«Яны едуць абяззброеныя». Украінская выведка назвала мэты перабывання вагнэраўцаў у Беларусі


Спікер Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў у эфіры «Белсату» паведаміў, што баевікоў ПВК Вагнэра абяззбройваюць перад тым, як тыя выпраўляюцца ў Беларусь. На ягоную думку, найміты будуць трэнаваць «армію Лукашэнкі» і дражніць краіны-суседкі.

У Беларусь заехала ўжо шэсць аўтакалонаў ПВК Вагнэра. Усе яны рухаліся праз Крычаў, Рагачоў, Бабруйск і Асіповічы ў бок вёскі Цэль, дзе пабудавалі намётавы лагер.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў у інтэрв’ю «Вот Так» заявіў, што баевікі едуць у Беларусь без зброі:

«Яны выходзяць з акупаваных украінскіх тэрыторыяў абяззброенымі. Там транспартныя сродкі, сродкі для ўладкавання перабывання. Цяжкога ўзбраення яны не маюць».

Ён не выключыў, што найміты будуць навучаць беларускую армію.

«Што за гэтым стаіць, мы найбліжэйшым часам пабачым. Не выключана, што яны будуць задзеяныя ў інструктажах і рыхтаванні войска Лукашэнкі, а таксама для раздражнення краінаў – суседзяў з ЕЗ, чальцоў NATO і, безумоўна, Украіны. Але і для Беларусі гэта будзе дадатковым дэстабілізацыйным чыннікам», – мяркуе спікер Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны.

Аналітыка
Колькі каштуе ўтрыманне вагнэраўцаў у Беларусі? Спрабуем падлічыць
2023.07.19 08:00

Андрэй Юсаў сказаў, што проста цяпер прысутнасць баевікоў у Беларусі нічым не пагражае Лукашэнку, аднак гэта не азначае, што пагрозы не ўзнікнуць пазней.

«Калі казаць пра выступ супраць Лукашэнкі, то гэтая пагроза заўсёды будзе лунаць у паветры. Імаверна, ён выкарыстае іх для ўзмацнення свайго рэжыму. Аднак мы не атаясняем Лукашэнку і беларускае грамадства. Калі казаць пра беларускае грамадства, то пэўная колькасць наймітаў, баевікоў з баявым досведам, досведам тэрарыстычнай дзейнасці – дакладна не пазітыўны чыннік спакою і стабільнасці», – адзначыў прадстаўнік выведкі.

Паводле яго, у Кіеве не бачаць пагрозы наступу вагнэраўцаў з тэрыторыі Беларусі, аднак сітуацыя стала адсочваецца.

Каментар
Палітаглядальнік Аляксандр Класкоўскі: «Беларусь стане для вагнэраўцаў хабам»
2023.07.19 10:35

Юсаў таксама пракаментаваў выбух на Крымскім мосце, што здарыўся ў ноч на 17 ліпеня. Ён заўважыў, што з гэтай пераправаю і далей «будзе нешта адбывацца»:

«Гэта незаконнае збудаванне. І паколькі яно выкарыстоўваецца для перасоўвання сілаў і сродкаў расейскіх акупантаў для ўдараў па ўкраінскіх мірных жыхарах і ўкраінскіх абаронцах, натуральна, з ім і далей будзе нешта адбывацца».

Андрэй Юсаў адмовіўся пацвярджаць або зняпраўджваць датычнасць Украіны да выбуху на мосце, але паабяцаў распавесці шмат падрабязнасцяў пасля перамогі ў вайне.

Hавiны
На Крымскім мосце быў чутны выбух. Загінулі два чалавекі, спынены рух аўтамабіляў
2023.07.17 09:00

Скрыншот вокладкі з відэа: ВоенТВ Беларуси / YouTube

belsat.eu

Стужка навінаў