Рада Еўразвязу выступіла ў падтрымку памкненняў беларускага народу да свабоды і дэмакратыі


19 лютага ў Радзе Еўразвязу прынялі дакумент, у якім былі зацверджаныя высновы, што пацвярджаюць непахісную падтрымку Радай імкнення беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы. У офісе Святланы Ціханоўскай усцешаныя прыняццем такога дакументу.

Здымак, разам з якім апублікаваны прыняты дакумент на сайце Рады Еўразвязу.
Фота: consilium.europa.eu

«Беларусь па-ранейшаму займае важнае месца ў парадку дня ЕЗ. Мы асуджаем бессэнсоўнае парушэнне правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій напярэдадні маючых адбыцца выбараў. Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці. Мы салідарныя з беларускім народам і па-ранейшаму поўныя рашучасці мабілізаваць усе інструменты для падтрымкі яго імкнення да міру і дэмакратыі», – адзначыў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Барэль.

У сваіх заключэннях Рада Еўразвязу выразіла глыбокую заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і асудзіла кампаніі па пераследу і запалохванні, што працягваюцца супраць усіх слаёў беларускага грамадства, беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій і абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, якія падрываюць патэнцыял для забеспячэння справядлівасці і легітымнасці парламенцкіх і мясцовых выбараў, прызначаных на 25 лютага 2024 года.

У дакуменце таксама адзначаецца глыбокая занепакоенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, і пацвярджаецца прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню беларускай мовы і культуры.

Рада Еўразвязу выступіла з асуджэннем той падтрымкі, якую працягвае аказваць беларускі рэжым Расеі падчас агрэсіўнай вайны супраць Украіны, і заклікала Беларусь устрымлівацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя абавязкі.

У дакуменце таксама было агучана асуджэнне гібрыдных атак рэжыму на знешнія межы ЕЗ, у тым ліку выкарыстання мігрантаў у якасці інструменту.

Еўрапейская Рада падкрэсліла сваю гатовасць уводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, пакуль «беларускія ўлады працягваюць свае дзеянні».

У заключэннях Рада Еўразвязу падкрэсліла сваю падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама вітала стварэнне Кансультатыўнай групы ЕЗ з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

У дакуменце таксама нагадваецца пра абавязак, які ўзяў на сябе Еўразвяз, аб наданні падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 мільярдаў еўраў для набліжэння дэмакратычных рэформаў, павышэння ўстойлівасці і ўзроўню жыцця людзей.

«У будучай дэмакратычнай Беларусі ёсць месца ў еўрапейскай сям’і», – адзначаецца ў дакуменце.

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка вельмі станоўча ацаніў прыняты Радай Еўразвязу дакумент. На ягоную думку, ён «будзе асновай для палітыкі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі».

«Гэта добрая навіна для нас – гэта значыць, што Беларусь застанецца на парадку дня. ЕЗ працягне прынцыповую і паслядоўную палітыку па ізаляцыі Лукашэнкі і падтрымцы беларускага народу. У рашэнні Еўрапейскай рады ўлічаныя нашыя прапановы і рэкамендацыі», – адзначыў Франак Вячорка.

Таксама старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай адзначыў, што ў дакуменце ёсць важны акцэнт пра еўрапейскую будучыню Беларусі – «тое, пра што мы пастаянна гаворым».

«Гэта значыць, беларусы ў будучыні змогуць прэтэндаваць на фінансавую падтрымку ад ЕЗ і патэнцыйна сяброўства ў Еўразвязе. ЕЗ працягне супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі, а не рэжымам», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў