«Навошта плаціць дзяржаве за пірацкі фільм?» У Беларусі паменела гледачоў у кінатэатрах


Белстат паведаміў, што летась у кінатэатрах пабывалі 2,9 мільёна гледачоў. Гэта на 21 % меней, чымся ў 2021 годзе. Тады на сеансах налічылі 3,656 мільёна наведнікаў. Што цяпер паказваюць на вялікіх экранах і чаму беларусы сталі радзей хадзіць у кіно – у матэрыяле «Белсату».

Кинотеатр «Центральный» в Минске
Кінатэатр «Цэнтральны». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Праблемы ў кінатэатраў пачаліся ў 2020 годзе, калі сеансы наведалі 2,747 мільёна асобаў. Амаль у 3,5 разу меней, чымся ў 2019-м! То быў ковідны год, і шмат якія кінатэатры прыпынялі працу. Толькі ў Беларусі, дзе, як вядома, каронавіруса не было, залы закрывалі не праз локдаўн, а праз «эканамічную немэтазгоднасць»: ніхто не хадзіў. Галівудскія студыі перанеслі прэм’еры, і не было чаго паказваць. Да таго ж нельга выключаць, што беларусы перайшлі ў рэжым самазахавання і на ўласную ініцыятыву самаізаляваліся, як маглі, калі дзяржаву гэта аніяк не хвалявала. У канцы года, калі выбухнула мірная рэвалюцыя, імаверна, шмат каму было не да кіно.

У 2021 годзе кінапракат крыху ачуняў: гледачоў паболела амаль на мільён, лічба падрасла да 3,656 мільёна. Летась – зноў падзенне, Белстат налічыў 2,9 мільёна наведнікаў, прыкладна столькі, колькі і ў крызісны 2020-ы.

Цяпер кінатэатры цярпяць праз вайну ва Украіне і шчыльную прывязку да Расеі: у Беларусі паказвалі тое, што куплялі і дублявалі альбо субтытравалі ў суседняй краіне, а буйныя галівудскія студыі адмовіліся ад супрацы з Расеяй. Прынцып даміно ў дзеянні.

Адказам на гэта сталася банальнае пірацтва. У Расеі пачалі бессаромна паказваць стужкі, спампаваныя з торэнтаў. Некаторыя фільмы, як сцвярджаюць дыстрыб’ютары, пракатваюць легальна. Напрыклад, адну з апошніх сусветных прэм’ераў, «Джон Ўік 4», у Расеі распаўсюджвае кампанія «Атмосфера кино». Там заявілі, што пракат афіцыйны, але не ўдакладнілі, якім чынам удалося дамовіцца з праваўладальнікам, студыяй «Lionsgate».

В Варшаве прошёл седьмой фестиваль белорусского кино «Bulbamovie»
Кінафестываль «Bulbamovie» ў Варшаве, Польшча. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

У Беларусі афіцыйна дазволілі пірацтва – і вось, калі ласка: у сённяшнім рэпертуары кінатэатраў, напрыклад, ёсць фільм «Забойства ў Парыжы» амерыканскай кампаніі «Netflix». Яна амаль усе свае карціны паказвае ва ўласным онлайн-кінатэатры. Лічаныя іхныя стужкі дэманстраваліся на вялікім экране, і тое толькі ў ЗША. Сапраўдны эксклюзіў: нават у расейскіх кінатэатрах такога няма.

Рэпертуар напаўняюць хоць чым. Цяпер у беларускім пракаце, напрыклад, – кітайскі фільм «Вандроўная Зямля 2», кітайска-іранскі мультфільм «Гулз» («Звералэнд»), стужкі пра вайну «Падрыў» ад «Беларусьфільму» і расейскі «Праведнік».

Так выглядае пяцёрка самых папулярных фільмаў у менскім пракаце на тыдні з 10 да 16 красавіка:

  1. «Джон Ўік 4» (ЗША, Нямеччына);
  2. «Браты Супер Мар’ё ў кіно» (ЗША, Японія);
  3. «Падзямелле і цмокі: Гонар сярод злодзеяў» (ЗША, Канада, Вялікая Брытанія);
  4. «Маё цудоўнае няшчасце» (ЗША);
  5. «Забойства ў Парыжы» (ЗША).

Ці то праз нястачу фільмаў, ці то праз нябачаную любоў да хакею ў кінатэатрах Горадні і Жлобіна пачалі паказваць гульні фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. За перамогу ў турніры змагаюцца «Нёман» і «Металург» з гэтых гарадоў. Гучныя спартовыя заўзятары ў кіназале – з’ява нязвыклая для нашых шыротаў.

«Нічога цікавага там няма»

Глядзець у кінатэатрах у Беларусі няма чаго, упэўнены кінакрытык Тарас Тарналіцкі. У размове з «Белсатам» ён пералічыў хібы айчыннага пракату:

«Ёсць адчувальны недахоп кантэнту. Той кантэнт, што ёсць, паўтараецца, альбо ён не вельмі разрэкламаваны, нейкія не вельмі знаёмыя гледачу фільмы з Еўропы ці ЗША. Або пірацкі амерыканскі кантэнт».

Тарналіцкі заўважае: усе спадзевы беларускага пракату – на расейскі пракат і расейскую кінаіндустрыю, бо «Расея ў нас – амаль адзіны саюзнік у культурніцкай, забаўляльнай сферы», а Беларусь – яе культурніцкая калонія.

«Шмат людзей не ходзяць у кінатэатры, бо кантэнту не вельмі шмат, той, што ёсць, – пірацкі, неабавязкова добрай якасці. Большасць глядзяць фільмы ўдома. «Піраткі» высокай якасці хутка трапляюць у сеціва, то бок неабавязкова ісці ў кінатэатр на пірацкі фільм, калі ёсць магчымасць паглядзець на пірацкім сайце і не плаціць дзяржаве за гэта», – тлумачыць эксперт.

«Выбудаваная пірацкая сцяжына»

Копіі фільмаў трапляюць у Беларусь рознымі шляхамі, мяркуе суразмоўца «Белсату». Напрыклад, з Казахстану і Грузіі, дзе з легальным пракатам праблемаў няма:

«Агучванне ўжо ёсць расейскамоўнае, бо там таксама існуюць паказы на расейскай мове. Гэтыя копіі перасылаюць у Расею, а адтуль – у Беларусь. Мне знаёмы кінамеханік распавядаў, што няма ніякай праблемы зрабіць у кінатэатры лічбавую копію фільму і потым яе даслаць».

Таксама беларускі кінапракат можа наўпрост набываць у Расеі крадзеныя фільмы, якія агучваюць там такія ж «законапаслухмяныя» дзялкі.

Каментар
Легалізацыя кантрабанды і бандытызм. Якія будуць наступствы шэрага імпарту для беларусаў?
2023.01.06 18:59

«Сапраўдны трэш»

Залежнасць беларускага кінапракату ад Расеі як пачалася ў 1990-я, гэтак і прывяла да таго, што маем цяпер. Сусветныя дыстрыб’ютары заўсёды разглядалі нашую краіну часткаю глабальнага расейскага рынку, часткаю расейскамоўнага СНД. Хаця Украіна, напрыклад, з часам адшпілілася ад гэтага цягніка, і ейны пракат існуе аўтаномна ад Масквы. А ў Беларусі ніхто нічога не рабіў: зручна – ну і добра.

У будучыні давядзецца перабудоўваць супрацу з мэйджарамі і аднаўляць культурніцкую самастойнасць, адзначыў Тарналіцкі:

«Каб нас разглядалі як самастойны, хоць і невялікі рынак, дзе мы маглі б атрымоўваць правы на кантэнт, перакладаць яго не толькі на расейскую мову, але і на беларускую. Ніхто гэтага патрабаваў і ніхто гэтага не рабіў, акрамя кампаніі «А1», якая ладзіла такі праект, з дапамогаю студыі «Кінаконг» перакладала замежны кантэнт на беларускую. Гэта дзіўна, калі ў Беларусі няма ў пракаце фільмаў на беларускай мове. Гэта сапраўдны трэш».

Hавiны
Без замежных блокбастараў і амаль без гледачоў. Як выжываюць беларускія кінатэатры
2022.07.01 19:12

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў