя таго, у менскім парадзе бралі ўдзел замежныя вайскоўцы – дэсантнікі з Пскоўшчыны. Менавіта яны бралі ўдзел у акупацыі Крыму, а паводле апошніх звестак – ваююць за тэрарыстаў на ўсходзе Украіны.

У Кіеве, пасля таго як прайшла вайсковая тэхніка, адбыўся Парад вышыванак, у якім мог узяць удзел кожны ахвотны. У Менску ж перад кіраўніком дзяржавы маршыравалі фізкультурнікі, працаўнікі калгасаў, «савецкія воіны-вызваляльнікі», хакеісты на чале з «зубром Валерам». Завяршыўся парад акрабатычным нумарам – «жывая ваза», якая ўтваралася з людскіх постацяў і раскрылася пад прыспеў «Беларусь сильная, Беларусь красивая».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў