«Будзем намагацца, каб гэта не стала прэцэдэнтам». Еўрапейскі суд скасаваў санкцыі супраць «Белшыны»


Еўрапейскі суд ухваліў пазоў «Белшыны» і скасаваў санкцыі супраць прадпрыемства. Інстанцыя ўпэўненая, што завод з увагі на стратнасць не мог быць «крыніцаю прыбытку для рэжыму Лукашэнкі», а звальненні з палітычных прычынаў не даказаныя. Пастанова апублікаваная на сайце суда.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belshina_live / Telegram

Бабруйская «Белшына» трапіла пад санкцыі ЕЗ у 2021 годзе з увагі на рэпрэсіі ў Беларусі. Завод палічылі «істотнай крыніцаю прыбыткаў рэжыму Лукашэнкі», а кіраўніцтва прадпрыемства абвінавацілі ў звальненні работнікаў падчас пратэстаў з палітычных прычынаў.

Еўрапейскі суд, разгледзеўшы пазоў «Белшыны», пастанавіў, што завод у той час быў стратным, а таму не мог быць істотнай крыніцаю фінансавання, дый агулам аплата падаткаў не можа лічыцца падтрыманнем рэжыму Лукашэнкі, бо гэтае юрыдычнае абавязанне датычыць усіх падаткаплацельшчыкаў у Беларусі.

Акрамя таго, суд палічыў, што адказчыкі ў справе (гэта былі прадстаўнікі Рады ЕЗ) не даказалі палітычныя матывы звальнення работнікаў «Белшыны», хаця і прызнаў, што афіцыйная прычына – прагул – выглядае сумнеўнаю праз тое, што ў тыя дні, калі рэпрэсаваныя потым працаўнікі адсутнічалі, адбываўся страйк.

Судовыя выдаткі мусіць скампенсаваць бок, які прагуляў у судзе, – Рада ЕЗ.

Акрамя таго, 20 сакавіка Еўрапейскі суд ухваліў пазоў Мікіты Мазепіна – сына расейскага бізнесоўца беларускага паходжання Дзмітрыя Мазепіна. Санкцыі супраць маладзёна былі скасаваныя з аргументацыяй, што сямейная сувязь з бацькам – недастатковая падстава для рэстрыкцыяў.

Аналітыка
Пад санкцыі можа трапіць пятая частка паставак з Беларусі ў ЕЗ
2024.03.13 16:19

Прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у каментары «Белсату» адзначыў, што пастанову суда яшчэ можна абскардзіць, і нават калі санкцыі ЕЗ супраць «Белшыны» канчаткова скасуюць, беларускую дзяржаву не заліе грашыма:

«Гэта не праб’е дзіру ў санкцыях і грошы не пацякуць ракою да Лукашэнкі. У дачыненні «Белшыны» застаюцца сектаральныя санкцыі, што датычаць іх прадукцыі, амерыканскія санкцыі, мацнейшыя за еўрапейскія».

Праўнік паведаміў, што каманда НАУ ўжо пачала працу, каб дамагчыся перагляду судовай пастановы:

«Будзем намагацца, каб гэта не зрабіла для іх нейкага прэцэдэнту. Каманда ўжо рыхтуе матэрыял, каб пільна даць адпаведным чыноўнікам. На маю сціплую думку, доказаў больш, чым патрэбна. Уся справа ў тым, што на нейкім этапе нейкія асобы прапусцілі нешта істотнае. Мы будзем даваць сваё абгрунтаванне і матывацыю, чаму трэба падаваць апеляцыю, такая магчымасць ёсць. У нас ёсць падставы перамагчы».

Кірылюк таксама раскрытыкаваў суд, заявіўшы, што інстанцыя не разгледзела ўсе доказы:

«Мы маем некалькі ўзроўняў доказаў, улучна міжнародныя справаздачы праўных арганізацыяў, праваабарончых, АБСЕ, ААН, дзясяткі інтэрв’ю рэпрэсаваных, якіх у суд не запрашалі. Можна сказаць, што суд не даследаваў усе доказы, якія мог».

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 17:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў