Гучнае адкрыццё заводу ў 2013-м і яго банкруцтва ў 2023-м. Але вінаватых у марнатраўстве няма


Вярхоўны суд Беларусі абвясціў пра завяршэнне справаў аб банкруцтве шэрагу прадпрыемстваў. Банкрутам прызнаны і Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод. Цягам апошніх гадоў прадпрыемства імкнуліся прадаць, але пакупнікоў на некалькіх аўкцыёнах так і не знайшлося. Незалежныя эканамісты кажуць, што кароткая гісторыя гэтага заводу – яскравы прыклад негаспадарлівасці і марнавання бюджэтных сродкаў.

Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод.
Фота: ovz.by

29 сакавіка эканамічны суд Магілёўскай вобласці  прызнаў банкрутам закрытае акцыянернае таварыства «Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод». Праз два тыдні пасля прыняцця гэтай пастановы інфармацыю распаўсюдзіў Вярхоўны суд.

Амбітныя планы чыноўнікаў, што так і не зрэалізаваліся

Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод узнік на базе Асіповіцкага вагоннага дэпо. У 2008 годзе ўрад Беларусі заключыў дамову з расейскай кампаніяй «Гранд Экспресс» наконт будаўніцтва заводу, што будзе выпускаць чыгуначныя вагоны. Чыноўнікі пераконвалі, што завод, які каштуе 160 мільёнаў долараў, зможа выпускаць 2,5 тысячы грузавых вагонаў і 2 тысячы танк-кантэйнераў за год. У 2011-м Еўразійскі банк развіцця выдаў крэдыт на 63,5 мільёна долараў пад гарантыю ўраду Беларусі.

Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод.
Фота: ovz.by

Будаўніцтва заводу скончылі ў 2013 годзе. Але заяўленай колькасці вагонаў завод ніколі не выпускаў. Ужо ў 2016 годзе Эканамічны суд распачаў вядзенне ў справе вагоннага заводу аб эканамічнай неплатаздольнасці. Такім чынам, меней чым 10-гадовая гісторыя прадпрыемства, якое, меркавалася, будзе прыбытковым, завяршылася банкруцтвам і стратамі. Генпракуратура ад імя Беларускай чыгункі звярнулася ў суд з пазовам да былых уладальнікаў і кіраўнікоў АВЗ. Пацярпелы бок патрабуе 23 мільёны еўраў і 16,2 мільёна рублёў. Страты цяпер мусіць кампенсаваць Мінфін, а значыць, беларускія падаткаплатнікі.

Беларускія ўлады абвінавацілі ў тым, што завод стаў банкрутам, топ-менеджараў, але да адказнасці ніхто з кіраўніцтва заводу не быў прыцягнуты.

Hавiны
143 дзяржаўныя банкруты. Каго цяпер ліквідуюць, каго рэанімуюць – ад «Мотавела» да піяніна «Беларусь»
2021.11.07 09:09

Калі зважаць, як прымаюць пастановы ў Беларусі, выпадак з Асіповіцкім заводам – класічная сітуацыя, распавядае ў размове з «Белсатам» Яраслаў Кот, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой. Загады паступаюць зверху, няма самастойнага прыняцця пастановаў і, адпаведна, адказнасці.

«Тут увогуле два віды праблемаў. Першае – некампетэнтныя кіраўнікі, якія не здольныя ацаніць і ўзгадняюць нейкімі карумпаванымі спосабамі розныя захады. А па-другое – гэта ўсё частка схемаў дзеля вывядзення грошай з бюджэту. Яны атрымліваюць датацыю на развіццё, грошы дзеляць і выводзяць», – кажа эканаміст.

Паводле эксперта, стварэнне вагонаў – гэта не бізнес накшталт харчовага. Рынак гэтай прадукцыяй даволі хутка напаўняецца і попыт на яе падае. Калі стварылі ды прадалі 2 тысячы вагонаў і яны працуюць – трэба шукаць новыя рынкі збыту. А ва ўмовах санкцыяў гэта стала складаным, кажа Яраслаў Кот. У краінах СНД няма інстытуту рэпутацыі, а існуе інстытут сувязяў, што ёсць карупцыяй. Увогуле, стварыць нескладана, а вось прадаць – гэта сапраўды праблема. Захоўванне на складах таксама патрабуе шмат сродкаў, часам лепей проста прадаць нават танней, чым захоўваць.

Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод.
Фота: ovz.by

Вінаватыя чыноўнікі, але да адказнасці іх не прыцягнулі

Суразмоўца «Белсату» кажа, што ў сітуацыі з прадпрыемствам віна цалкам на плячах чыноўнікаў, якія проста не мусілі прымаць удзелу ў такіх рэчах.

«Прычым тут чыноўнікі? Яны даюць гарантыі ад імя дзяржавы, але ў іх няма кампетэнцыі, няма экспертызы. Ніхто з іх ніколі не займаўся бізнесам, тым больш, у СНД дзяржаўныя структуры манапалізавалі чыгунку і ніхто фактычна ў СНД не ўяўляе, як працуе чыгуначны бізнес. На Захадзе існуюць прыватныя кампаніі, якія набываюць частку чыгункі, маюць свае ўчасткі і маршруты. Але гэта рынак і канкурэнцыя. У нас жа гэта проста пытанні чыноўнікаў, сувязяў, вывад сродкаў з бюджэту», – кажа Яраслаў Кот.

Эканаміст дадае, што чыноўнікі ўвогуле не мусяць удзельнічаць у такіх пастановах і не мусяць мець паўнамоцтваў узгаднення і выдавання гарантыяў пры стварэнні прадпрыемстваў.

«Калі ж яны распараджаюцца грашыма з бюджэту, дык на якой падставе яны не пытаюць у нас і даюць гарантыі? І гэта не толькі праблема чыноўнікаў, але і праблема сістэмы», – звяртае ўвагу эканаміст.

Яраслаў Кот зазначае: каб такое не паўтаралася – трэба дэцэнтралізаваць эканоміку. Трэба даць магчымасць менавіта мясцовым уладам прымаць пастановы, а ўлады, у сваю чаргу, мусяць выбірацца. Толькі тады яны будуць працаваць дзеля карысці людзей, у інтарэсах выбарнікаў. Цяпер жа, кажа Яраслаў Кот, чыноўнікі ў Беларусі не ўмеюць дапамагаць людзям. Яны выконваюць загады, спушчаныя зверху.

Аб’ектыў
Заводы выстаўляюцца на аўкцыёны
2023.04.05 22:36

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў