У Рэчыцы мужчына падпаліў сваю машыну і не даваў ратаўнікам яе тушыць


У Рэчыцы мужчына сам узарваў свой аўтамабіль, а потым кідаўся з небяспечным прадметам на пажарнікаў і перашкаджаў ім тушыць машыну. Пра гэты выпадак паведамляе старонка «ЧП Гомель» у «Вконтакте».

Мужчына падпаліў свой аўтамабіль у Рэчыцы. Скрыншот з відэа: ЧП Гомель / Вконтакте

Жыхары аднаго з дамоў на вуліцы Маладзёжнай прачнуліся ад моцнага выбуху а 23:45. Калі яны выйшлі надвор, то ўбачылі на паркоўцы аўтамабіль у агні, а побач з ім гаспадара аўта. Ён адкаціў на газон падпаленую машыну, але далёка ад яе не адыходзіў.

Калі ж на месца прыехалі ратаўнікі, каб тушыць пажар, мужчына не падпускаў іх блізка, трымаючы ў руках нешта падобнае да нажа. Гаспадара аўтамабіля давялося паліць вадою з пажарнага шланга, а пасля яго перадалі міліцыі.

Мяркуючы паводле паводзінаў мужчыны, свой аўтамабіль ён з нейкай прычыны падпаліў сам. Прычына такіх неадэкватных паводзінаў высвятляецца.

Мужчына падпаліў свой аўтамабіль у Рэчыцы. Скрыншот з відэа: ЧП Гомель / Вконтакте

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў