«На тое яна і прапаганда, каб запужваць». Дзяржаўнае ТБ апавяло пра пагрозу вайны ў Беларусі


У эфіры каналу «Беларусь 1» паказалі сюжэт аб «правакацыях на мяжы», аб Польшчы, якая чамусьці «ўсяляк спрабуе ўцягнуць Менск у канфлікт з NATO», і аб пагрозе трэцяй сусветнай вайны. Аналітык Вадзім Мажэйка назваў гэта «тыповым нагнятаннем атмасферы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Прапагандыст Сяргей Гусачэнка заявіў, што ў краінах Балтыі «па лясах бегае Беларускае вызваленчае войска – чарговая банда наймітаў, якую рыхтуюць да вайны з нашай краінаю; Польшча павялічвае вайсковую вытворчасць, трэнуе палкі экстрэмістаў, актыўна правакуе Беларусь на зямлі і ў паветры».

Паводле вядоўцы, «калектыўны Захад не хоча бачыць нашую краіну незалежнаю дзяржаваю», а «гібрыдная вайна, якую Еўропа вядзе супраць Беларусі і Расеі, можа прывесці да трэцяй сусветнай».

Рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» адзначыў, што не лічыць гэты сюжэт рыхтаваннем грамадскай думкі на непазбежнасці вайны:

«Беларусь нават у вайну Расеі супраць Украіны не спяшаецца глыбей пайсці, і чаго пачынаць вайну з краінамі NATO, якую Беларусь гарантавана прагуляе і ў выніку якой тэрыторыя Беларусі будзе разбураная, у чым ніхто ў Беларусі не зацікаўлены».

Эксперт адзначыў: прапаганда на тое і прапаганда, каб усіх запужваць і дэманстраваць, як навокал страшна.

«Гэта тыповае нагнятанне атмасферы пра тое, як “крыважэрны монстр NATO” клацае зубамі побач з Беларуссю. Гэта, здаецца, цытата Лукашэнкі ледзь не з 2000-х гадоў. Ён раней казаў, што NATO мілітарызуецца, што рыхтуюць нейкіх беларускіх апазіцыянераў-тэрарыстаў у суседніх краінах», – кажа Мажэйка.

Аналітык канстатаваў, што шмат якія страшылкі Лукашэнкі насамрэч ажыццяўляюцца: «За апошнія гады, з пачаткам вайны ва Украіне, шмат якія прапагандысцкія штампы Лукашэнкі пачалі атрымліваць рэальную глебу пад нагамі. Лукашэнка распавядаў, як NATO мілітарызуецца – сапраўды, зараз што Польшча, што краіны Балтыі мілітарызуюцца, але ж прапаганда не тлумачыць чаму».

Альянс заварушыўся пасля анексіі Крыму, а потым – і з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Краіны-чальцы пачалі выдаткоўваць больш грошай на абарону, да арганізацыі далучыліся Фінляндыя і Швецыя, NATO ўмацоўвае ўсходні фланг на мяжы з Расеяй і Беларуссю ў адказ на агрэсію Крамля.

Аналітыка
Ад прастытутак да трэцяй сусветнай вайны. Як мяняліся страшылкі Лукашэнкі цягам 30 гадоў
2024.02.22 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў