У Беларусі бальшыню галасоў на польскіх выбарах атрымала кіроўная партыя


Дзяржаўны выбаркам Польшчы абнародаваў вынікі галасавання польскіх грамадзянаў за мяжою. У Беларусі кіроўную партыю «Закон і справядлівасць» выбралі 36,36 %, і гэта самы вялікі паказнік сярод усіх замежных участкаў.

Парламенцкія выбары адбыліся ў Польшчы 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Krzysztof Kaniewski / Zuma Press / Forum

У Беларусі палякі галасавалі ў амбасадзе ў Менску. Сапраўднымі прызнаныя 88 бюлетэняў.

Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» набрала 36,36 %, Грамадзянская кааліцыя – 30,68 %, правацэнтрысцкая кааліцыя «Трэцяя дарога – 11,36 %, ультраправая «Канфедэрацыя» – 10,23 %, «Новыя левыя» – 9,09 %.

Акрамя Беларусі, партыя «Закон і справядлівасць» атрымала больш за ўсё галасоў у Косаве (34,21 %), у Малдове (28,74 %), Босніі і Герцагавіне (23,74 %) і Літве (21,11 %).

Апазіцыйная Грамадзянская кааліцыя аказалася найпапулярнейшай у Люксембургу (53,28 %), на Кіпры (53,01 %), у Іспаніі (51,43 %), Турцыі (51 %) і Сербіі (50,27 %).

Як паведамляў раней «Белсат», кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» хаця і атрымала на выбарах бальшыню галасоў, страціла бальшыню ў польскім парламенце. Калі апазіцыя (Грамадзянская кааліцыя, «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя») дамовіцца паміж сабою, яна зможа стварыць кааліцыю і сфармаваць урад.

Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
2023.10.16 16:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў