Чарговы выпадак самагубства студэнта ў Менску, цяпер – у Акадэміі кіравання


20 сакавіка ў Менску загінуў яшчэ студэнт Акадэміі кіравання. Другакурснік выпаў з балкона 17-га паверха. Як мяркуецца, 18-гадовы хлопец скончыў жыццё самагубствам, піша Zerkalo.

Інтэрнат № 9 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту ў Менску.
Фота: meo.bseu.by

Трагедыя здарылася ў Студэнцкай вёсцы, у інтэрнаце № 9 на вуліцы Чурлёніса. Сам будынак належыць БДЭУ, але некаторыя паверхі ў ім аддадзеныя навучэнцам іншых ВНУ. Дзяўчына, якая жыве ў інтэрнаце паведаміла журналістам, што даведалася пра здарэнне а 12:00. У чаце інтэрнату было фота цела загінулага хлопца і абмеркаванне, што гэта быў суіцыд. Праз кароткі час усе паведамленні, якія датычацца трагедыі, выдалілі.

Загінуламу было 18 гадоў, ён быў з Магілёўскай вобласці. Паводле аднакурсніка, перад трагедыяй хлопец спазніўся на пару літаральна «на хвіліну», за што ад яго запатрабавалі тлумачальную.

«Ён пайшоў з занятку пісаць яе, але больш не вярнуўся. Казалі, што па камерах паміж прыходам у інтэрнат і да моманту падзення было недзе 15-20 хвілін, то бок, відаць, чалавек ішоў на гэта мэтанакіравана», – распавёў знаёмы загінулага.

Ён адзначыў, што перад самагубствам студэнт выдаліў старонку ва «УКантакце».

Паводле аднакурсніка, у інтэрнаце студэнтам адразу абвясцілі, што можна звярнуцца да псіхолага, каб пагаварыць пра здарэнне. Але пры гэтым «сказалі не распаўсюджвацца на гэтую тэму».

Намесніца начальніка студэнцкага гарадка БДЭУ, у якім і адбылося здарэнне, у пытаннях выхаваўчай працы Вольга Руткоўская прызнала здарэнне, але пакуль ідзе следства не стала казаць пра прычыну.

Яна таксама адзначыла, што ў яшчэ адным інтэрнаце БДЭУ адбыўся суіцыд у снежні 2023 году. Там наклаў на сябе рукі вельмі таленавіты студэнт, але ў яго «было спадчыннае псіхічнае захворванне».

Са студзеня 2024 году ў інтэрнатах БДУІР як мінімум тры студэнты скончылі жыццё самагубствам. Гэтак, у канцы студзеня адзін са студэнтаў БДУІР скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце №1. А на пачатку сакавіка іншы студэнт саскочыў з 12-га паверха гэтага інтэрната. Яшчэ адно самагубства адбылося 10 сакавіка. Хлопец скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце №2.

Hавiны
У інтэрнатах БДУІР тры студэнты скончылі жыццё самагубствам
2024.03.15 19:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў