Стратным калгасам даруюць пазыкі і могуць іх прадаць за… Br 150 тыс.


Хранічна стратныя арганізацыі аграпрамысловага комплексу чакае радыкальная рэарганізацыя, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас нарады аб праблемах АПК у Магілёўскай і Віцебскай вобласцях.

Што да фінансавай сітуацыі ў АПК Магілёўскай вобласці, то 52 % усіх мясцовых сельскагаспадарчых арганізацыяў спрацавалі з рэнтабельнасцю продажу менш як 5 %. Два дзясяткі прадпрыемстваў атрымалі страты, якія давялося кампенсаваць бюджэтнымі сродкамі на суму прыблізна Br 156 млрд.

Мясніковіч запатрабаваў, каб усе пастановы ў паляпшэнні эканамічнай сітуацыі, рэарганізацыі стратных і закрэдытаваных сельскагаспадарчых арганізацыяў былі прынятыя не пазней за 27 траўня. Формы рэарганізацыі могуць быць розныя – ад працэсу санацыі да ўзбуйнення гаспадарак і продажу стратных арганізацыяў інвестарам, дадаў ён.

Прэм’ер паведаміў, што падрыхтаваныя некалькі праектаў указаў прэзідэнта, якія прадугледжваюць захады ў рэструктурызацыі старой запазычанасці сельскагаспадарчых арганізацыяў. Гэта зробяць, каб аб’яднальныя працэсы не адбіліся адмоўна на інтэгратары – арганізацыі, якая бярэ на сябе праблемы далучальнай, патлумачыў Мясніковіч.

«Таксама мы прапаноўваем шэраг стратных сельскагаспадарчых арганізацыяў прадаваць як маёмасныя комплексы інвестарам, перш за ўсё айчынным. Не выключана, што іх рэалізацыя будзе ажыццяўляцца за адну базавую велічыню», – сказаў кіраўнік ураду.

У ходзе нарады ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці Мясніковіч адзначыў, што па выніках працы ў 2013 годзе Віцебская вобласць адзіная ў краіне атрымала страты ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі памерам Br 45,8 млрд.

Прэм’ер указаў на шэраг хібаў у працы мясцовых аграрыяў, асабліва падкрэсліўшы праблему прыпісак. «Для нас галоўнае, пра гэта гаворыць і кіраўнік дзяржавы, не пагоня за высокімі «папяровымі» паказнікамі, а каб у прадпрыемстваў былі сродкі на рахунку для ўласнага развіцця і выплаты годнага заробку», – заявіў урадовец.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары