Улады Беларусі пакуль не вызначыліся з месцам захоўвання ядравых адкідаў са станцыі, якая працуе ўжо больш як тры гады. Пра гэта заявіў 20 снежня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Кіраўнік Мінэнерга адзначыў, што пытаннямі фармавання сістэмы доўгатэрміновага захоўвання і пахавання радыеактыўных адкідаў займаецца Беларуская арганізацыя для абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі, створаная ў лютым 2023 года. Яна мае замаўляць выкананне комплексу перадпраектных, праектных, пошукавых працаў, а таксама пабудову рэспубліканскага пункту захоўвання радыеактыўных адкідаў. Першую чаргу аб’екту плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 2030 года.
Пасля ўводу пункту прадпрыемства будзе забяспечваць цэнтралізаваны збор, перавоз, перапрацоўванне, кандыцыянаванне і захоўванне радыеактыўных адкідаў. БелАЭС будзе штогод напрацоўваць прыкладна 180 кубаметраў эксплуатацыйных радыеактыўных адкідаў – гэта 95 % ад агульнай колькасці ў краіне.
Пры гэтым праца для выбару пляцоўкі пад пункт пахавання радыеактыўных адкідаў працягваецца. Канчатковае рашэнне пакуль не прынятае, сказаў Віктар Каранкевіч.
Таксама міністр распавёў, што ядравае паліва з БелАЭС пачнуць вывозіць у Расею на перапрацаванне недзе з 2032 года. Гэтым будзе займацца кампанія, што ўваходзіць у склад карпарацыі «Росатом». Прадукты перапрацавання адпрацаванага ядравага паліва пачнуць вяртаць у Беларусь з Расеі з 2050 года.
А што з інцыдэнтам?
Пракаментаваў Каранкевіч і звесткі Bloomberg пра здарэнне на БелАЭС. Паводле яго, «ніякай небяспечнай сітуацыі не было», бо «асноўны прыярытэт – бяспека і надзейнасць».
Аўтарытэтнае агенцтва Bloomberg днямі апублікавала матэрыял, згодна з якім у лютым 2022 года на БелАЭС здарылася сур’ёзная праблема з контурам другога энергаблоку. Гэта магло прывесці да сур’ёзных наступстваў. Незалежныя эксперты мяркуюць: пазаштатная сітуацыя сапраўды была, а рэакцыя афіцыйных асобаў вяртае нас у сітуацыю 1986 года, калі адбылася аварыя на ЧАЭС.
Якуб Хруст belsat.eu