Маруся вандруе па Беларусі. Берасце


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта месца ў тваім жыцці, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

Берасейская крэпасцьБерасейская крэпасцьГісторыя мая сёння пачынаецца не з пачатку, яна пачынаецца з канца, калі я адчула разважанні дарослых, і дарослыя гэтыя былі не пабочныя, а мае родныя бацькі. Пачатак, як гэта і мае быць, заўсёды добры, але што будзе далей, ведаюць толькі зоркі.

Вядома ж, калі ты маленькая дзяўчынка, найлепшае ў тваім жыцці – гульня. Гульня ў цягнікі ці танкі, у лялькі Барбі, гульня ў пясочныя палацы, гульня ў мяч, гульня з сябрамі ў парку ці з бацькамі каля хаткі… Калі мы прыехалі ў Берасце, ізноў здарылася гульня ў вандроўкі, у новыя назвы, у нечаканыя будынкі, у вялікія паравозы, у вайнушку, дзе мы са старэйшым братам галасілі «пах-пах, тарарах!». Крыўднага нічога не адбывалася, мой кузэн нават даў мне пагуляцца са сваёй стрэльбаю.

Нешта падазронае я моўчкі заўважыла, калі прачытала назву на прыгожым, сталым цягніку, якому, як дадалі бацькі, паўстагоддзя. Назва казала так: «Феликс Дзержинский». Падалося, Фелікс быў вельмі добры дзядзька, бо ягонае імя ёсць і ў назвах вуліцаў (праспект Дзяржынскага – падказала маці – гэта пра яго!), і паравозы маюць такое важнецкае імя, мабыць, і самалёты?.. Я яшчэ не вельмі хутка чытаю і калі чытаю, то казкі, але калі буду рабіць гэта без перапынкаў, абавязкова даведаюся, ці сапраўды ён герой – Фелікс Дзяржынскі.

Паравоз Паравоз “Фелікс Дзяржынскі”Потым мы гулялі ў парку, які завецца «Берасейская крэпасць». Мы шмат бегалі, так шмат, што напрыканцы ўжо не было духу вяртацца ў адваротны бок. Мама запыталася, ці ведаю, чым адрозніцаецца сапраўдная вайна ад дзіцячай гульні. Але як я магу адказаць, калі я не адчуваю, што такое шмат танкаў і шмат стрэльбаў у адным месцы?.. І вось тут я ўспомніла, што недалёка ад дому чула, як рухаюцца і страляюць танкі. Гэта ў іх былі трэнаванні, але, калі яны страляюць, у хаце дрыжаць вокны і я хаваюся пад коўдру. «Вайна – гэта калі страляюць па-сапраўднаму», – я адказала, але сумнявалася. Мая матуля нічога не пракаментавала.

Прыйшлі стомленыя ў машыну, селі, мама запыталася, але я заўважыла, што яна не чакае адказаў. Яна запыталася вось так: «Чаму ў кожным горадзе існуе музей Вялікай айчынай вайны, але не ў кожным горадзе ёсць мастацкая галерэя? І ці хто-небудзь мне патлумачыць, чаму гонар перамогі перадаецца, як спадчына, тым, хто насамрэч нічога не ведае пра вайну? Мы ўсё яшчэ ходзім глядзець салюты для тых, хто ўжо пахаваны…»

Пешаходная вуліцаПешаходная вуліцаЯ глядзела на вялікае дрэва каля паркоўкі ды ўзгадала, як тата казаў, што Берасце – горад, які размяшчаецца на мяжы з Польшчаю. І калі пачынаецца вайна, памежнікі – гэта першыя людзі, якія аддаюць сваё жыццё. І вось гэты цудоўны парк з танкамі для гульняў насамрэч не парк, а вялікі помнік, які нагадвае пра нейкую вельмі жорсткую барацьбу, і тут «змагаліся да апошняга». Нават сёння захаваліся ў крэпасці руіны з мінулых часоў. Калі вы трапіце ў браму-зорку, пачуеце сумную музыку, і па вас дрыжыкі абавязкова пабягуць.

Берасцейская крэпасць – вялікая прастора, дзе можна гуляць мне і маім сябрам, але дарослыя людзі чамусьці тут вельмі ціхія і носяць кветкі да помнікаў. У музеі паравозаў таксама аказалася шмат тэхнікі з ваеннага мінулага. Па некаторых паравозах магчыма бегаць унутры, глядзець, як машыніст ціснуў рычагі, дакранацца і круціць усё самому, і нават топка, куды дровы кідаюць, – таксама тут знайшлася. Мяне вельмі ўразіў паравоз, у якім насамрэч нічога не было цікавага, ён нагадваў скрынку. Мы з кузэнам падумалі, што гэты вагон выкарыстоўвалі, каб перавесьці нешта вельмі цяжкае, нейкі груз. Але мамачка растлумачыла, што вось такія грузавыя месцы падчас вайны прызначаліся для перавозкі людзей, шматлікай колькасці людзей. Дык што такое вайна? Ці я павінная помніць пра дрэннае, ці гэтыя рэчы – помнік перамогі?..

Яшчэ мы трапілі ў цэнтр гораду. Вуліца, якая завецца Савецкая, як і ў Кобрыне Сувораўская, толькі для пешаходаў. Знайшліся на гэтай вуліцы сапраўдныя, з вельмі цікаваю назваю, прылады – газавыя ліхтары. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўвечары да іх прыходзіць чалавек у форме ліхтарніка і падпальвае, нібыта ў мінулым.

У цэнтры, каля ўнівермагу, мы пачулі сапраўднага вулічнага музыку. Ён граў джаз, мінакі танцавалі! На вуліцах Менску ты амаль ніколі не пачуеш вулічных музыкаў, а калі пачуеш, то яны абавязкова хаваюцца «пад зямлю» – у пешаходныя пераходы.

Вызначаем памер ракіВызначаем памер ракі«Маруся, пойдзем глядзець, ці вялікая тут рака!» – прапанавала матуля. «Дык навошта? Рэкі ўсюды аднолькавыя, гэта нецікава», – нахмурылася я. Тады мама расказала мне сакрэт, які я раскажу па сакрэце. Як даведацца, ці вялікі горад, у які вы трапілі? Усё даволі проста: трэба паглядзець на яго галоўную раку! Чым большая рака, уздоўж якой заснаваны горад (у Берасці ўвогуле дзве ракі – Заходні Буг на мяжы з Польшчаю і Мухавец у цэнтры гораду), тым горад больш значны. Мы прыйшлі на набярэжную, я нахілілася праз парэнчы і амаль не звалілася ўніз ад здзіўлення – большаю ракою, якую я бачыла ў жыцці, была толькі Волга. «Ці вялікі Мухавец?» – усміхнулася матуля. «Ага…»– мармытала я, гледзячы, як недзе далёка з’явіўся і паплыў параходзік.

Глядзі таксама
Каментары