Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя


Паглядзелі на лёс 20 самых вядомых (у кепскім сэнсе) дыктатараў за апошнюю сотню гадоў – як яны паміралі, дзе пахаваныя і да чаго прывяла іхная смерць.

Маўзалей Кабіля
Маўзалей, у якім пахаваны дыктатар Лёран-Дэзірэ Кабіля (Laurent-Désiré Kabila) – жорсткі і крывавы, але не настолькі, як 20 згаданых ніжэй. Кіншаса, Конга. 2000 год.
Фота: msu.edu

Дыктатура – з’ява даўняя, як сама цывілізацыя. XX стагоддзе было багатым на дыктатараў – хіба ў 1980-я доля закрытых аўтарытарных рэжымаў стала стабільна меншай за 50 % ад усіх дзяржаваў. І нават цяпер толькі каля 41 % краінаў і тэрыторыяў лічацца вольнымі.

Ніжэй пералічым найбольш вядомых і найбольш жорсткіх дыктатараў. У гэтым спісе, напрыклад, не будзе Уга Чавэса, які давёў сваю краіну да скрайняй беднасці, ці Леаніда Брэжнева, які прывёў сваю краіну да застою і здароўе якога стала прычынай шматлікіх анекдотаў, або Хуана Пэрона, у цела якога невядомыя рабаўнікі скралі рукі. За апошнюю сотню гадоў было шмат страшнейшых дэспатаў.

Адметна, што пра амаль усіх дыктатараў ХХ стагоддзя прыхільнікі скажуць: «Хоць былі рэпрэсіі і палітвязні, затое развіваў эканоміку». На іхнае кіраванне прыпаў сусветны трэнд індустрыялізацыі і ўрбанізацыі, супраць якога было цяжка ісці – але ў некалькіх ненадоўга атрымалася.

1. Уладзімір Ленін (СССР)

Кіраваў 6 гадоў. Памёр 21 студзеня 1924 года (у 53 гады).

Маўзалей Леніна
Маўзалей Леніна. Масква, Расея. 24 верасня 2017 года.
Фота: Lana.Banana / Wikimedia

Як памёр? Загадкава. Перанёс тры інсульты, за год да смерці адняло мову – галюцынаваў, крычаў, дрыжаў. Выказваліся здагадкі пра сіфіліс, смерць ад «лекавання» мыш’яком і атручванне на загад Сталіна. Дакументы пра смерць засакрэчаныя дагэтуль.

Дзе пахаваны? Не пахаваны – цела выстаўленае ў маўзалеі на Краснай плошчы ў Маскве, насуперак ягонаму ўласнаму жаданню і пратэстам часткі паплечнікаў.

Што было пасля? У працяглай партыйнай барацьбе перамог Сталін, рэпрэсаваў астатніх паплечнікаў Леніна. Хоць савецкая палітыка за Леніным афіцыйна звалася тэрорам, аказалася, што рэпрэсіі могуць быць яшчэ страшнейшымі.

2. Бэніта Мусаліні (Італія)

Кіраваў амаль 23 гады. Памёр 28 красавіка 1945 года (у 61 год).

Склеп Мусаліні
Склеп Мусаліні. Прэдап’ё (Predappio), Італія. 6 верасня 2009 года.
Фота: Lovio / Wikimedia

Як памёр? Расстраляны. Калі краіны Восі сталі прайграваць Другую сусветную, фашысты пастанавілі выйсці з вайны і арыштаваць Мусаліні. Але нацысты акупавалі Італію, Гітлер спрабаваў вярнуць Мусаліні ва ўладу. Пад канец вайны Мусаліні спрабаваў уцячы, але трапіў у рукі партызанаў і быў расстраляны.

Дзе пахаваны? У сямейным склепе на радзіме – у Прэдап’ё (Predappio). Пасля расстрэлу целы Мусаліні і паплечнікаў на паўдня павесілі дагары нагамі на плошчы ў Мілане. Цела пахавалі, потым яго скралі, адшукалі і хавалі яшчэ 11 гадоў.

Што было пасля? Італія стала дэмакратычнай, але ў краіне захаваліся прыхільнікі неафашызму, якія шануюць Мусаліні, а дзве траціны італьянцаў лічаць, што «ўсё было не так адназначна».

3. Адольф Гітлер (Нямеччына)

Кіраваў 12 гадоў. Памёр 30 красавіка 1945 года (у 56 гадоў).

Бункер Гітлера
Разбураны бункер Гітлера. Берлін, Нямеччына. 1947 год.
Фота: Bundesarchiv, Bild 183-M1204-319 / Donath, Otto

Як памёр? Застрэліўся. Канец вайны правёў у бункеры ў аточаным Берліне. Пасля расстрэлу Мусаліні Гітлер ажаніўся і ўчыніў самагубства разам з жонкай: сам застрэліўся, жонка выпіла атруты. Таксама атруціў любімага сабаку. Апошнія дні Гітлера адносна дакладна паказаныя ў папулярным фільме «Падзенне» («Der Untergang», 2004).

Дзе пахаваны? Нідзе. Лёс парэштак Гітлера таямнічы – былі нават чуткі, што ён выжыў. Але даследаванне рэштак зубоў і фрагментаў чэрапа, якія знайшлі саветы ў Берліне, паказала, што дакладна мёртвы.

Што было пасля? Нямеччына прайграла вайну і 45 гадоў была падзеленая на дэмакратычную і прасавецкую часткі. Але ў 1990 годзе Нямеччына аб’ядналася, цяпер гэта дэмакратычная краіна, дзе неанацыстаў пераследуюць.

4. Іосіф Сталін (СССР)

Кіраваў 20–30 гадоў (залежыць ад ацэнак унутрыпартыйнай барацьбы). Памёр 5 сакавіка 1953 года (у 73 ці 74 гады).

Магіла Сталіна
Магіла Сталіна. Масква, Расея. 9 чэрвеня 2014 года.
Фота: amanderson2 / Flickr

Як памёр? Загадкава. Пасля вячэры адчуў сябе блага, некалькі дзён праляжаў у беспрытомнасці ў атачэнні палітычнай вярхушкі (народу пра гэта не расказалі), пакуль не сканаў, магчыма, без належнай медычнай дапамогі. Папулярная камедыя «Смерць Сталіна» («The Death of Stalin», 2017) не прэтэндуе на гістарычную дакладнасць, але намагаецца перадаць дух часу.

Дзе пахаваны? Пасля размашыстага развітання, на якім у цісканіне загінулі дзясяткі чалавек, цела выставілі ў маўзалеі Леніна, але ў 1961 годзе пахавалі пад крамлёўскай сцяной у Маскве.

Што было пасля? Рэпрэсіі спынілі, масу рэпрэсаваных рэабілітавалі, культ асобы Сталіна раскрытыкавалі, але СССР застаўся аўтарытарным. Расея, нядоўга прабыўшы дэмакратычнай, скацілася ў аўтарытарызм. Сталін застаецца ў топ-3 гістарычных асобаў, любімых расейцамі.

5. Хо Шы Мін (В’етнам)

Кіраваў 24 гады. Памёр 2 верасня 1969 года (у 79 гадоў).

Маўзалей Хо Шы Міна
Маўзалей Хо Шы Міна. Ханой, В’етнам. 8 ліпеня 2014 года.
Фота: Lars Curfs / Wikimedia

Як памёр? Сваёй смерцю. Праз шматлікія хваробы сышоў з улады за чатыры гады да смерці. Памёр удома ад сэрцавага прыступу.

Дзе пахаваны? Не пахаваны – цела выстаўленае ў маўзалеі ў цэнтры Ханою, насуперак ягонаму жаданню аб крэмацыі і развейванні праху. Адметна, што ад гораду Хашымін, названага ў ягонае імя, да ягонага маўзалею больш за 1000 км.

Што было пасля? Ягоныя камуністы перамаглі ў крывавай вайне і заваявалі ўсю краіну, дагэтуль застаюцца ва ўладзе. Краіна аўтарытарная і небагатая, хай і не найбяднейшая ў рэгіёне.

6. Франсіска Франка (Іспанія)

Кіраваў амаль 40 гадоў. Памёр 20 лістапада 1975 года (у 82 гады).

Склеп Франка
Склеп Франка (Francisco Franco) на могілках Мінгаруб’ё (Mingorrubio). Мадрыд, Іспанія. 26 ліпеня 2021 года.
Фота: Zarateman / Wikimedia

Як памёр? Сваёй смерцю. Апошні год хварэў і не выконваў функцыяў кіраўніка дзяржавы, перанёс шмат аперацыяў, 30 кастрычніка 1975-га ўвайшоў у кому, быў адключаны ад апаратаў забеспячэння жыцця са згоды сям’і.

Дзе пахаваны? У сямейным склепе на ўскрайку Мадрыду. 44 гады быў пахаваны ў грандыёзным мемарыяле «Даліна палеглых» з ахвярамі грамадзянскай вайны. Быў перапахаваны ў 2019 годзе на рашэнне ўраду і парламенту, нягледзячы на пратэсты сям’і.

Што было пасля? Іспанія вярнулася да канстытуцыйнай манархіі (Франка сам выбраў, хто будзе каралём пасля яго) і паступова стала дэмакратычнай краінай. Злачынствы рэжыму Франка застаюцца вельмі спрэчнай справай у Іспаніі.

7. Цзян Цзе Шы (Кітай / Тайвань)

(традыцыйна вядомы як Чан Кайшы)

Кіраваў партыяй «Го-Мінь-Дан» у час грамадзянскай вайны, 25 гадоў, Тайванем – яшчэ 25. Памёр 5 красавіка 1975 года (у 87 гадоў).

Маўзалей Цзян Цзе Шы
Труна з целам Цзян Цзе Шы. Маўзалей Цыху, Тайвань. 26 снежня 2015 года.
Фота: Uwe Aranas / CEphoto

Як памёр? Сваёй смерцю. Перанёс сэрцавы прыступ і пнеўманію, памёр ад нырковай і сэрцавай няздатнасці.

Дзе пахаваны? Не пахаваны – цела захоўваюць у маўзалеі ў гарах. Мяркуецца, што яго пахаваюць на радзіме на мацерыку пасля аб’яднання Тайваню з Кітаем, калі такое адбудзецца. Часовага пахаванне амаль 20 гадоў не ладзяць, нягледзячы на жаданне сям’і.

Што было пасля?  Краінай яшчэ 10 гадоў кіраваў ягоны сын, які паступова рабіў Тайвань менш аўтарытарным. Цяпер краіна дэмакратычная – і вельмі багатая, дзякуючы ўдалым рэформам, якія пачаліся яшчэ ў час Цзян Цзе Шы.

8. Маў Цзэ Дун (Кітай)

Кіраваў 27 гадоў. Памёр 9 верасня 1976 года (у 82 гады).

Маўзалей Маў Цзэ Дуна
Маўзалей Маў Цзэ Дуна. Пекін, Кітай. 6 красавіка 2010 года.
Фота: Morio / Wikimedia

Як памёр? Сваёй смерцю. Апошнія пяць гадоў хварэў (што трымалі ў сакрэце) і рэдка з’яўляўся на публіцы. Памёр пасля трох сэрцавых прыступаў, пра смерць абвясцілі праз 16 гадзінаў.

Дзе пахаваны? Не пахаваны. Цела выстаўленае ў маўзалеі ў цэнтры Пекіну, насуперак ягонаму пажаданню аб крэмацыі.

Што было пасля? Групоўка набліжаных да яго, «банда чацвярых» (у іх ліку ўдава), была арыштаваная. У партыйнай барацьбе ў выніку перамог прыхільнік рынкавых рэформаў – Кітай стаў другой эканомікай свету, але застаўся недэмакратычнай дзяржавай.

9. Фэрдынанд Маркас (Філіпіны)

Кіраваў 20 гадоў. Памёр 28 верасня 1989 года (у 72 гады).

Магіла Маркаса
Магіла Маркаса (Ferdinand Emmanuel Edralin Marcos). Форт Баніфасьё (Fort Andres Bonifacio), Філіпіны. 18 верасня 2018 года.
Фота: Judgefloro / Wikimedia

Як памёр? Сваёй смерцю ў выгнанні. За тры гады да смерці быў зрынуты ў выніку пратэстаў і вайсковага перавароту, апошнія гады правёў на Гаваях, дзе цяжка хварэў. Хацеў памерці на радзіме, куды яму не дазволілі вярнуцца, хоць ён прапаноўваў аддаць за гэта 90 % свайго багацця, накрадзенага ў народу.

Дзе пахаваны? На могілках Герояў недалёка ад сталіцы. Чатыры гады ўлады Філіпінаў не давалі перавезці цела на радзіму нябожчыка. З 1993 да 2016 года цела захоўвалі ў халадзільнай камеры ў прэзідэнцкім цэнтры. Тэма была вельмі спрэчнай, пахаванне дыктатара на могілках Герояў выклікала пратэсты.

Што было пасля? Краіна стала часткова дэмакратычнай. У 2022 годзе сын і цёзка Фэрдынанда Маркаса перамог на часткова свабодных прэзідэнцкіх выбарах. Краіна застаецца не самай багатай, але з 2000-х эканоміка хутка расце.

10. Нікалае Чаўшэску (Румынія)

Кіраваў 24 гады. Памёр 25 снежня 1989 года (у 71 год).

Магіла Чаўшэску
Магіла Чаўшэску (Nicolae Ceauşescu) на вайсковых могілках Генча (Ghencea). Бухарэст, Румынія. 2 чэрвеня 2016 года.
Фота: Clay Gilliland / Flickr

Як памёр? Расстраляны. Вырашыў правесці мітынг на фоне лакальных пратэстаў вугорскай меншасці – і быў асвістаны. Пасля пратэсты пачаліся ў сталіцы, міністр абароны адмовіўся іх здушыць і таямніча памёр, войска перайшло на бок народу. Чаўшэску з жонкай спрабавалі ўцячы, але былі затрыманыя, спешна асуджаныя і расстраляныя. Расстрэл паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі.

Дзе пахаваны? Разам з жонкай на могілках у Бухарэсце пад сціплым надмагіллем.

Што было пасля? Неўзабаве прайшлі свабодныя выбары, краіна стала дэмакратычнай. Але палова румынаў лічыць, што за Чаўшэску жылося лепей.

11. Кім Ір Сэн (Паўночная Карэя)

Кіраваў 46 гадоў. Памёр 8 ліпеня 1994 года (у 82 гады).

Маўзалей Кімаў
Маўзалей Кімаў. Пхеньян, КНДР. 11 кастрычніка 2015 года.
Фота: Uwe Brodrecht / Flickr

Як памёр? Сваёй смерцю. Ад сэрцавага прыступу не ўратавалі «найлепшыя лекары краіны». Пра смерць паведамілі народу праз 34 гадзіны.

Дзе пахаваны? Не пахаваны. Цела выставілі ў ягонай рэзідэнцыі ў Пхеньяне, ператворанай у маўзалей. Там жа потым выставілі цела ягонага сына.

Што было пасля? Уладу прыняў ягоны сын, ад сына – унук. Краіна засталася адной з найбяднейшых у свеце і самай закрытай таталітарнай сістэмай.

12. Пол Пот (Камбоджа)

Кіраваў дзяржавай менш за чатыры гады, яшчэ 18 гадоў кіраваў паўстанцамі. Памёр 15 красавіка 1998 года (у 72 гады).

Месца крэмацыі Пол Пота
Месца крэмацыі Пол Пота. Камбоджа. 3 ліпеня 2007 года.
Фота: Bokkiem / Wikimedia

Як памёр? Загадкава ў няволі. Развязаў вайну з В’етнамам (а таксама генацыд супраць уласнага народу і знішчэнне эканомікі ў барацьбе з урбанізацыяй), прайграў, сышоў у супраціў в’етнамскай акупацыі, а ўрэшце быў арыштаваны паплечнікамі. Памёр пад хатнім арыштам пры нявысветленых акалічнасцях (ёсць версія пра самагубства).

Дзе пахаваны? Пасля крэмацыі на кучы смецця і апонаў у джунглях прах развеялі, на месцы крэмацыі паставілі сціплыя памятныя знакі.

Што было пасля? У Камбоджы яшчэ пры жыцці Пола Пота ўсталявалася канстытуцыйная манархія з фактычнай дыктатурай прэм’ер-міністра. Краіна застаецца беднай, але паступова развіваецца.

13. Садам Хусэйн (Ірак)

Кіраваў 26 гадоў. Памёр 30 снежня 2006 года (у 69 гадоў).

Пустэльня ў Іярданіі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пустэльня ў Іярданіі – дзесьці тут могуць хаваць цела Хусэйна.
Фота: pxfuel.com

Як памёр? Павешаны. Быў зрынуты ў выніку ўварвання ЗША і саюзнікаў у Ірак, хаваўся, але быў знойдзены ў падвале вясковага дому. Быў асуджаны за шматлікія злачынствы супраць чалавецтва, праз тры гады па арышце павешаны. Спецыяльна для яго ў Іраку аднавілі смяротнае пакаранне.

Дзе пахаваны? Невядома. Быў пахаваны ў маўзалеі роднай вёсцы блізу Тыкрыту. Маўзалей быў разбураны ў 2015 годзе ў баях з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы». Сцвярджаецца, што перад тым цела адкапалі і звезлі ягоныя прыхільнікі, а дачка кажа, што цела не ў Іраку.

Што было пасля? Уварванне і зрынанне дыктатара перарасло ў працяглую грамадзянскую вайну і прывяло да з’яўлення тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». Ірак дагэтуль застаецца сярод самых небяспечных краінаў свету, так і не стаў дэмакратычнай дзяржавай.

14. Ідзі Амін (Уганда)

Кіраваў 8 гадоў. Памёр 16 жніўня 2003 года (у 77–78 гадоў).

Могілкі, дзе пахаваны Ідзі Амін
Могілкі Аль-Руўайс, дзе пахаваны Ідзі Амін (Idi Amin Dada Oumee). Джыда, Саудаўская Аравія. 8 траўня 2010 года.
Фота: Yousefmadari / Wikimedia

Як памёр? Сваёй смерцю ў выгнанні. Напаў на Танзанію, пачаў прайграваць, уцёк з краіны, памёр у Саудаўскай Аравіі ад шматлікіх хваробаў.

Дзе пахаваны? У простай магіле ў Джыдзе блізу шпіталю, дзе памёр.

Што было пасля? Амін застаўся ў гісторыі як жорсткі, але найбольш «карыкатурны» дыктатар – на фоне яго папулярная камедыя «Дыктатар» («The Dictator», 2012) не выглядае пародыяй. Уганда перажыла дзве грамадзянскія вайны. Краінай ужо 37 гадоў кіруе іншы дыктатар, за якім краіна слаба развіваецца і застаецца ў ліку найбяднейшых. Лідар апазіцыі нядаўна сустракаўся з Ціханоўскай.

15. Слабодан Мілошэвіч (Сербія)

Кіраваў 11 гадоў. Памёр 11 сакавіка 2006 года (у 64 гады).

Магіла Мілошэвіча
Магілы Слабадана Мілошэвіча і ягонай жонкі Міры Маркавіч. Пажарэвац, Сербія. 11 сакавіка 2021 года.
Фота: sps.org.rs

Як памёр? Сваёй смерцю ў няволі. Перажыў няўдачы ў грамадзянскіх войнах і бамбаванне сіламі NATO, але прайграў выбары і быў зрынуты пасля пратэстаў, неўзабаве быў арыштаваны і перададзены пад міжнародны трыбунал за ваенныя злачынствы. Праз пяць гадоў памёр у няволі ад інфаркту міякарда. Ён і сваякі вінавацілі трыбунал у ненаданні належнай медычнай дапамогі.

Дзе пахаваны? На заднім двары дому сваёй сям’і ў Пажарэвацы пасля масавага развітання ў сталіцы. Мазгі, падобна, засталіся ў крыміналістаў у Гаазе.

Што было пасля? Сербія лічыцца часткова дэмакратычнай. Яна «адпусціла» амаль усе часткі былой Югаславіі – акрамя Косава, якога не прызнае і якому перыядычна пагражае. Фігура Мілошэвіча застаецца спрэчнай у сербскім грамадстве.

16. Фідэль Кастра (Куба)

Кіраваў каля 50 гадоў. Памёр 25 лістапада 2016 года (у 90 гадоў).

Магіла Фідэля Кастра
Магіла Фідэля Кастра (Fidel Alejandro Castro Ruz) на могілках Святой Іфігеніі. Сант’яга-дэ-Куба (Santiago de Cuba), Куба.
Фота: Christian Pirkl / Wikimedia

Як памёр? Імаверна, сваёй смерцю. Перажыў дзясяткі, калі не сотні няўдалых замахаў на сваё жыццё. За 10 гадоў да смерці праз кепскае здароўе перадаў фактычную ўладу малодшаму брату, пазней пакінуў і фармальныя пасады. Стан здароўя і дакладныя прычыны смерці Кастра застаюцца ў сакрэце.

Дзе пахаваны? На могілках у Сант’яга-дэ-Куба (Santiago de Cuba)– на ганаровым месцы, але пад параўнальна сціплым надмагіллем-валуном.

Што было пасля? Брат Фідэля канчаткова пайшоў у адстаўку ў 2021 годзе, камуністы засталіся ва ўладзе. Куба засталася крайне несвабоднай і беднай краінай, рэформы ідуць павольна.

17. Аўгуста Піначэт (Чылі)

Кіраваў 17 гадоў. Памёр 10 снежня 2006 года.

Магіла Піначэта
Магіла Піначэта (Augusto José Ramón Pinochet Ugarte). Лёс-Больдас, Чылі. 3 снежня 2015 года.
Фота: Fundación Presidente Pinochet / Facebook

Як памёр? Сваёй смерцю ў няволі. Пагадзіўся на лібералізацыю і ў 1988 годзе прайграў рэферэндум аб праве застацца ва ўладзе, яшчэ на 10 гадоў застаўся камандуючым сухапутнымі войскамі. У 1998 годзе лёг у лонданскі шпіталь на аперацыю і быў арыштаваны, праз 16 месяцаў перададзены ў Чылі, дзе яго пачалі судзіць і трымалі пад хатнім арыштам – да сэрцавага прыступу і смерці ад сэрцавай няздатнасці.

Дзе пахаваны? У доме сям’і ў Лёс-Больдас. Хаваць на могілках не хочуць, бо баяцца вандалаў.

Што было пасля? Чылі стала дэмакратычнай краінай з моцнай па мерках рэгіёну эканомікай (але з высокай ступенню няроўнасці), якая вырасла ў тым ліку дзякуючы рэформам Піначэта. Фігура дыктатара застаецца спрэчнай для чылійцаў.

18. Сухарта (Інданезія)

Кіраваў 32 гады. Памёр 27 студзеня 2008 года (у 86 гадоў).

Маўзалей Сухарта
Маўзалей Сухарта (Haji Mohamed Suharto). Гара Лаву, Інданезія. 5 жніўня 2020 года. Кадр з відэа: Titiek Soeharto / Youtube

Як памёр? Сваёй смерцю. Пасля пратэстаў 1998 года пайшоў у адстаўку, жыў з сям’ёй на Яве, захаваўшы мільярды долараў на рахунках і шмат нерухомасці ва ўласнасці, але займеўшы розныя хваробы. Яго некалькі разоў спрабавалі судзіць, але спынялі пераслед праз стан здароўя. Памёр у лякарні праз гідрацэфалію.

Дзе пахаваны? У сямейным маўзалеі на Яве – на гары, якая лічыцца святой. Ганаровае месца пахавання выклікала пратэсты.

Што было далей? Інданезія лібералізавалася, стала часткова дэмакратычнай краінай. Крызіс у апошнія гады кіравання Сухарта прывёў да росту злачыннасці і карупцыі, лакальных канфліктаў і тэрарызму, з чым больш-менш разабраліся за 2000-я гады. Эканоміка расце і паляпшаецца (краіна ўжо 17-я ў свеце паводле аб’ёмаў ВУП), але захоўваюцца праблемы няроўнасці. Сухарта застаецца любімым прэзідэнтам інданезійцаў.

19. Муамар Кадафі (Лівія)

Кіраваў 42 гады. Памёр 20 кастрычніка 2011 года (у 69 гадоў).

Пустэльня ў Лівіі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пустэльня ў Лівіі – дзесьці тут маглі пахаваць цела Кадафі.
Фота: Saharate / Wikimedia

Як памёр? Забіты паўстанцамі. Пратэсты Арабскай вясны перараслі ў грамадзянскую вайну, у якую ўмяшалася NATO. Пасля падзення сталіцы, Кадафі з сям’ёй пусціўся ва ўцёкі. Аўтакалона Кадафі трапіла пад авіяўдар NATO, дыктатара схапілі паўстанцы. Сцвярджалася, што яго застрэлілі з ягонага ж залатога пісталета, але былі і іншыя версіі. Дакладна, што паўстанцы збівалі яго і здымалі гэта на відэа.

Дзе пахаваны? Недзе ў пустэльні ў непазначанай магіле побач з сынам і міністрам абароны, забітымі разам з ім.

Што было пасля? Яшчэ адна грамадзянская вайна, якая завершылася толькі ў 2021 годзе і разам з мінулай вайной разбурыла эканоміку, што трымалася на экспарце нафты. Краіна засталася недэмакратычнай, сітуацыя з правамі чалавека ці не горшая за час Кадафі, выбары абяцаюць ужо пяць гадоў.

20. Робэрт Мугабэ (Зімбабвэ)

Кіраваў 37 гадоў. Памёр 6 верасня 2019 года (у 95 гадоў).

Мемарыял, дзе маюць пахаваць Мугабэ
Плошча Герояў, дзе збіраюцца перапахаваць Мугабэ (Robert Gabriel Mugabe). Харарэ (Harare), Зімбабвэ.
Фота: Gary Bembridge / Flickr

Як памёр? Сваёй смерцю. Калі 93-гадовы Мугабэ (Robert Gabriel Mugabe) зняў з пасады віцэ-прэзідэнта свайго паплечніка і меркаванага пераемніка, пайшлі чуткі, што ён хоча аддаць уладу сваёй трэцяй жонцы. Армія змясціла яго пад хатні арышт, уладу ўзяў звольнены ім віцэ-прэзідэнт. Мугабэ адмаўляўся ісці ў адстаўку, але Вярхоўны Суд пастанавіў, што ён пагадзіўся (ён гэта адмаўляў). Пакуль яго ўгаворвалі, яму далі дом і прыслугу. Памёр у шпіталі ў Сінгапуры з неназванай прычыны.

Дзе пахаваны? У двары дому сваёй сям’і ў мястэчку Кутама (Kutama) пасля развітання на галоўным стадыёне краіны. З 2019 года анансуюць перапахаванне на нацыянальнай плошчы Герояў – там ужо пахаваная ягоная першая жонка.

Што было пасля? Паплечнік Мугабэ застаўся ва ўладзе, сябруе з рэжымам Лукашэнкі. Зімбабвэ засталася беднай і аўтарытарнай краінай.

Агляд
Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?
2023.05.12 10:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў