У базу няробцаў не залучаюць беларусаў, якія пацвердзілі дакументальна, што працуюць у краінах Еўразійскага эканамічнага саюзу. Такое тлумачэнне дае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Адпаведна, калі вы жывяце і працуеце ў Арменіі, Казахстане, Кыргызстане, Расеі, то на падставе копіі працоўнай дамовы (кантракту), копіі пасведчання, дазволу, ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай (натарыяльнай) дзейнасці, копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць факт працоўнай дзейнасці, камісіі фармавання спісаў дармаедаў не залучаюць вас у базу звестак працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы. Праца ў любой іншай краіне – Польшчы, Літве ды іншых – не ратуе ад праблемаў з пацвярджэннем занятасці, піша «Экономическая газета».
Дакументы аб працы ў краіне ЕАЭС неабходна перавесці на расейскую або беларускую мову. Прычым пераклад павінен быць афіцыйна завераны арганізацыяй, надзеленай правам пацвярджаць правільнасць перакладу дакументу згодна з заканадаўствам краіны, на тэрыторыі якой ажыццяўляецца пераклад:
– натарыяльна;
– апастылем;
– іншай, існай у краіне ЕАЭС, формаю запэўнення афіцыйнага перакладу дакументаў.
Перадаць дакументы ў камісію можна:
– электроннаю поштаю,
– паштоваю сувяззю,
– пры асабістым звароце.
Інфармацыя пра месца перабывання, паштовы адрас і адрас электроннай пошты стала дзейных камісіяў для каардынацыі працы ў спрыянні занятасці насельніцтва размешчаная на афіцыйных сайтах раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах.
Спісы працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, аплочваюць паслугі паводле цэнаў (тарыфаў), якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затратаў на іх наданне, фармуюцца штоквартальна.
З улікам тэрмінаў фармавання такіх спісаў, камісіі рэкамендуюць падаваць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць:
– да 21 красавіка,
– да 21 ліпеня,
– да 21 кастрычніка,
– да 21 студзеня.
Перыяд, на працягу якога беларуса не залучаюць у спіс дармаедаў, вызначае камісія на падставе атрыманых дакументаў.
Грамадзяне-дармаеды аплочваюць паводле поўных тарыфаў наступныя камунальныя паслугі:
– гарачае водазабеспячэнне;
– газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў;
– ацяпленне.
Аплочваць ЖКП цалкам абавязаны толькі незанятыя, якія ёсць платнікамі ЖКП – уласнік, наймальнік, арандатар, лізінгаатрымальнік або забудоўнік (дольнік) дому або кватэры. Калі незаняты толькі сямейнік платніка ЖКП, гэтая сямʼя не будзе плаціць поўнага кошту паслуг. Адпаведныя нормы прапісаныя пастановаю Савету Міністраў за 12.06.2014 № 571.
СП, belsat.eu