Фёдар Паўлючэнка: Паляпшэнню адносінаў паміж Менскам і Варшавай перашкаджае залежнасць Лукашэнкі ад Расеі


Аляксандр Лукашэнка ўжо некалькі месяцаў намякае, што не супраць палепшыць адносіны з суседнімі краінамі, і ў прыватнасці з Польшчай. Такое развіццё падзей магчымае, лічыць рэдактар «Reform.by» Фёдар Паўлючэнка, але гэтаму перашкаджае залежнасць Лукашэнкі ад Масквы. Такое меркаванне ён выказаў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Гэта не так складана – вызваліць некалькі палітвязняў, у першую чаргу Анджэя Пачобута, разблакаваць мяжу, спрасціць адносіны з Польшчай, палепшыць іх – гэта не складана, – разважае Фёдар Паўлючэнка.

Дэкларуючы жаданне палепшыць стасункі з Польшчай, Лукашэнка, тым не менш, гэтых крокаў не робіць. На думку суразмоўцы, адбываецца гэта таму, што на такія паводзіны няма дазволу Масквы – падзеі апошніх гадоў прывялі да таго, што Лукашэнка трапіў у татальную залежнасць ад Расеі і не можа праводзіць самастойную палітыку нават тады, калі ён шчыра гэтага хацеў бы.

«Усе апошнія тры гады пагаршэнне адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю – гэта была частка той гібрыднай агрэсіі Расеі супраць Украіны, супраць краінаў рэгіёну», – нагадвае Фёдар Паўлючэнка.

«Лукашэнка хацеў бы праводзіць самастойную палітыку. Ён спадзяецца, што можа зараз нешта зменіцца ва Украіне, пачнецца перамоўны працэс, і разам з гэтым перамоўным працэсам ён знойдзе нейкі шлях да паляпшэння адносін з Польшчай», – тлумачыць суразмоўца логіку заяваў Лукашэнкі адносна жадання палепшыць стасункі з Польшчай.

«Я лічу, што ён верыць, што пачнуцца нейкія перамовы і гэта добрая спроба стаць удзельнікам гэтых перамоваў. У тым ліку з Польшчай як даволі вялікай краінай у нашым рэгіёне, якая можа паўплываць на сітуацыю ва Украіне і ў Беларусі», – дадае ён.

Польшча, са свайго боку, таксама зацікаўленая ў паляпшэнні адносінаў.

«Безумоўна Польшча зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка зрабіў нейкія крокі, каб ён спрасціў сітуацыю з рэпрэсіямі ў дачыненні да польскай меншасці. Палякі ў гэтым зацікаўленыя і, безумоўна, Польшча зробіць крокі насустрач, калі адчуе, што менавіта з Лукашэнкам можна размаўляць», – лічыць рэдактар «Reform.by».

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка зрабіў вельмі многа негатыўных дзеянняў у адносінах да Польшчы, каналы камунікацыі паміж краінамі захаваліся і іх можна задзейнічаць для паляпшэння стасункаў.

«Каналаў камунікацыі з польскімі ўладамі ў Лукашэнкі дастаткова – і са старымі, і з новымі. Тут пасярэднік насамрэч не патрэбны. Магчыма, ён хацеў бы, каб з’явіўся нейкі пасярэднік, які мог бы паўплываць на польскае кіраўніцтва, але гэта немагчыма – няма такой сілы, якая магла б забараніць Польшчы праводзіць самастойную палітыку», – адзначае  Фёдар Паўлючэнка.

Галоўнай перадумовай любых перамоваў павінна стаць дэманстрацыя таго, што Лукашэнка ў стане праводзіць самастойную палітыку, упэўнены суразмоўца: «У адваротным выпадку арыентавацца трэба на Крэмль, на Пуціна».

Не трэба думаць, што паляпшэнне стасункаў – гэта легітымізацыя рэжыму, удакладняе рэдактар «Reform.by». Гаворка можа ісці толькі пра магчымасць вырашэння нейкіх «малых крызісаў», якія ўзнікаюць паміж суседзямі.

«Такі кантакт, такая камунікацыя магчымая. Магчыма, з ім могуць гаварыць на гэты конт, але прызнаваць яго за легітымнага прэзідэнта? Лічу, што зараз такое пытанне не стаіць. Навошта гэта рабіць?», – падсумоўвае рэдактар Фёдар Паўлючэнка.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў