Брытанскія баскетбалісты адмовіліся гуляць у Менску


Баскетбольная зборная Вялікай Брытаніі адмовілася ехаць у Менск на адборачны матч да чэмпіянату свету. Пра гэта паведамляе MVP Magazine.

Брытанскія баскетбалісты.
Фота: bbl.org.uk

Брытанцы павінны былі згуляць з камандай Беларусі 25 лютага ў сталічным Палацы спорту. Аднак з-за напружанай абстаноўкі ва Усходняй Еўропе і пагрозы поўнамаштабнай вайны баскетбалісты з Аб’яднанага Каралеўства пастанавілі застацца на радзіме.

Вось як пракаментаваў гэта капітан брытанскай зборнай Дэн Кларк:

«Мы шчаслівыя, што бяспека зборнай была пастаўленая на першае месца, калі прымалася гэтае складанае рашэнне. Кожны баскетбаліст марыць гуляць за зборную сваёй краіны, але некаторыя рэчы нашмат важней за баскетбол. Сітуацыя, якая склалася ў гэтым рэгіёне свету, прымушае шмат каго нервавацца».

Цяпер Міжнародная федэрацыя баскетболу (FIBA) павінна вызначыцца з новай датай і месцам правядзення гульні.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў