У баях у Судане знішчылі беларускі грузавы самалёт. Што там адбываецца і хто з кім б’ецца


Самалёт Іл-76ТД беларускай авіякампаніі «Belcanto Airlines» быў моцна пашкоджаны і фактычна знішчаны ў аэрапорце Хартуму падчас спробы дзяржаўнага перавароту ў Судане. Спыталі эксперта ў Блізкім Усходзе пра тое, што адбываецца ў афрыканскай краіне.

Знішчаны самалёт Іл-76ТД беларускай авіякампаніі «Belcanto Airlines». Хартум, Судан. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Maxar

Дзяржаўныя медыі Беларусі 20 красавіка паведамілі пра моцнае пашкоджанне беларускага самалёта Іл-76ТД у сталіцы Судану Хартуме. Мяркуючы са спадарожнікавых здымкаў, самалёт быў пашкоджаны 16 ці 17 красавіка. Паводле звестак дзяржаўных медыяў, экіпаж самалёта з сямі чалавек не пацярпеў, ён у бяспецы, а Міністэрства замежных справаў шукае варыянты вяртання экіпажу дадому, але пакуль пакідаць Судан ім небяспечна.

Што самалёт рабіў у Судане, невядома. Са звестак «FlightRadar» вядома толькі, што 13 красавіка самалёт лётаў па Іярданіі. Пра «Belcanto Airlines» вядома таксама няшмат: яна з’явілася ў жніўні 2020 года і толькі ў жніўні 2022-га атрымала сертыфікат эксплуатанта свайго адзінага самалёта – таго самага з нумарам EW-576TH, што пацярпеў у Судане.

Пра сітуацыю ў Судане «Белсату» расказаў Ілля Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні.

Што наогул адбываецца ў Судане?

Судан атрымаў незалежнасць ад Вялікай Брытаніі і Егіпту ў 1956 годзе. З таго часу ў краіне адбыліся дзве працяглыя грамадзянскія вайны, некалькі дзяржаўных пераваротаў. Часцей была вайна, чым мір, а краіна заставалася адной з найбяднейшых у свеце. У 2000-х і 2010-х канфлікт у Дарфуры, заходняй частцы Судану, перарос у генацыд. У 2011 годзе аддзяліўся ў асобную дзяржаву Паўднёвы Судан – і там таксама ўспыхнула грамадзянская вайна. У 2019 годзе ў Судане пасля пратэстаў супраць жахлівага эканамічнага стану вайскоўцы ўчынілі чарговы вайсковы пераварот, скінулі прэзідэнта Умара аль-Башыра, які кіраваў дзяржавай 30 гадоў.

Ілля Куса расказвае, што пасля гэтага ў Судане ўлада была падзеленая між трыма буйнымі «гульцамі»: рэгулярнымі войскамі на чале з цяперашнім кіраўніком Суверэннай рады Судану (TMC) Абдэлем Фатахам аль-Бурганам; ваенізаванымі падраздзяленнямі Сілаў аператыўнага падтрымання (RSF) на чале з генералам Махамэдам Хамданам Даг’лю, што выраслі з дарфурскага апалчэння 1980-х (іх цяпер называюць мяцежнікамі); разнастайнай цывільнай апазіцыяй да аль-Башыра, што падтрымала вайскоўцаў. Праз два гады па перавароце вайскоўцы пазбавіліся цывільнай апазіцыі і захапілі амаль усю ўладу – але засталіся RSF, пэўная ступень двоеўладдзя.

TMC і RSF кіравалі краінай тандэмам, нягледзячы на супярэчнасці, згадвае Куса, пакуль летась вайскоўцы не пагадзіліся перазапусціць палітычную сістэму і перадаць уладу цывільнаму ўраду. Між двума генераламі ўзнікла нязгода адносна рэформы сілавога апарату, падпарадкавання і інтэграцыі RSF. 15 красавіка супярэчнасці выліліся ў гвалт.

«Я лічу, што гэта ўнутраны канфлікт, які абвастраўся цягам апошніх чатырох гадоў і проста выйшаў з-пад кантролю», – рэзюмуе Ілля Куса.

Чаму страляюць у аэрапортах?

15 красавіка сілы RSF атакавалі шматлікія пазіцыі суданскай арміі як у сталіцы, так і ў іншых гарадах. Баі адбываліся не толькі вакол вайсковых базаў, але і за аэрапорты, каля офісу дзяржаўнага тэлебачання, рынку, стадыёну…

Ілля Куса кажа, што цяжка ацэньваць хаатычнасць ці ўпарадкаванасць дзяржаўнага перавароту. Але, на ягоную думку, RSF пачаткова мелі выразны план, рыхтаваліся да атакі, але «не ўсё атрымалася, як хацелася». RSF у першыя дні ўзялі ключавыя пункты ў Хартуме і аэрапорт на поўначы краіны, шэраг пазіцыяў у рэгіёнах, што ўтрымліваюць дагэтуль. Ды цяпер шмат якія аб’екты пераходзяць з рук у рукі, ідуць баі за адміністрацыйныя цэнтры, вайсковыя базы, ключавыя аб’екты інфраструктуры.

Знішчаны самалёт Іл-76ТД беларускай авіякампаніі «Belcanto Airlines». Хартум, Судан. 16 красавіка 2023 года.
Фота: Maxar

У Судане «не зусім хаос, нейкая заканамернасць ёсць», тлумачыць Куса. Так, калі кажуць пра баі за стадыён, маюць на ўвазе ваколіцы стадыёну ў Хартуме. На ўвазе не маецца бой літаральна за валоданне стадыёнам. Гэта адзін з ключавых пунктаў, за які ідуць баі – таксама як зона амаль разбуранага будынку штабу войскаў або зона рынку на поўначы Хартуму.

Аэрапорты ж, кажа Куса, гэта стратэгічна важныя аб’екты, іх хоча кантраляваць любы бок канфлікту. Аэрапорты атакуюць, каб пасадзіць самалёты (у тым ліку вайсковыя), якія могуць вылятаць з іх, займець магчымасць атрымліваць грузы і патэнцыйна – атрымаць базы з пэўнай тэхнікай. За іх у Судане з першага дня разгарнуліся баі. Асаблівая барацьба – за вайсковыя аэрадромы, бо пакуль паветраныя сілы на баку TMC, а RSF не мае авіяцыі. Калі RSF захоплівае аэрадромы, TMC іх абстрэльвае, каб не страціць адзінай значнай перавагі.

Агляд
Дзе «бабахне» ў 2023 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя войны і гвалтоўныя пратэсты
2022.12.13 07:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў